Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 149 150 151 152 153 154 155 156 157 ... 241
Перейти на страницу:

— Лазняк, помні трэба. Жаўтых пагібай — помні! Лук’ян пагібай — помні! Салдат пагібай — помні! Глядзі — усё помні! Трэба век помні.

Ён адварочваецца, выцірае твар рукавом і дадае сцішана:

— Гармата памірал. Аўтамат бяры, гранат бяры. Нож бяры.

Так, дайшла чарга да аўтаматаў, нажоў і гранат — я гэта адчуваю. Гарматка паслужыла нам, і нямала, але ўсё ж скончылася і яе служба.

Я спаўзаю з пляцоўкі ў сховішча, там выпростваюся. Люся нешта нахіляецца над Лук’янавым, збоч ляжыць яе аўтамат, — я бяруся за кожух — гарачы. Не, гэта не ад сонца — гэта яна страляла, а мы ў грукаце і громе нават і не заўважылі таго. Я вымаю дыск, патроны ў ім яшчэ ёсць, але няшмат, — дыск лёгкі. Аўтамат гэты Жаўтыха, я пазнаю яго па ладнай скураной почапцы ад нямецкага карабіна. Затым я пачынаю збіраць патроны — з магазінаў, з падсумкаў, з кішэняў забітых набіраецца на якія дыскі два — не болей. Гэта небагата. Праўда, у нішы ў акопе павінна быць яшчэ, там жа мы некалі хавалі гранаты. Тым і будзем біцца.

Я сонна накладваю ў магазін аўтаматныя патроны, іх трэба настаўляць там роўненька, але пальцы не слухаюць, і патроны рассыпаюцца ў пазах. Гэта нервуе, ды і стома настойліва робіць сваю справу. У час бою неяк лягчэй было ўтрымліваць сябе ў напружанні, цяпер жа воля расслаблена, слабеюць мускулы. З нейкаю тупою злосцю ў думках я лаю патроны, канструктараў гэтага няспрытнага для снараджэння магазіна і нават камбатаў дазвол, які не прынёс нам паратунку. Затым паглядаю на адкінутую Жаўтухову руку, — гадзіннічак усё цікае, чырвоная стрэлачка рупна бяжыць па чорным цыферблаце — хутка пяць. Толькі яшчэ пяць гадзін, а здаецца, зранку перажыта цэлая вечнасць, цэлая эпоха, за якую вось пагінулі людзі, а жывыя напакутаваліся, перадумалі, перажылі столькі, што іншым хапіла б на ўвесь век.

Але ўсё ж сама па сабе жыве ва мне і ціхая радасць, і я ведаю — гэта Люся. Я адчуваю яе тут, калі і не бачу, чую яе дыханне, кожны яе рух, яе прысутнасць неяк надае сэнс усёй гэтай нашай безнадзейнай і, можа, не дужа патрэбнай бойцы. Толькі я баюся, ці ўберажом мы яе да канца? Люся ўсё корпаецца над Лук’янавым, адшпільвае ад пояса біклагу і падносіць да ягоных вуснаў. Вада ліецца па запыленай шыі, сцякае на дол, але вось Лук’янаў ціхенька грэбае рукой па зямлі і, абапёршыся на локаць, спрабуе ўстаць. Засмяглыя вусны яго шэпчуць:

— Я зараз… Зараз…

— Не трэба. Ляжы. Яшчэ на вады, — кажа да яго Люся і нахіляе біклагу. Лук’янаў яшчэ п’е, кадык на яго худой шыі сутаргава скача ўгору-ўніз, і салдат падымае ссінелыя павекі.

— Дзякуй, — ціха кажа ён ужо апрытомнелым голасам. Затым занепакоена азірае бруствер, неба і аслабела пытаецца: — Дзе немцы?

— Ляжы, ляжы, — лагодна супакойвае яго Люся. — Усё добра, ляжы. Не трэба пра немцаў.

Відаць, гэта насцярожвае Лук’янава, вочы яго засяроджваюцца ў сабе, робяцца пільнымі, і ён пераводзіць позірк на сцяну сховішча.

— Мы не ў санчасці? Не?

— Маўчыце. Будзеце размаўляць — горш будзе, — бы малому, растлумачвае Люся. Лук’янаў неяк супакоена апускае павекі, закусвае вусны і з насцярожанай развагай пытаецца:

— Здаецца, я памру? Так?

— Ну што вы? — здзіўляецца Люся. — Навошта так думаць! Вось адаб’ёмся, і возьмуць вас у шпіталь, і ўсё добра будзе.

— Адаб’ёмся! — шэпча Лук’янаў, кусае вусны і зноў спрабуе ўстаць.

Люся далікатна, але настойліва кладзе яго на лапаткі. Раптам нейкім чужым натужаным голасам ён патрабуе:

— Дзе мой аўтамат! Дайце аўтамат!

— Ну ляжыце ж! Што вы такі неспакойны! — угаворвае Люся.

Я снараджаю патронамі тры аўтаматныя дыскі, трэба яшчэ споўзаць па той бок пляцоўкі ў акоп, каб пашукаць якія запасы. Наверсе, здаецца, пацішэла, грукоча і бахае далёка за вёскай, а тут толькі там-сям кахаюць і рэхам раскочваюцца ў небе вінтовачныя стрэлы. Папоў з-за кола назірае за полем.

Я перапаўзаю пляцоўку і звальваюся ў акоп, у якім адзінока сядзіць Крывёнак. Ён кідае на мяне не дужа прыязны позірк і падкурчвае пад сябе ногі.

— Лук’янаў апрытомнеў, — кажу я. — Жывы. А ты ўсё злуешся?

Крывёнак сцінаецца, туліцца і нічым не рэагуе на маё пытанне. Гэта ўрэшце злуе і мяне — знайшоў яшчэ час паказваць характар, калі тут усё наша жыццё ледзьве ліпее на адным валаску.

1 ... 149 150 151 152 153 154 155 156 157 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)