Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
- Автор: Гениюш Лариса Антоновна
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Год: Лімарыус
- ISBN: 978-985-6968-06-1
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза». Краткое содержание книги:
Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрацоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу — так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагналі з Граду, але ён быў такі нервовы й такі няшчасны, што не мог працаваць. А можа, і не хацеў... Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.
Пасля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.
Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаім, што збіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасіўнасці, запалоханасці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватарантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягнуў мне легітымацыю, на якую я нават не глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.
Нядаўна я пра гэта расказвала адной жанчыне. Яна ў мяне толькі папыталася: «Такі Хрыстападобны?» Кажу: «Так, бледны, худы, страшны й менавіта Хрыстападобны». Яна назвала яго. Гэты чалавек дапамог арганізаваць, а пасля так жа прадаць і праваліць «Грамаду»... Быў гэта страшны чалавек... Болей мы ў хату такіх не пускалі, прыходзілі да нас толькі свае сябры й нашыя з Моджанаў.
Пасля падзелу Чэхаславаччыны нас пачалі вельмі праследаваць палякі. Яны відавочна патрабавалі, каб чэхі нас вярнулі ў Польшчу, бо мы ж былі польскімі грамадзянамі. І вось у нас без выхаднае становішча, нас выкідаюць. Нехта перадаў мужу, каб мы з сынам схадзілі да аднаго з чэшскіх сенатараў і папрасілі заручыцца за нас. І вось ідзем мы з Юрачкам, вяду яго за руку. Калі мы туды прыйшлі, дык усе ва ўрадзе зацікавіліся цудоўным хлопчыкам, які міла гаварыў чэшскія вершы. Пан сенатар прыняў нас ветліва. Я вельмі няўмела папрасіла яго памагчы нам — прасіць нешта для сябе мне было заўсёды цяжка. Ён загадаў сакратарцы напісаць нешта, падпісаў гэта, і мы трапілі ў рукі ўсіх супрацоўнікаў гэтага ўраду. Яны паспелі ўжо купіць Юру чэшскія кніжачкі для дзяцей і сабралі яму троха й грошай. Я старалася скрыць тое, што я не прывыкла, каб давалі мне грошы, што я іх прывыкла людзям даваць, але яны ўсе былі такія шчырыя, такія харошыя, што я ўзяла гэты падарак для сына, і мы сардэчна развіталіся з імі. Так мы засталіся ў Празе, і грозны начальнік паліцыі для чужынцаў, нейкі славак — забылася яго прозвішча ўжо,— не мог нас так сабе выкінуць.
Палякі нейк ужо пранюхалі мае крыўды на іх, і бацькі мне са страхам пісалі, чаму я не маўчу лепей у Празе, што тут шкадуюць, што наагул мяне выпусцілі са сваіх рук... Я чытаю польскія газеты. Кракаўскі «Кур’ер поранны» пісаў, што палякі немцаў разаб’юць, напэўна, і тады пашыраць свае граніцы так, што польскі жолнеж падасць руку японскаму. Аж куды ўжо пашырацца граніцы Рэчы Паспалітай! Каго Бог хоча пакараць, адыме розум,— думала я. Мы яшчэ паспелі зрабіць Юрачкін партрэцік і паслаць яго бацькам, як немцы напалі на Рэч Паспалітую. Шкада было нашых людзей, шкада было бацькоў нашых, нашай зямлі. Вайна — не жарты, і немцы — не ангелы! Што ж, выйшла яшчэ горай, як мы баяліся. З’яднанне Беларусі і яе «асвабаджэнне» поўнасцю закрыла мне гора маёй сям’і. Хутка напісалі нам, што тата мой памяняў сваю кватэру на горшую ў Гродне, і я ўжо ведала, што гэта значыць. Неўзабаве гэта пацвердзілася, і мы ад зэльвенцаў атрымалі справу аб тым, як ля сцяны нейкага хлява ў Зэльве забілі 21 чалавека, у тым ліку старэнькага бацюшку Якабсона, зэльвенскага ксяндза, і інш... Божа мой, і каму й пашто гэта было трэба? Калі хто й чакаў чаго, дык не гэтага. Старэнькі гэты святар, памятаю, вельмі любіў туліпаны, а матушка яго была старэнькая, малая, як курапатка. Ён прыходзіў да нас хрысціць Юрачку й такі быў бяскрыўдны. Што там далей у нас рабілася, я не ведала, але лёс таты мяне ўстрывожыў, і тут я пыталася: за што? Я не ведала, як дапамагчы ім. Напісала ліста ў Палаўкі[55], да чалавека, які быў многім нам забавязаны, да Люціка Уладка. Гэта быў набожны чалавек, наш сусед. Яму давалася балота касіць, поле, што засеяць. Мама і лячыла дзяцей ім, і жаніла, і нават на вяселлі ў іх была каравайніцай, што было супраць яе правілаў. І вось гэты чалавек прадаў нас, першы падпісаўся на вываз мамы з дзецьмі, бо тату ўжо дабівалі ў Гродне ў турме разам з яго братам Валодзем і пляменнікам Віталем. Сын гэтага Люціка, таксама Уладзімір, цяпер важны праваслаўны святар савецкі, якога яны пасылаюць увесььь час за граніцу. Кажуць, што ён партыйны.
55
Палаўкі — вёска ў былым Гарадзенскім павеце (цяпер — у Мастоўскім раёне), паблізу якой знаходзіўся хутар Жлобаўцы, дзе 27 ліпеня (9 жніўня) 1910 г. нарадзілася Ларыса Міклашэвіч.