Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата
- Автор: Рублевская Людмила И.
- Серия: Авантуры Пранціша Вырвіча #4
- Год: 2016
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец Андрэй Янушкевіч
- ISBN: 978-9-85903-776-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». Краткое содержание книги:
Хвелька павярнуў засмучоны твар.
— Праўда, вашамосць! Пан доктар з дзвярэй толькі высунуўся, злосны-злосны і абдрапаны, сказаў, каб я вас адвёз да пані Саламеі... І ліст мне для пані перадаў. А вы такі былі... Увесь віном абліты. Дзякуй ягамосці пану Бяскоўскаму, што паехаў вас праводзіць. А божачкі мае, што ж я пані Саламеі скажу... — гэта Хвэлька ўжо мармытаў сабе пад нос. — Бедная мая пані! Бедныя дзеткі! Толькі прыехалі пані з дачкой, напакутаваліся дарогай... Гэта ж успомніць — карэты праклятыя ламаюцца, паненачка захварэла, давялося на караблі плысці. А пана шчэ далей панесла, да дзікуноў! Папёр як ад пугі... І што ягамосць Вырвіч яму нагаварыў?
Пранціш бяссільна адкінуўся на сядзенне. Пачуццё віны, злосць на ўпартага Лёдніка... Давёў алхімік усім, што вольны! Зараз, відаць, ужо шкадуе — кінуў жонку, дзяцей... А куды з карабля сярод мора падзенешся? Наступны раз зойдуць у порт, добра калі ў Танжэры. Хіба што Лёднік дадумаецца на першым жа прыпынку сысці ды вернецца да сям’і?
Гэта Пранціш ужо меркаваў перад пані Саламеяй. Хадзіў туды-сюды, прамаўляў, як Станіслаў Аўгуст на сойме, пераконваючы шляхцюкоў адмовіцца ад права ліберум вета... Доктарава сядзела, сціскала тонкія пальцы так, што збялелі. У лісце, перададзеным ад Бутрыма Хвэлькай, было ўсяго некалькі спехам напісаных радкоў. Даруце, маўляў, не хвалюйцеся, вярнуся, але не магу ўпусціць такі шанец — пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.
Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі...
— Як жа ён... Праз два акіяны... У яго ж марская хвароба... Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў... — нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу — як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду — а пра здароўе збеглага мужа думае.
Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:
— Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!
І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.
Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік... Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе — не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае — слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці...
Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага — чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.
Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы... Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары...
Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж «не хвалюйцеся» ды «прабачце».
А справы ішлі ўсё горш... Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.
Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.
Праўда, тыя хворыя, што не мелі напханых кашалькоў, — ткачы, вугальшчыкі, ды проста жабракі, па-ранейшаму цягнуліся да дзвярэй Чорнага Доктара ў спадзеве на бясплатны ратунак, і маглі задаволіцца лекарскімі ўменнямі ягонай жонкі. Але ж ясна — даходу ад гэтага было не больш, чым зерня ад сурэпкі, хіба хтось з пацыентаў аддзячыць кошыкам яблыкаў ці мяшком вугалю.
Затое Альфонс Бяскоўскі працвітаў. На голую галіну знойдзецца крумкач. Нават у Ліёне, дзе сваіх дактароў як кіем набіта, расказвалі казкі пра цуд-аперацыі, якія пан дасканала ўмее рабіць, нават лепей, чым мог зніклы Чорны Доктар. Да Бяскоўскага і кардынал прыязджаў на кансультацыі, і яшчэ — дзве фаварыткі караля! Праўда, у старога Людовіка Пятнаццатага, асабліва пасля смерці мадам дэ Пампадур, гэтых фаварытак цэлае паселішча адмысловае распладзілася ў Версалі, як у якогась усходняга султана. Любая шылахвостка магла прыстроіцца туды паўлінам хвасты круціць, і нават калі кароль толькі аднойчы хіба ўшчыкнуў яе за дупу, строіла з сябе ледзь не каралеву. Нездарма людзі бунтаваліся — арыстакраты ўбівалі шалёныя грошы ў шаўкі-пудраныя парыкі, адзін капялюх мог каштаваць даражэй за дом простага француза... А той француз яшчэ кучу дурных падаткаў плаціў. Прыкладам, на соль. Кожны мусіў закупляць на год сто фунтаў солі, але забаранялася карыстацца ёй, скажам, каб назапасіць мяса ці гуркі... Хоць прыгаршчамі, але толькі еш! А забарона гандляваць хлебам паміж правінцыямі — нават калі дзесь галадаюць, а праз пару міль булкі чарсцвеюць... Вальтар’янец Жылібер неяк наспяваў горка-жартоўную песеньку, у якой пералічваліся розныя падаткі: «Пяаж, бараж, куцюм, эталаж, лэд, афараж, анаж, шаблаж, гурметаж, танлье, руаж, бушэры, эталанаж, шэ-мінаж, курбаж, ванажы бюісанаж»... Не менш, чым у Рэчы Паспалітай: падымнае, падарожнае, чынш, дзякла, рэйтаршчына, стацыя, жарнавое, лясное, чапавое і гэтак далей. Як любіў бурчэць сын гарбара Лёднік: «Дагуляюцца пудраныя парыкі, прыйдзе на іх мясцовы Вашчыла з віламі!»