Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Наводчык прыўзнімае салдатаву галаву, і па мне слізгае яго застыглы нерухомы позірк. У прыплюшчаных вачах — ніводнае рэшткі жыцця.
— Што гэта? — дзіўлюся я. — Што з ім?
Папоў яшчэ крыху трасе-варушыць ягоныя плечы. Я падскокваю да пехацінца.
— Забіла, га? Дык не стралялі ж…
— Памірал, — кажа Папоў без вялікага здзіўлення. — Даўно памірал.
Ён асцярожна кладзе Панасюка бокам на дол, здаровая рука па-ранейшаму трымае перабітую, бы ў ёй яшчэ захаваўся боль. Вось табе і адваяваўся, прыпамінаю я нядаўнюю яго гаворку. Толькі заспакойваў сябе: аднаруч упраўлюся, спецыяльнасць ёсць, не прападу.
Гэтая смерць невядомага, ніколі раней не бачанага мною чалавека чамусьці не меней, чым пагібель камандзіра, узрушвае мяне. Колькі часу я ўсё гляджу і гляджу на яго адранцвелае цела — думаецца, як недарэчна на вайне ладзіць нейкія свае планы, нешта задумваць, пра штось дбаць, калі навокал так густа буяе смерць. Праўда, хіба спыніш думкі, хіба засцеражэшся ад жадання, хіба закапаеш у зямлю свае мары? Вось такая цяжкая і, можа, нават недарэчная на вайне з’ява — каханне, а не выходзіць з галавы Люся, і ўсё думаецца: а раптам яна не паспела адысці, трапіла да немцаў, а можа, яе забіла, — ад гэтага становіцца жахліва, хочацца кінуць усё і бегчы туды, дзе наша санчасць, можа, яе трэба ратаваць. І тут у думкі зноў умешваецца нейкі чужы здзеклівы голас, ён кажа: «Раней трэ было дбаць пра гэта, цяпер там з ёй Лёшка, ён і паратуе».
Недарэчна ўсё гэта, пакутна і нязбыўна. Відаць, ужо так уладкавана жыццё, што пакуль чалавек жывы, ён адчувае і клапоціцца, нібы яму жыць доўгія гады. У тым яго жыццёвая прывычка, навык пакаленняў. Зноў жа — на фоне вечнасці ці вялікая ўжо розніца паміж некалькімі дзесяткамі год чалавечага веку і тымі хвілінамі, што аддзяляюць цяперашняе імгненне ад апошняга ў жыцці байца на вайне?
Прыгнуўшыся, я бяру нежывога Панасюка пад пахі і адцягваю ў сховішча. Яно занадта шырокае для двух, і я кладу да іх трэцяга. Лук’янаў ужо не варушыцца, не пазірае, можа, памёр? І я думаю, хто будзе наступны? Ці, можа, мы пагінем адразу і ўжо не будзе каму прыбраць нас з агнявой у якое-ніякое прыстанішча?..
У гэты час абодва мы заўважаем, што не чутна стала Крывёнка. Трафейны няўклюдны кулямёт яго стаіць, дзе стаяў на брустверы, а кулямётчыка нідзе не відаць. Папоў зазірае ў акоп, але і там нікога няма. Дзіўная справа! Мы пераглядваемся з наводчыкам, і ён падазрона ўзіраецца ў варожы бок.
— Да Гітлер хадзі? — пытаецца Папоў і з наіўнаю трывогай у вачах глядзіць на мяне.
— Глупства, — кажу я. — Нікуды ён не пойдзе.
Да немцаў ён не пойдзе, але тады куды ён прапаў? Хоць бы сказаў ці даў які знак, а то знік, і цяпер думай, непакойся за гэтага зацятага, нязладнага чалавека.
Мы сядзім за гарматай — Папоў на адной станіне, я на другой — і ўслухоўваемся ў прыглушанае грымоцце бою за вёскай. Папоў нешта змрачнее, задумваецца і нават не пазірае на дарогу, на якой дагараюць машыны. Іншыя падаліся кудысь назад і далей, у аб’езд міннага поля.
Раптам наводчык ляпае сябе па сцягне.
— Ой, дурны Папоў! Ой, дурны! Нашто паслал Лошка? Нашто?
— А чаму? Што такое? — пытаюся я.
— Ой, Лошка хітры! Лошка не хадзі! Кідай Лошка!
Агідная самота ўпаўзае ў маё нутро. Упэўненасць, з якою кажа гэтыя словы Папоў, дзейнічае, як гіпноз. І мне таксама робіцца ясна і зразумела, што назад Задарожны не прыйдзе — не затым ён пайшоў. Тут нейкая была яго хітрасць, якой ён дамогся, і мы засталіся ў дурнях. І ўсё ж не хочацца верыць у тое, я адганяю благія прадчуванні: усё ж ён свой чалавек, не вораг, як гэта ён можа кінуць нас тут? Хочацца як-небудзь супакоіць Папова, і я кажу:
— Нічога. Можа, усё ж прыйдзе.
— Снарад мала — дрэнна. Лошка не хадзі — дрэнна. Крывёнак прапал — дрэнна. Тры мала дрэнна — адын балшой дрэнна.
Крывёнак, аднак, неўзабаве з’яўляецца.
Спярша аднекуль з-за бруствера цяжка грукае на агнявую зачыненая скрынка са снарадамі. Мы падхопліваемся, але зараз жа з суседняй варонкі перакульваецца сюды і Крывёнак. Гімнасцёрка ў яго выбілася з-пад дзягі, штаны і грудзі скрозь у зямлі, увесь ён мурзаты ад пылу. Адною рукой хлопец валачэ за сабой маток металічных нямецкіх стужак, у другой трымае за рукаятку шырокі блішчасты кінжал.
— Дзе, чаму хадзі? Нашто маўчы? Чаму дрэнна рабі? — адразу накідваецца на яго Папоў. Крывёнак аддыхваецца, прыўстае на каленях і пачынае запіхваць у штаны падол гімнасцёркі. Яго сур’ёзныя вочы з нейкім нямым дакорам коратка пазіраюць у твар наводчыку.
— Вось, — ківае ён на снарады. — На Скварышавай агнявой узяў. І патроны.