Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Прайшлі мы польскі кантроль, яны былі няветлівыя. І вось прыходзяць амаль такія ж, але сардэчна вітаюць нас, смяюцца, і мне дзіва. Аказалася, што гэта ўжо чэхі, хоць гутарылі па-польску. Каля мяне сабраліся людзі, нехта ўзяў Юру на рукі й сказаў, што ён яго тата. Хлопчык запярэчыў, але свайго тата ён пазнаў адразу, абняў яго за шыю, і так мы пайшлі да таксі.
Два гады зрабілі нейкую трэшчыну ў нашых адносінах, і гэта адчувалася. Муж быў на кватэры, з нейкім студэнтам наймаў пакойчык. Мы прыехалі ў апошнія дні 37-га года, мужа калега паехаў да сваіх бацькоў. Пару тыдняў мы пажылі разам, а пасля завёз муж мяне й свайго цікаўнага залішне хлопчыка, які ўжо паспеў яму паламаць стрэлкі на гадзінніку (бо чаму яны круціліся?), у Моджаны. Гэта быў прыгарад Прагі, і там жыў дзядзька Васіль Захарка, якому нядаўна памерла дарагая жонка, і пані Марыя Крэчэўская. Вось там ён нас і пакінуў. Сам ён жыў і працаваў у Празе, да нас часам прыязджаў, на нядзелю абавязкова.
Мяне сустрэлі тут як сваю, сардэчна й цёпла. Пані Крэчэўская была ўдавой па памершым Старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Пятру Антонавічу Крэчэўскім[39], была гэта старэйшая інтэлігентная й вельмі тактоўная дама. Жылі яны з дзядзькам Васілём у адным доме, але паасобку. У яе быў маленькі пакойчык, ледзь на адну асобу, а дзядзька меў два пакоі й кухню. Вось адзін пакой ён і адступіў нам.
Дзядзька быў намеснікам П. Крэчэўскага, а некалі ва ўрадзе БНР міністрам фінансаў. Гэта быў вельмі паважны чалавек з думкамі толькі пра Беларусь. Ён вельмі цікавіўся ўсім, што рабілася на нашых землях. Ад мяне ён многа даведаўся. Палітычнай дзейнасці ён ніякай не праводзіў, часам толькі пісаў пратэсты супраць бяспраўя над нашым народам у Лігу Нацыяў[40], падтрымоўваў эміграцыю й меў цесную лучнасць з эміграцыяй другіх народаў — украінскай, рускай. Быў ён беларускім эсэрам. У Бога не верыў, але пасля прасіў пахаваць яго па-хрысціянску. У Прагу запрасілі іх чэхаславакі ўжо з Літвы, куды спачатку пераехаў урад БНР. Мелі яны невялікую дапамогу ад ураду, а за акупацыі — ад чэшскага Чырвонага Крыжа.
Пасля з’езду[41], які быў скліканы ў Берліне, дзе заклікаліся ўсе беларусы, каб вяртацца й будаваць т. зв. «Народны свой дом», як тады казалі, цэнтр БНР не прыняў прапанову Цішкі Гартнага[42] (Жылуновіча) і не ліквідаваў БНР. На Бацькаўшчыну яны не вярнуліся й захавалі чэсна, хоць самыя былі ў цяжкіх матэрыяльных варунках, ідэю незалежнасці Беларусі. Цвікевіч[43], Заяц[44] і Пракулевіч[45] вярнуліся ў БССР, але хутка іх там зліквідавалі фізічна.
Жонка дзядзькі Васіля была родам з маленькага фальварачка Валосава каля сяла Бязводнага, цяпер у Зэльвенскім раёне. Гэта была асвечаная, разумная жанчына. Яна прыязджала да нас, калі ехала да свайго брата й маці. Мы з мужам у 35-м годзе яе фурманкай да іх адвозілі. Паліна Іванаўна з Ляўтаў была шчырым і дастойным другам дзядзькі Васіля, і без яе ён пастарэў і асунуўся. Пры мне ён пісаў гісторыю Беларусі. Усё жыццё на гэта збіраў матэрыялы. Усім нашым ён ахвотна чытаў адрыўкі са свае працы, якую не спыняў да смерці. Галоўнай рысай характару дзядзькі Васіля была яго беззаганная чэснасць. Жыў ён вельмі скромна, ды я й не спаткала там багатых эмігрантаў, калі былі яны менавіта чэснымі людзьмі.
У Чэхах я адразу адчула вельмі нямілую з’яву — там выразна не любілі т.зв. чужынцаў. Іх было ў Празе многа, ад яўрэяў пачынаючы. У Чэхаславаччыне была сапраўдная дэмакратыя, свабода, там кожны мог вучыцца й жыць. Праўда, працаваць не ўсім дазвалялася, бо было шмат сваіх беспрацоўных, і так мой муж працаваў, сказаць, нелегальна за маленькія грошы. Ён замяшчаў лекара — спецыяліста скурна-венерычных хваробаў, чэшскага легіянера палкоўніка Вітэслава Градзіла, які працаваў сам на Чэшскім Градзе (Крамлі), а муж увесььь час вёў ягоны кабінет. Градзілу падабалася чэснасць і працавітасць беларуса, а муж меў там харошую й цікавую практыку й мінімум для нашага пражыцця.
Я вельмі хутка навучылася па-чэшску і ўсюды ўжо магла даць сабе рады. Культура, якую я вынесла са свайго дому, нічуць не ўступала хвалёнай еўрапейскай. Чэснасць і ветлівасць, праўдзівасць і смеласць, гасціннасць, ахвярнасць і крыху такі розуму адразу пакарылі тых, якія мяне ведалі. Яны казалі: «Іжычэк е хытры по мамінцэ» — знача, што Юрка разумны па маме, бо «хытры» па-іхняму — гэта разумны. Калі я да іх прыгледзелася, дык і народ наш не быў горшы ні ў чым за іх. «Слаўны бубны за гарамі, а як прыйдуць — роўны з намі»,— падумала я сабе. Вось каб нам даць такую самастойнасць, як маюць яны, і мы ўмелі б працаваць для сябе не горай за іх, бо й нашыя людзі талковыя.
39
Крэчэўскі Пятро (1879–1928) — палітычны дзеяч, з 1919 г. узначальваў Раду БНР.
40
Ліга Нацый — міжнародная арганізацыя дзяржаваў, створаная на Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919).
41
Пасля з’езду…– маецца на ўвазе Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая адбылася ў 1925 г. у Берліне.
42
Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер; 1887–1937) — беларускі пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, акадэмік Акадэміі навук Беларусі (1928). У 1919 г. займаў пасаду старшыні часовага ўрада савецкай Беларусі.
43
Цвікевіч Аляксандр (1888–1937) — гісторык, філосаф, палітычны дзеяч. Прэм’ер-міністр БНР на эміграцыі (1923–1925).
44
Заяц Леанард (1890–1935) — палітычны дзеяч, з 1918 г. загадчык канцылярыі, дзяржаўны сакратар урада БНР.
45
Пракулевіч Уладзімір (1887–1938) — палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання (1920). З 1923 г. дзяржаўны сакратар урада БНР на эміграцыі на чале з А. Цвікевічам.