Таямніцы полацкай гісторыі
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Язык: белорусский
- Жанр: История
Электронная книга - «Таямніцы полацкай гісторыі». Краткое содержание книги:
Кніга адрасавана старшакласнікам і студэнтам, а таксама ўсім, хто імкнецца глыбей ведаць гісторыю Беларусі.
Пасля Полацкай альмаматэр Ян з нейкім дзесяткам рублёў у кішэні апынуўся ў Пецярбургу. Зарабляў з урокаў грэцкай і лацінскай моваў выдаваў літаратурны альманах «Незабудка», а штовясны браў у рукі кій, закідваў за плечы кайстру і пешкі выпраўляўся са сталіцы імперыі ў роднае Прыдзвінне, дзе збіраў полацкія паданні, легенды і казкі: пра заклятыя скарбы і ваўкалакаў, пра вужыную карону і цмока, што вылупіўся з пеўневага яйка… Вершы Баршчэўскага прыхільна ацаніў сам Міцкевіч, але вечны след у літаратуры пісьменнік з Мурагоў пакінуў дзякуючы фантастычным гісторыям, якімі ў доўгія зімовыя вечары падарожнікі разлічваюцца са шляхцічам Завальнем за гасціннасць. Дарэчы, ва ўяўленні Завальні Полацк быў не толькі сталіцаю асветы і кніжнае навукі, але і вельмі небяспечным месцам, дзе звілі сабе кубло чарнакніжнікі і дзе атабарыўся сам легендарны верхавод беларускіх чараўнікоў пан Твардоўскі.
Паміж аповедамі пра полацкіх чарнакніжнікаў і злую чараўніцу Белую Сароку аўтар «Шляхціча» з сентыментальнай замілаванасцю ўзгадвае блаславёныя гады студэнцтва. Вось ён у адну з летніх вандровак, адмераўшы колькі сотняў вёрст па пецярбургскім гасцінцы, падыходзідь да горада свайго юнацтва. «Сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў вучьшася пазнаваць Творцу гэтага свету, яго турботы пра кожную тварыну і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл святога Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкай моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў…
За Палатою, на шырокай роўнядзі, як люстэрка, адбівае сонечнае святло плямка вады, званая Валоваю азярынай. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі пры азярыне святыні Перуна і Бабы Ягі, але цяпер не засталося аніякіх слядоў той старажытнасці.
У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў расказах тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку. На другім баку Дзвіны за колькі вёрст адсюль ёсць невялікі касцёл святога Казіміра; тут, апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струннем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска. Царква Барыса і Глеба нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія — маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыка і песні са стругаў што плывуць да Рыгі.
Прабіў гадзіннік на вежы былога езуіцкага касцёла, і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: колісь аддічваў час вучэння і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы.
…Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю ўсе выконваюць рэлігійныя абавязкі! Пасты, падрыхтоўка да споведзі — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты чацвер кожны клас з настаўнікам наведвае астрогі і шпіталі, раздаючы ўсюды грошы і міласціну.
У езуідкіх школах вакацыі пачыналіся звычайна першага жніўня… У той дзень Полацк мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе: адны ехалі на ўрачыстасці ў дзень святога Ігнація Лаёлы; другія — каб падзякаваць за турботы тым, хто выхоўваў іх дзяцей; іншыя — «каб пабыць у тэатры», бо вучні рыхтавалі да гэтых дзён пастаноўку…»[18]
У фантастычных аповедах Яна Баршчэўскага блукае па полацкім наваколлі таямнічая Плачка, аплаквае заняволеную зямлю, дзе чужынцы завялі свае парадкі. Калі пісалася кніга, сяброў Таварыства Ісуса ў Полацку ўжо не было, ніводнага з іх не засталося і ва ўсёй імперыі. Тым не менш, прынамсі, двух праваслаўных расійскіх манархаў самы каталіцкі на свеце ордэн успамінае цёплым словам. Манархі гэтыя — Кацярына II і Павел I. Я не здзівіўся б, даведаўшыся, што ў сённяшняй галоўнай ордэнскай рэзідэнцыі вісяць іх партрэты, а паміж імі — гравюра з барокавымі сілуэтамі старадаўняга Полацка.
18
Урыўкі са «Шляхціча Завальні» падаюцца ў перакладзе з польскай мовы Міколы Хаўстовіча.