Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае — яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку Львяняты.
Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя... Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.
Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр...
За сталом сабралася ўжо ўся сям’я — чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў — цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае... Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.
У іх добрая сям’я — у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і... Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь... Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.
— Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці...
Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў — Стаўры і Гаўры — зараз укусяць пад сталом.
Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам — міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап’е. Цікава... Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай... А за што, Божа мілы?
Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і — няхай слаўная — памяць. А яны абодва — і Славамір, і Вінцэсь — збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй... Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта — бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг — і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб’юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша — касаваць такі род.
Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.
Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад’езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна — таўшчынёй у паўабхвата — нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля... Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»
І з’ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю — у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.