Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Думаў сказаць пану перад сваёй смерцю... Ды, відаць, Бог цяпер загадвае. Мая віна, пане... Бервяно, што на нагу вашую звалілася... Гэта ж я ноччу падпілаваў апоры. Ведаў, куды вы кожны дзень ступаеце.
Вінцэсь быў агаломшаны.
— Навошта ты гэта зрабіў?
Базыль тросся ад плачу:
— Прабачце, пане... Стары пан загадаў. Каб толькі трохі пакалечыць... Казаў, іначай заб’юць вас... Даруйце, пане. Грэх на душы маёй.
Перад тым як фурманка выехала за браму, Вінцэсь апошні раз азірнуўся на свой дом. Над дахам палыхнула чырвонае святло — хлебазор. Сухая маланка.
...І Славамір паклаў нябачную руку Вінцэсю на плячо: «Ну што, браце, я ж сказаў, што мы будзем біцца разам!»
Пазалочаная фольга склейвалася кепска, і ад гэтага латы здаваліся бязлітасна пасечанымі варожым мячом. Аднак Анцік не хацеў і чуць пра іншы карнавальны касцюм. Ён будзе толькі срэбным рыцарам! Такім жа, як на іхнім гербе. Старэйшая сястра, шэравокая Настасся, ужо зусім зазлавала, перапэцканая клеем, аблепленая срэбнымі ашмёткамі,— вось выдумкі малечы!
Але ў сям’і Карвароў Каляды святкаваліся з асаблівым размахам. Нават бацька, такі звычайна заклапочаны і сур’ёзны, не лічыў ганебным упрыгожваць ялінку, дапамагаць у прыдумцы карнавальных жартаў і гульняў.
На гэтыя Каляды таксама чакалася шмат сюрпрызаў. Дарослыя блукалі па доме з таямнічым выглядам. Калматая котка Заіра, матчына ўлюбёнка, уцякала з віскам з кутняга пакойчыка, дзе адбываліся рэпетыцыі. І, вядома, па шафках і шуфлядках хаваліся скрыначкі і пакуначкі з падарункамі. У іхняй сям’і быў звычай, акрамя куплёнага, дарыць адно аднаму нешта, зробленае сваімі рукамі. Ну хаця б аксамітны вацок, вышыты незабудкамі, або выразанага з ліпавай драўніны конніка, нехлямяжага, але вельмі баявітага.
Анцік, прадстаўнік найноўшага, прагматычнага, пакалення, вырашыў пытанне вельмі проста: склаў спіс таго, што б ён жадаў атрымаць ад кожнага з сямейнікаў. Не дзіўна — усё, пра што ён марыў, тычылася доследаў у прыродазнаўчых навуках, а набываць у якасці каляднага падарунка кварту фармаліну, далібог, нікому б і ў галаву не прыйшло. Хаця Анцікава калекцыя заспіртаваных апалонікаў, жабак, яшчарак ды іншых малапрывабных істот карысталася вялікім поспехам у Настассіных сябровак — Анцік спецыяльна завабліваў неспрактыкаваных дзяўчатак у свой пакой, каб пачуць прыемнае хлапечаму вуху верашчанне. Акуратныя шэрагі расстаўленых па паліцах слоікаў, у якіх плавала ўсялякае страхоцце, рабілі ўражанне не толькі на гімназістак. Адзіны, у кім калекцыя выклікае замілаванне,— сусед Стась. Ён ужо вучыцца на першым курсе медыцынскага ўніверсітэта, адрасціў доўгія валасы і нават спрабуе адпусціць бараду, хаця пакуль яна не вельмі самавітая і, сказаць па праўдзе, на званне барады нават не цягне.
Стасік вельмі разумны і смелы. І пазнаёміліся яны з ім, калі тры гады таму чарнавокі сарамлівы падлетак даў нырца ў страшны Баламутаў вір, каб дастаць Настассін саламяны капялюшык. Гувернантка-францужанка тады ад жаху самлела, і давялося пырскаць ёй у твар вадою і пасля доўга ўпрошваць, каб не расказвала нікому пра неразумны ўчынак «сэра Ланцэлота» — так мадэмуазэль Алін празвала Стася. Анціку было ўсяго восем год, але новы знаёмца размаўляў з ім, як з дарослым, і пра вельмі сур’ёзныя рэчы — напрыклад, як зладжана дыхальная сістэма жабы, або пра жывёльны магнетызм ці тэорыю эвалюцыі Дарвіна.
Анцік шчыра дзівіўся, чаму яны раней ніколі не бачыліся са Стасікам? Маёнткі ж побач — Залессе, адкуль родам Стась, і іхнія Рэчыцы, і ў доме Карвароў заўсёды любілі гасцей. Прынамсі, пасля таго выпадку над вірам Стасік пачаў заходзіць падчас кожных вакацый. Пра Стасевых бацькоў Анцік не ведаў нічога, акрамя таго, што залескі пан — палкоўнік у адстаўцы і мае сувязі ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль і прыехаў. Ніякіх спробаў зблізіцца з кімсьці з суседзяў залескія паны не рабілі. Ды якое гэта мела значэнне, калі са Стасевай лёгкай рукі калекцыі птушыных пёраў і яек і шмат чаго іншага папаўняліся, а жывёльны свет маёнтка Рэчыцы ўзбагаціўся дзвюма парамі дзівосных галубоў — белых, як малако, і пухнатых, быццам растрапаліся, прадзіраючыся скрозь аблокі.
Але паступова Анцік пачаў з прыкрасцю падазраваць, што заходзіць старэйшы сябар не столькі для таго, каб прынесці яму новую кніжку пра жывёл, а каб пабачыцца з капрызуляй Настассяй і завесці з ёй нецікавыя гаворкі пра нейкага Дастаеўскага, Славацкага, Заля і ўвогуле пра незразумелыя Анціку рэчы, тыпу жаночай эмансіпацыі. Прычым яны заўсёды спрачаліся — Стасік паблажліва, захоўваючы мужчынскую годнасць, Наста — горача, аж да слёз. І яе шэрыя вочы так гарэлі, а голас гняўліва дрыжэў, што Анцік, напэўна, уцёк бы ад гэткай шалёнай. Нават мадэмуазэль Алін, якая не раз была сведкай падобных звадак, не вытрымлівала і бегла па нюхацельную соль — для сябе, вядома. А Стась адно ўсміхаўся. І Анцік кожны раз думаў з патаемным задавальненнем, што цяпер яго сястрыца не захоча больш сустракацца з чарнавокім задзіракам. Але, калі госць сыходзіў, хлопчык са здзіўленнем заўважаў на твары Насты дзіўную мяккую ўсмешку, а позірк сястры пралятаў, не затрымліваючыся, праз нецікавыя прадметы інтэр’ера ў нейкія нетутэйшыя далячыні.