Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
— Ой, хлопчыкі! Хлопчыкі!.. — хоча сказаць яна нешта, але яшчэ задыхаецца ад стомы.
— Луся, вада трэба, — кажа Папоў, стоячы перад ёй на каленях. — Няма вада… — ён бездапаможна аблізвае тоўстыя засмяглыя вусны.
Яна паступова адыходзіць ад стомы, раўнее яе дыханне, дзяўчына пазірае на нас, бы шукаючы каго, і позірк яе падае на раскіданыя ногі нябожчыкаў. Трывожная засмучанасць ураз гасіць усё ранейшае ўзбуджэнне на яе твары.
— Хто гэта?
— Адзін пехацінец, — кажу я. — А там камандзір і Лук’янаў.
— Камандзір?
— Камандыр, Луся, камандыр, — уздыхае Папоў.
Мы чакаем, што яна скажа нам, я трошкі супакойваюся ўжо ад трывог за яе, мяне цяпер пачынаюць трывожыць немцы, што абыходзяць нас з двух бакоў. Але Люся, наморшчыўшы пераноссе, журботна ўглядаецца ў забітых і маўчыць. Тады Папоў пытаецца:
— Задарожны прападал?
Яна абуджаецца са змярцвення, уздыхае, падкурчвае пад сябе ногі, папраўляе кароценькую спаднічку на абдзёртых да крыві каленьках і тлумачыць:
— Задарожны паранены. У руку. Прыйшоў у санроту перавязвацца, кажа: да хлопцаў бег, не дабег. Ды куды яму, параненаму! Ну, то я і пабегла.
Штосьці нядобрае ўстрывожвае мяне.
— Што, здорава паранены?
— Ат, драпіна, — махае рукой Люся і прыкусвае губу.
— А нашто вам трэ было бегчы? — ваўкавата пытаюся я ў дзяўчыны.
— Дазвол вам прынесла, — кажа яна. — Сказаў камбат расстраляць снарады і прабівацца. Там дужа цяжка. Танкі сорак чацвёрты полк акружылі. Гаўбічнікі ўсе загінулі. Цяпер самаходчыкі б’юцца.
Я не слухаю ўжо апошніх яе слоў — сэнс новага загаду панылаю млоснасцю распаўзаецца ў целе. Куды ж тут праб’ешся цяпер, каб хоць гадзіну раней! Папоў, расшырыўшы свае вузкія, з прыпухлымі павекамі вочы, нейкі час няўцямна пазірае на Люсю, а затым злосна плюе ў пясок.
— Позна! Нашто бегла? Дарма бегла! Там Гітлер, там Гітлер, там Гітлер, — тыцкае ён у бакі. Затым, змаркатнелы, адварочваецца, прыціскае да грудзей перавязаную руку, і грымаса пакуты з’яўляецца на яго твары.
— Ладна, Папоў, не злуйцеся, — уздыхае Люся. — Вы ж мае родныя хлопчыкі. Давайце вашу руку, пагляджу, што там.
Папоў адмахваецца ад яе, адводзіць руку, ёрзае на каленях. У вачах яго — клопат, але рука напэўна ўсё ж баліць, і неўзабаве ён працягвае ёй сваю «ляльку». Люся расшпільвае сумку, хуткімі трапяткімі пальцамі нешта перабірае там і дастае бінт з ёдам.
У той час з-за пляцоўкі, з акопа, доўгай чаргой грукае кулямёт Крывёнка. Папоў вырывае ў Люсі так і не разбінтаваную руку і, прыгнуўшыся, грабецца да гарматы. Я бяру аўтамат і лезу за ім.
Ну, вядома ж, на нас ужо ідуць немцы. Са сланечніку іх высыпае ў поле чалавек з дваццаць, яны на хаду, не цэлячыся, пачынаюць лупіць з аўтаматаў. Кулі сцябаюць бруствер, цокаюць па метале гарматы, джагаюць у паветры над агнявой. З другога боку — з пехацінскай траншэі, таксама выскокваюць і бягуць сюды.
Вось яно, здаецца, пачынаецца самае горшае. І Люся!.. Трэба ж было ёй улезці ў гэтую пастку, бегчы сюды — дурное дзяўчо! Якога д’ябла сунулася сюды па сваёй ахвоце? Цяпер вось прападзе нізашто…
Крывёнак дробна калоціцца за кулямётам, і той шалёна пырскае наўкола гарачымі гільзамі. Папоў цэліцца ў тых, што бягуць ад траншэі. Я з гільзаю ў руках курчуся між станін і, напяўшыся ўсім целам, чакаю першага стрэлу. Але Папоў марудзіць, і я ведаю: ён падпускае бліжэй, — блізка ўжо ім паратунку не будзе. Добра, што Крывёнак прывалок яшчэ скрынку, бо карцечы ў нас засталося толькі сем гільз — восьмая ў мяне ў руках, адна ў ствале, адну мы ўжо выпусцілі… «Трымайся, Лазняк, трымайся! Трывай! Час твой настаў, проба твае годнасці прадаўжаецца. Помні, помні каляіны!»
— Гах! — рвецца назад гармата, і ўсё тоне ў дзікай калатнечы грому, бліскавіц, пылу і гарачых, задышлівых думак…
16
Неяк усё ж здараецца, што атаку мы адбіваем, ніхто з нас не гіне, і ў Крывёнкавай скрынцы яшчэ ляжаць тры снарады. Не шанцуе толькі нашай гармаце. Ствол яе застаецца на адкаце, наперад не ідзе — недзе прабіла супрацьадкатны механізм, і з-пад казённіка цячэ па зямлі зеленаваты ручаёк верацёнкі. Папоў сядзіць між станін, раскінуўшы ногі, я на жываце ляжу ля сашніка, мы выплёўваем з рота пясок і аддыхваемся. Побач са сховішча вытыркаецца раскудлачаная ветрам галава Люсі — яе вялікія сур’ёзныя вочы ўглядаюцца ў нас, у іх клопат, трывога і боль. Недзе ў акопе варушыцца, тупае, бразгае металічнаю стужкаю Крывёнак.
Немцы перад намі кудысь пазнікалі, пэўна, да часу пахаваліся ў сланечніку і ў траншэі; у траве, вакол агнявой, горбіцца некалькі трупаў. Але і мы знемаглі. Сіл мала засталося ў целе, пот раз’ядае твар, слепіць вочы, дапякае смага. Нейкі час мы курчымся так за гарматай. Папоў ці то ад стомы, ці ад якой душэўнай скрухі апанурваецца, цяжка дыхае і доўга не размаўляе. Пасля, пэўна, трохі адышоўшы ад стомы, ён пазірае на мяне і кажа: