Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
14
Наша нямое здзіўленне прыпыняе далёкі маторны гул.
Раптоўна неяк, раней не заўважаны, ён прарываецца з варожага боку, і мы з Паповым чуем яго толькі тады, калі з-за пагорка на дарозе, узняўшы воблака пылу, выскоквае некалькі машын. У іх аб’ёмістых кузавах цеснымі радамі сядзяць немцы.
Папоў ад нечаканасці нешта ўскрыквае па-якуцку і здароваю рукою хапаецца за механізмы наводкі.
— Лазняк, зараджай!
З расчыненай пачатай скрынкі я хапаю асколачны і пхаю яго ў ствол. Ад хвалявання гэта атрымліваецца няспрытна, гільза не дасоўваецца да канца, і клін не зачыняецца. Тады, як гэта часам рабіў Задарожны, я штурхаю яе чаранком рыдлёўкі і прыгінаюся на каленях.
Цяжка нагружаныя вялікія машыны, грузна асядаючы на скатах, перапаўзаюць на аб’ездзе міннага поля канаву і выбіраюцца на дарогу ў вёску. Як заўжды, знянацку дужа грымотна бахае стрэл. Пыл засцілае агнявую, я не бачу, куды трапляе снарад, і кідаюся па наступны. Зноў мяне ахоплівае ліхаманка бою, адчуванне небяспекі да дрыготкі напружвае нервы, а ў свядомасці, бы здзекуючыся, помсліва гучыць-дражніць мяне нейкі зласлівы голас: «Ага, вам канец, а ён жывы! Ён уцалее, і Люся будзе з ім, ага! Ён разумнейшы за вас, ён ведае, як і што, ён адчуваў гэта. Недарма так настойваў, казаў пра Лук’янава, а дбаў пра сябе… Ага!»
Ён агідны мне, той незнаёмы, недарэчны цяпер голас, я хачу заглушыць яго, пазбыцца, засяроджваюся толькі на сваёй справе — сноўдаю на каленях ад казённіка да скрынак. Папоў б’е часта, мяне абсыпае пяском, аглушае, я не ведаю, не бачу, дзе тыя машыны, — уся мая воля і сілы згорнуты ў адно — зараджаць. Я адчуваю, што гэтая наша зачэпка дарма нам не абыдзецца, у машынах напэўна пяхота, але цяпер нам ужо ўсё роўна.
А з Паповым тым часам пачынае рабіцца штось незвычайнае. Ён неяк весялее ці, можа, зласнее і, сагнуўшыся за прыцэлам, крычыць: «Стой, Гітлер! Стой!» — і яшчэ нешта, што заглушаюць стрэлы. Пасля яшчэ больш заўзята пачынае крычаць: «Назад, Гітлер!» Я прыўстаю на каленях і па-над шчытом назіраю ў поле. Тры машыны гараць на дарозе, некалькі, ратуючыся ад агню, паварочваюць убок, у аб’езд. «Гух! Гух!» — раптам даносяцца адтуль два цяжкія падземныя выбухі. Дык вось чаму так радасна крычыць Папоў і чаму на яго плоскім рудым твары льсніцца шырокая дзіцячая радасць: ён загнаў іх у міннае поле.
— Многа-многа давай! Многа! Шыбка давай! — крычыць Папоў і наводзіць гармату.
Машыны замітусіліся. Дзве, разнесеныя выбухамі, грудай жалеззя асядаюць да самай зямлі, астатнія нерашуча спыняюцца, некалькі ў хвасце вернуць назад на пагорак.
— Давай, Лазняк, шыбка зараджай! — у незвычайным азарце падганяе мяне наводчык. Але вось у скрынцы застаюцца два апошнія снарады.
— Снарады ўсе!
Папоў азіраецца, ураз сур’ёзнее. Па яго рудым, ажно счарнелым твары ліюць пісягі поту, спіна мокрая і гарачая, вузенькія вочкі звузіліся яшчэ больш — да шчылін, шырокія скулы раздаліся ў бакі. Ён нешта думае.
— Нядобра! Ай, як нядобра! — кажа Папоў. — Гітлер канава ляжы. Страляй будзе! Лазняк, карцеч трэба!
У вачах-шчылінках Папова загараюцца трывожныя жоўтыя агеньчыкі, я падаюся да скрынак, адкідваю пустыя — іх ужо багата набралася ў нас, скрозь у доле качаюцца гільзы. Урэшце мне трапляе цяжкая скрынка, за вяровачную ручку я падцягваю яе бліжэй да гарматы. Тут дзесяць снарадаў карцечы, гэта апошняя наша надзея. Але карцеччу страляць па дарозе далёка, трэба, каб немцы падышлі бліжэй, і мы пачынаем чакаць.
— Ой, Лошка! — азіраецца Папоў. — Дзе Лошка? Снарад мал-мала, загад трэба…
Мы пазіраем у наш тыл — нідзе нікога. Скрозь да вёскі — пусты, распалены сонцам абшар. За вёскай ідзе бой, там няспынна рвецца, звініць, грукоча, равуць маторы і бязладна рассыпаецца кулямётная траскатня. Напэўна, немцаў далей не пусцілі, і невядома, што і як рабіць нам. Ці чакаць Лёшку, ці ўжо забыцца на яго — з ім таксама ўсё магло здарыцца, мо ляжыць дзе забіты? Але зноў жа, як і адыходзіць: усё ж побач дарога, па ёй, відаць, пойдуць немцы, і мы маглі б дапамагчы тым, што за вёскай. Калі б толькі было болей снарадаў.
Але ў нас робіцца ціха. Немцы чамусьці не спяшаюцца атакоўваць нас, яны прытаіліся недзе ля дарогі і чагосьці чакаюць. Панасюк тым часам сядзіць, як сеў, прыхінуўшыся спінаю да бруствера, толькі галава яго схілілася набок, здаровая рука ашчадна прытрымлівае параненую. «Няўжо спіць?» — думаецца мне, і я кранаю яго за нагу.
— Гэй, ты! Ідзі ў акоп!
Але Панасюк не варушыцца, сядзіць па-ранейшаму, нібы не чуе. Папоў таксама азіраецца і, устаўшы са станіны, сігае да яго.