Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Каб крыху зарабіць, я ўзяла на кватэру нейкіх людзей, так рабіла мужава мама, бо ў Зэльве не было ніякай гасцініцы. Гэта былі купцы-яўрэі й польскія інжынеры, яны дастаўлялі ў Англію лес з нашае Белавежы, інжынеры яго прымалі. Купцы былі мільянеры, залежала ім, каб добра дагледзець інжынераў, каб тыя добра прынялі лес. На мне была вялікая адказнасць, але пасля першага абеду ўсе супакоіліся, ведалі, што ўсё будзе як трэба. Гатаваць я ўмела. Я навучылася гэта ўдома — у нас заўсёды было многа гасцей... Бацькі вельмі любілі пагуляць з гасцямі ў брыдж ці ў прэферанс. Бывала, позна ў ноч сядзяць за той нейкай прэферансавай пулькай, і гэта цікава ім. Гэта была іх адзіная разрыўка ў нас, на сяле. У такія вечары мама даручала мне прыгатаванне вячэры. Часам я прышыкоўвала й харошыя святочныя абеды, так я навучылася прымаць гасцей. Я сваіх кватарантаў частавала, як сваіх гасцей. Інжынер Маліцкі, паважны высокі паляк, мучыўся ад мазалёў на нагах, але калі я йшла з вёдрамі па ваду, ён хапаў мае вёдры і, кульгаючы, прыносіў ваду. Прычынай такой увагі, як мы пасля даведаліся, была пашана да нашае невясёлай долі, да мае працы, паводле меркаванняў таго часу, крыху ўніжаючай будучую жонку лекара. Яму падабалася мая мужнасць і духовая сіла ўсё перанесці. На яго загад скупы мільянер вельмі добра мне заплаціў за маіх кватарантаў, а інжынер Маліцкі папрасіў нас, ад’язджаючы, каб мы паклікалі яго кумам для нашага дзіцятка, калі гэта будзе дзяўчынка, а калі хлопчык — каб ягоную жонку. Мы гэта харошаму чалавеку абяцалі. І так было крыху грошай хоць на папяросы й неабходнае ў хаце для нас.
Бліжыліся польскія выбары, дзе кандыдатаў назначалі згары. Яшчэ рана вясною памёр Пілсудскі, палякі стараліся мацней трымаць свае меншасці. Ужо не гаварылася — Беларусь, а «ўсходнія крэсы», а народнасць проста пісалі: тутэйшая. А ці не разумней, не лепей было б для іх і для нас быць людзьмі й дэмакратамі ў супольнай дзяржаве, але дарма тут было апеляваць да розуму. Беларусы байкатавалі выбары, не пайшлі на іх і мы.
Збліжаўся час ехаць мужу ў Прагу, я паехала да бацькоў прасіць грошай. Цяжка было бацькам, іх абманулі вельмі воўпскія купцы, забраўшы на слова жыта й не аддаўшы вэксалёў назад. Гэта было нешта нечалавечае, і толькі людзі часам не хочуць зразумець свае віны й толькі свае, калі іх доля сурова карае... Трэба было сеяць, але малацілі, адсылалі збожжа ў Рось, і так далі мне аж тысячу злотаў. На той час было многа. Можна было ехаць у Прагу. Але якое было нашае здзіўленне, калі мужу не дазволілі выехаць з Польшчы, тут нам прыпомнілі й тое, што не пайшлі мы на выбары... Засталося толькі пару экзаменаў, і вось усё рушыцца. Мы дагаварыліся з мужам, што будзем жыць так, каб нікому не даваць узятак і розных барышоў, што было шырока распаўсюджана ў Польшчы, будзем змагацца за справядлівасць усюды. Усё цяпер гэта было смешным — трэба было ратавацца любым спосабам. Муж пайшоў да зэльвенскай дзяячкі пані Хаенцкай, жонкі мясцовага лекара. Яна ледзь выслухала яго й сказала, што беларусу неабавязкова быць лекарам, што ёсць у бацькі 6 гект. і трэба гараць іх, і болей ніякай гутаркі... Ад такой нагласці стала мужу страшна: дык вось чаго яны жадаюць для нас, чым не папярэднікі Гітлера?.. Ён пастанавіў выехаць! Нам парадзілі звярнуцца ў Ваўкавыск да старосты. Паехалі мы разам, я ўжо ў апошніх месяцах цяжарнасці. Вялікая зала, на старосту чакае многа людзей. Нарэшце ён уваходзіць. Я сяджу, стаяць мне цяжкавата. І вось ляціць да мяне, як ашалелы, паліцыянт, груба тармосіць за плечы й крычыць: «Устаць!!!» Божа мой, і гэта ёсць людзі? Муж белы як палатно, і што можа ён, бяссільны супраць гэтага хамства? Гутару з ім сама, я спакойная. Не, нельга мужу майму ехаць вучыцца, а гэта «зэ взгленду на добро паньства» — з увагі на дабро дзяржавы... Цікава... Нам шкодзіць многае, а й тое, што чэхі добра да мужа адносяцца. У, гэты час пануе страшная нянавісць між гэтымі двума народамі, і яны ўзаемна сябе зневажаюць, і гэта адбіваецца на нашым лёсе. І так таюць нашыя грошы, і я зноў еду да маіх бацькоў.