Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І — ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям’я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька,— Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам — праз акно.
Ніхто не здрадзіў, не выдаў.
Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць...
А галоўнае — Марыя...
Так, вядома, ён кахаў яе. Яны са Славамірам былі надта падобныя, каб мець розныя густы наконт ідэалу жанчыны. Горкае імя, у якім з’ядналіся пыл біблейскай пустэльні і дыяменты горада Магдалы. На тонкіх запясцях Марыі бранзалеты пазвоньвалі, як сігналы аб прыбыцці нябеснага чоўна — пераправы на іншы бераг, дзе можна толькі ўдыхнуць пах валасоў каханае жанчыны — і спазнаць сэнс жыцця. Марыя — Ева... Смак яблыка звязвае ў роце, быццам няшчырыя словы, і ты ўжо загінуў і не хочаш ратавання ад салодкай атруты.
Яна па начах вышывала штандар для іхняга атрада. І, вядома, Славамір быў яе героем, якога сустракаюць раз у жыцці.
Віна з’явілася даўно. Яшчэ тады, калі Вінцэсь выпадкова падгледзеў іх спатканне ў квітнеючым садзе — Марыі і Славаміра. Дзяўчына, у белай простай сукенцы, гнуткая і вясёлая, слізгала між дрэваў русалкай, квецень упляталася ў яе цёмныя косы, і Славамір лавіў сваё шчасце між шурпатых яблыневых ствалоў, у духмяным дажджы пялёсткаў. І смех іхні стаіць дасюль увушшу ў Вінцэся — быццам разбіваюцца яго ўласныя крышталёвыя замкі... І ён дасюль не можа дараваць сабе, што не адвёў вачэй, калі іх вусны — магчыма, першы раз — злучыліся... І зусім недаравальны боль, які працяў тады душу, змусіў сціснуць кулакі так, што востры аловак, заціснуты ў правай руцэ, глыбока ўвайшоў у даланю,— Вінцэсь прыладкаваўся з запаветным сшыткам-чарнавіком у сваім улюбёным сховішчы, у разгалінаванні старой яблыні. Боль ад раны адчуўся толькі тады, калі Марыя і Славамір сышлі кудысьці ў бок рэчкі, трымаючыся за рукі, як дзеці, і іхні смех рассеяўся ў веснавым паветры.
Вінцэсь толькі спадзяецца, што ніколі — ні словам, ні позіркам, ні ўздыхам — не даў зразумець дарагім людзям свае нізкія — ён шчыра так лічыў — пачуцці.
Марыя мусіла ўвайсці ў сям’ю Севярынічаў.
Гэта было абгаворана яшчэ да ейнага нараджэння. І калі загінуў Славамір — Вінцэсю давялося заняць месца брата. Стаць ценем яго кахання, адабраць у мёртвага адзінае, што ў таго засталося на зямлі,— памяць і слёзы. Ведаць, што ноччу яна цягнецца да вуснаў — не ягоных... І, раптам усведамляючы прысутнасць іншага, жывога — кожны раз скаланаецца і змушае сябе да пакоры... І ён, як лясны бог Пан, абдымае замест каханай толькі сухі журлівы трыснёг...
Вершнік на белым кані, з узнятай угару шабляй... Чаго варты перад ім кульгавы дэзерцір, які адседзеўся ад слаўных боек пад жончыным бокам?
Свечка, пастаўленая ў місу з бурштынавым зернем, асвятляла шлях нябожчыкаў да памінальнага стала. Марыя моўчкі ўзіралася ў вясёлы агеньчык, быццам заварожаная ягоным спагадлівым бляскам, а Вінцэсю здавалася, святло ўтварае вакол стала кола, якое толькі і абараняе ад зліцця жывога і мёртвага, віны і пакарання, праўды і маны...
— Тата,— шапнуў Габрусь, раптам пасур’ёзнеўшы.— А я сёння чуў цікавае слова...
— Кажы,— Вінцэнт цёпла ўсміхнуўся сыну.
— На кухні старая Анця гаварыла: «Бачыла сёння хлебазор над Цівуновай пушчай. Мусіць, зіма сцюдзёная будзе». Я перапытаўся, хлебазор, відаць, тое, што па-руску зарніца, сухая маланка. Чаму такое дзіўнае слова, тата,— «хлебазор»?
— Пасля паразважаем разам. Дзякуй, сынок, гэта сапраўды каштоўныя звесткі, я занясу тваё слова ў картатэку,— прамовіў Вінцэсь, і Габрусь прасвятлеў тварам.
Марыя адно зірнула раўнадушна-паблажліва. А дзед з’едліва выказаўся:
— Яшчэ не кінуў свае штудыі? Мужыкі табе нагавораць, за дзесяць жыццяў не пазапісваеш. Антоні Вырвіч, між іншым, мануфактуру збіраецца адчыняць па вырабу габеленаў. Выпісаў з Нямеччыны машыны і майстра-мастака...
— Прагрэсіст пан Антоні вядомы,— спакойна зазначыў Вінцэнт.— Памятаю, мне яшчэ гадоў дзесяць было, ездзілі да яго ў госці. І мы са Славамірам прыбеглі да вас у залу з рэвам, што ў сенцах сядзіць мужык-казёл, і прасілі, каб гэткае страхоцце адправілі назад у вёску. А пан Антоні і кажа з мілай усмешкай: «Дурню, гэта ж мужык пакараны, яму рагаціну надзелі, а ногі яго ў крэслах». І на мануфактуры ягонай будуць працаваць няшчасныя дзеўкі, адабраныя ад сям’і, і траціць вочы і здароўе на падробкі французскіх габеленаў, хаця маглі б у сваіх хатах, спяваючы, выткаць непаўторныя, з тонкім арнаментам і каларыстыкай посцілкі.