Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 241
Перейти на страницу:

Здаецца, я пачынаю адчуваць у сабе сталую нянавісць да яе. Ужо калі б давялося выжыць, я сказаў бы ёй аб гэтым, цяпер я не пасаромеўся б, — вялікая злосць да гэтай незразумелай дзяўчыны пачынае перасільваць ва мне ўсе мае ранейшыя шчырыя пачуцці да яе.

— Лазняк! — раптам устрывожана гукае Папоў. Я мігам пераадольваю тлумную дрымотную знямогу і выскокваю са сховішча. Наводчык няўцямна азіраецца на станіне, а цераз бруствер да нас пералазіць незнаёмы салдат, які немаведама адкуль узяўся тут і незаўважаны падышоў да агнявой.

— Адваюваўся! — кажа ён нейкім недарэчна бесклапотным голасам, быццам мы дзе-небудзь на занятках у тыле. І тут мы з Паповым насцярожваемся і моўчкі ўзіраемся ў яго збялелы васпаваты твар, на якім у незразумелым дзікаватым выразе застылі яго нейкія п’яныя вочы. Але самае горшае нават не ў вачах. Праваю рукой салдат заціскае левую, якая, нібы бранзалетам ад гадзінніка, перавязана вузенькай брызентавай дзяжкай, і ад самай гэтай перавязкі на нейкім ашмотку скуры вісіць зусім адбітая, скрываўленая, з растапыранымі пальцамі кісць.

— Ой, хлопці, адваюваўся, так рады! У каго е ножік? — пытаецца салдат і сядае акрай пляцоўкі. Мы ўзіраемся ў яго збялелы твар, на якім па-ранейшаму не здрыганецца ніводзін мускул. Гэты яго спакой здзіўляе і бянтэжыць нас, я кідаюся да нашых нябожчыкаў, дастаю з камандзіравай кішэні ягоны ножык і вяртаюся наверх.

— Ой, ой! — кажа Папоў. — І не баліць?

— Адстаў, — неўпапад адказвае салдат. — Всі пабіглы, а мэнэ як вдарыць! Ачнуўся, гляджу, параніты…

— Ты што, не чуеш? — крычу я ў самы ягоны твар. У засяроджаных салдатавых вачах адбіваецца кароценькае намаганне ўчуць і зразумець пытанне.

— З шістой роты я, — глухавата адказвае ён. — Панасюк. Тэпэрыча дадому пійду. На, адріж, хлопэц.

Пераадольваючы гідлівасць, з нейкім недаверам да яго розуму, я пераразаю шкуматок скуры, кісць назаўжды аддзяляецца ад рукі, салдат бярэ яе за ўказальны палец і неяк беражліва кладзе ў ямку пад бруствер.

— Пахаваты трэба. Стількі парабіла. А бінтэц е? — зноў пытаецца ён без ніякага ценю болю. — Тэпэр полечусь і — у Іванівку. А рука не лыха. Спецыяльнасць у мэнэ — пчаляр, і аднаруч упраўлюся.

Кроў з перабітай рукі амаль што не ідзе, відаць, раменьчык добра пераціснуў яе, толькі некалькі кропель падаюць на запыленыя салдатавы чаравікі. Але ўсё ж трэба перавязаць, ды ў нас няма чым.

— Дай гімнасцёрку, — тузаю я ягоны падол, аднак салдат ухіляецца.

— Ну, скажэш: вона ж нова. Тількі ў травэні атрымлівалі. Ты спідняй адірві.

Мы пазіраем на яго са здзіўленнем, а салдат, сапраўды не адчуваючы, відаць, ні болю, ні страху, паварочваецца да мяне бокам, і я шкуматаю кавалак ад яго нацельнай сарочкі. Затым як-колечы абкручваю яго руку.

— Адваюваўся! — радасна паведамляе ён і заклапочана дадае: — От тількі медаль згубыв, — і варушыць напаказ грудзьмі. Сапраўды над кішэньчыкам тырчыць коса прышпіленая шэрая стужка медаля «За адвагу» — самога медаля няма. — Тэпэрыча не с чым і додому показатыся.

Мы маўчым, чакаем, што будзе далей.

— Ну от гарно, — кажа ён, калі я закончваю перавязку, і ямчэй месціцца над невысокім брустверам. — Спічну трохі і пійду.

— Там жа немцы. Куды ты пойдзеш?! — крычу я яму ў вуха.

— Га? Вінніцкі я. А вы звідкіля?

— Табе што, не баліць? — пытаюся я. Але Панасюк, відаць, зусім аглухлы, ён толькі пазірае на мяне і неяк знямогла прыкрывае свае рудыя з сінню павекі. Я зноў пераглядваюся з Паповым — наводчык пільна глядзіць на нашага нечаканага госця і, пэўна, таксама нічога зразумець не можа. Мне дзіўна, як гэты салдат не адчувае болю, гэта ж, пэўна, так страшна балюча, а ён нават не паморшчыцца, разважае пра дом, толькі выгляд яго нейкі дужа не адпаведны яго нетутэйшаму настрою.

Шмат загадак ледзь не кожнага дня выстаўляе вайна, і хоць даўно ўжо не навічок я на ёй, але ўсё ж часцяком ніяк не магу зразумець загадкава-супярэчлівую сутнасць многіх яе незвычайных з’яў.

1 ... 142 143 144 145 146 147 148 149 150 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)