Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Мы маўчым, Крывёнак выцірае пілоткаю твар і даволі спакойна пытаецца:
— Колькі снарадаў засталося?
— Мала, — кажа Папоў. — Мала.
Ён усё сціскае ў падоле руку і маўчыць. Мы пазіраем на яго, бо цяпер ён — нейкім чынам наш камандзір.
— Ну што сядзім? — нервова выпальвае Лёшка. — Папоў, камандуй! Ты ж намеснік! Якога чорта!..
Я зацінаю дыханне — азіраюся: перад намі ў акопах ужо нікога няма, але ззаду, на ўчастку суседняга палка, траншэі якога ідуць па пагорку, атакі не было, цяпер там грыміць бой, відаць, як кусцістымі клубамі рвуцца міны. Мы ад іх далёка наводшыбе, але ўсё ж ад іхняй прысутнасці тут робіцца спакайней.
Крывёнак схіляецца над камандзірам, расшпільвае яго скрываўленую гімнасцёрку і, пасядзеўшы над чалавекам, за рукі адцягвае яго ў сховішча. Потым бярэ Лук’янава, той ціхенька стогне.
— Давай, Лошка, завязвай мая рука, — кажа Папоў і раскручвае з падола руку.
Лёшка неахвотна адкладвае гранаты, бярэцца перавязваць. Увесь час ён азіраецца на прасцяг, але пакуль нікога паблізу няма.
— Лошка!.. Ух ты! Баліць!
— Ерунда, затое кроў не пойдзе, — кажа Задарожны. — Дык давай ірванём, га?
— Не, — кажа Папоў. — Загад няма — не можам хадзі.
— Дзівак, — запальчыва здзіўляецца Задарожны. — Які табе ў д’ябла загад? Фронт прарвалі — ты гэта разумееш?
— Загад абарона — быў, загад адступай — не быў. Страляць трэба.
— Здурнеў! Куды страляць?
— Гітлер страляць. Не ведай, куды страляць?
— Балда! — плюецца Задарожны. — Я думаў, ты чалавек, а ты чурбан з двума вокамі.
«Глядзі, як разышоўся, — думаю я. — „Чурбан“, „балда“!»
Вядома, добра было б выбрацца адсюль туды, да ўсіх, але хіба мы ўчацвярых адолеем гармату? І мне дзіўна, як Задарожны не разумее таго і так прыстае да Папова.
— Што крычыш? — з непрытоенай злосцю кажу я яму. — Куды ты пойдзеш?
— Як куды? Да сваіх!
— А гармата?
— Што гармата? Гармата падбітая.
— Ну і што ж? Страляе ж…
— Ідыёты! — шчыра здзіўляецца Лёшка. — Галава і два вухі — не болей. Што ж, па-вашаму, сядзець тут да смерці?
У сховішчы выпростваецца ў рост Крывёнак, шрам на яго скасабочаным твары чырванее ад злосці.
— Заткніце вы яму рот! — крычыць ён. — Заткніце! Або хай ідзе к чортавай матары! На ўсе чатыры бакі! Ну!..
Задарожны хмурыцца, акідвае нас спадылба ненавісным позіркам і плюецца:
— Ну што ж! Прапасці вашай матары, калі вы не пашкадуеце, — адразу пацішэўшы, бурчыць ён. — Што ж, пабачым! Камандзір яшчэ гэты — балда касавокая…
Гэтая абраза раптам узрывае заўсёды спакойнага Папова. Вочы яго загараюцца нядобрым бляскам, увесь ён падаецца наперад, прыгнуўшыся, спыняецца перад Лёшкам.
— Чаму Папоў балда? Кажы, чаму Папоў балда? Лошка сам балда! Нельга гармату кідай. Папоў не бегай. Баба пагана бегай — туды бегай, сюды бегай. Папоў прысяга казал. Жаўтых не ўцікай. Папоў не ўцікай. Сволач уцікай. Маўчы, Лошка!
Папову, напэўна, моцна баліць рука, і, мабыць, яго растрывожыў Лёшка. Ён пачынае злавацца, нервова загадвае нам зараўняць на агнявой варонку пад колам і павярнуць гармату ствалом на дарогу. Сагнуўшыся, на каленях мы робім гэта. Задарожны выцірае тлусты ўспатнелы твар і больш не ўсчынае недарэчнай размовы пра ўцёкі, але ўвесь час азіраецца наўкола і нешта зацята думае. Папоў пакідае яго назіраць ля гарматы і кліча мяне ў сховішча да нашых двух небаракаў.
Тут поркаецца Крывёнак, ён узнімае на Папова вельмі сур’ёзныя цёмныя вочы і кажа:
— Камандзір ужо адышоў. Лук’янаў канчаецца. Перавязаў трохі.
— Ідзі, Крывён, кулямёт мал-мала глядзі, — загадвае яму Папоў і, калі той выпаўзае са сховішча, уздыхае:
— Ах, ах, дрэнна!.. Вельмі дрэнна, таварыш камандыр! А-яя-яя!..
Яны ляжаць побач на падасланай палатцы — Жаўтых на спіне, закінуўшы ўгору сухі, шчаціністы падбародак; Лук’янаў з рудавата-збялелым тварам да паловы накрыты сваім зацярушаным зямлёй шынялём. Абодва яны здаюцца мне нейкія дужа маленькія, недарэчна супакоеныя і нерухомыя.
— Камандыр, камандыр! — бядуе наводчык, відаць перамагаючы свой боль, і з частымі прыпынкамі гаворыць: — На Дняпро казаў: прапал… Тады не прапал… Цяпер прапал… А Папоў жывы… Нашто так, га, камандыр?.. Чаму так, камандыр?..
Ён пытаецца, але старшы сяржант маўчыць. Ніколі ўжо ён нічога не скажа, не закрычыць, не вылаецца на каго, як бывала, і мне робіцца вельмі пакутна, што сканаў ён, крычучы на мяне, што, можа, злосць на мяне была апошнім праяўленнем жывога ў ягоным сэрцы. Яшчэ пачынае здавацца, што, можа, гэта ён праз мяне падставіў сваю галаву пад кулю. Можа б, тая куля была мая, калі б ён ззаду не крыкнуў і я, здрыгануўшыся, не ўхіліўся, — і вось мяне яна прамінула, а напаткала яго.