Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Скварышаў хадзі? А дзе, што Скварышаў? — мякчэе Папоў.
— Яны-то ўкацілі. Паспелі, — кажа Крывёнак. Затым ён бярэ свой доўгі эсэсаўскі кінжал, на якім цьмянай гравіроўкай паблісквае «Дойчлянд юбер алес», і пачынае выціраць яго аб зямлю. На лязы і на рукаятцы свежая кроў, і я раптам здагадваюся, дзе ён быў і дзе ўзяў стужку.
— Што, на дарогу хадзіў?
— Дзе хадзіў — там няма. Што вам? — ваўкавата адказвае Крывёнак.
— А гэта? — ківаю я на кінжал. Крывёнак усаджвае яго ў чорныя лакавыя похвы і неяк выпрабавальна пазірае на мяне.
— Ну і што? — нервова кідае ён. — І буду! Рэзаць, біць, душыць сабак, да апошняга! — Пасля ваўкавата дадае: — Вунь пяхота пайшла, бачылі?
— Як пайшла? Куды пайшла?
Папоў няўцямна міргае вачмі і прыўзнімаецца на каленях. З раптоўна апалай надзеяй я таксама выглядваю над брустверам. Бачна, як удалечыні па пагорку ўніз брыдуць рэдкія купкі людзей. Заднія нясуць ПТР, нехта валачэ станковы кулямёт, яны пераходзяць адкрытае месца і па адным хаваюцца ў ходзе зносін, што вядзе ў тыл. У першай траншэі ўжо не відаць нікога.
— Ай-яй! — заклапочана кажа Папоў і змаўкае. Гаварыць болей няма чаго, мы і без слоў добра разумеем, што сталася.
— Ой, як нядобра! Гітлер скора-скора ідзі. Давай зямля капай, зямля-матушка хавай…
Мы адчуваем — з кожнай хвілінай наша становішча горшае. Толькі цяпер нічога не зробіш, цяпер трэба чакаць Лёшку або шчаслівага выпадку і рыхтавацца да бою.
Папоў застаецца на агнявой ля гарматы, а мы з Крывёнкам лезем у акоп. Акопчык наш памялеў, бруствер разбіты, наўкола густыя воспіны мінных варонак, трава скрозь шэрая ад пылу і зямлі. Крывёнак бярэ рыдлёўку са зламаным чаранком, я — абдзёртую каску Папова з парваным раменьчыкам, і мы пачынаем паглыбляць акоп.
Пот, перамешаны з пылам, тлуста блішчыць на нашых тварах. Сонца, здаецца, ужо хіліцца на адвячорак, але паліць бязлітасна. Трошкі павявае вецер, ды яго так мала, і так хочацца піць. Галава тлумная, няма ніякага жадання ні пра што дбаць, ні думаць, — нейкая знясільваючая цягучая стома смалой налівае цела.
Я выграбаю з акопа камякастую, з травою, зямлю, наваленую выбухамі, і высыпаю яе на бруствер. Крывёнак капае побач, у трох кроках ад мяне. Ён якісь невядомы мне сёння, знікла яго простая, стрыманая таварыскасць, здаецца, за ўвесь дзень хлопец не сказаў ніводнага добрага слова, толькі ўвачавідкі худзее і чарнее з пакалечанага свайго твару. Мне робіцца няёмка ад гэтае яго недарэчнае ваўкаватасці.
— Слухай, — ціха кажу я. — Ты прадчуваеш, што нам будзе?
Ён на секунду пазірае на мяне чужым позіркам сцюдзёных вачэй і ўсё імпэтна шпурляе на бруствер зямлю.
— Ты чуеш?
— Ну і чорт з намі! — кідае Крывёнак.
Я ўглядаюся ў хлопца, выгляд у яго незайздросны, сапраўды, лепей не лезці да яго з размовамі. Але чаго гэта ён такі злосны на мяне сёння, хіба я чым-небудзь пакрыўдзіў яго? Я трохі часу думаю, пазіраючы на сябра, і адна здагадка з’яўляецца ў маёй галаве.
— Слухай, Крывёнак! Чаго ты злуешся?
— А табе што? — падымае ён неласкавы позірк.
— Не, усё ж скажы.
Крывёнак з ярасцю выкідвае цераз голаў поўныя рыдлёўкі зямлі і зморана дыхае. Але я чакаю, і раптам ён выпростваецца.
— Сам ведаеш! Чаго на Задарожнага кідаўся? Люсіна чэсць заела? Ага?
Дык вось што! Цяпер ужо знікае загадка, цяпер мне ўсё зразумела. Гэта крыху бянтэжыць мяне, але што я магу сказаць яму? Схлусіць, што Люся тут ні пры чым, — у мяне не паварочваецца язык, а сказаць праўду я не хачу.
— Ты вось пра што! Цяпер зразумела…
Крывёнак маўчыць, у мяне таксама прападае ахвота да гутаркі, і я налягаю на працу.
У канцы акопчыка вытыркаецца з зямлі нейкі пакамечаны рукаў, я цягну яго — аказваецца, гэта бушлат Жаўтыха. Дзіўнае ўражанне заўжды робяць на мяне рэчы забітых. Бушлат гэты старэнькі, густа запэцканы змазкай і яшчэ веснавой гразёю, адзін пагон у яго адарваны, а на другім чырванее роўненькая палоска сяржанцкай нашыўкі. Я памятаю, як Жаўтых прышываў яе аднойчы ўранку, у яго не было тады ніткі, і я даў яму сваю іголку. І цяпер мне чамусьці здаецца: навошта гэта?
Усе дробязныя клопаты жывых цяпер выглядаюць нейкімі вельмі нязначнымі і недарэчна марнымі перад бязмерна магутнаю з’яваю смерці. І невядома, чаму нават тут, на вайне, дзе яна як ніколі ўрадлівая, людзі паводзяць сябе, як заўсёды, з усімі ўласцівымі ім заганамі — сябелюбствам, хцівасцю, кар’ерызмам, сварлівасцю. Ці на самай справе яны ўпэўнены ў сваёй даўгавечнасці, ці мо проста не хочуць зважаць на нешта галоўнае, адзіна важнае і дужа неабходнае ў жыцці, якое нельга забыць і на хвіліну?