Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Я азіраюся і слупянею на каленях ад дзіўна-недарэчнага пачуцця няўпэўненай радасці, страху і здзіўлення. Вялізная плямістая грамадзіна танка ўперла ў нас доўгі гарматны ствол, скасабочылася на кукурузнай кучы, і імпэтныя шалёныя языкі полымя шугаюць, шыпяць і смыляць чорным дымам над яго прысадзістай, круглай, звернутай набок вежай.
Папоў зварухнуўся, стогне, узнімае з долу руку — на ёй замест пальцаў месіва крывавае гразі. Ён спахопліваецца, паспешна туліць яе да грудзей, ціхенька праз зубы мычыць ад болю і спрабуе спатоліць кроў, якая льецца, льецца на калені, штаны, у сухі, прагны да вільгаці дол.
Я кідаю ў доле гранаты і хачу памагчы яму, але Папоў ужо сам укручвае яе ў падол гімнасцёркі і праз боль і лютасць раздражнена загадвае мне:
— Лазняк, агонь! Агонь!
Ага! Яны ідуць далей! Ззаду на іхнім шляху між траншэй і хадоў зносін узнімаюцца ўгору тры чорныя дымы, траскотным шалёным полымем палыхае танк побач, іншыя ж уздоўж вузкай палоскі сланечніку сунуцца ў вёску. Коратка спыняючыся, яны б’юць па разбітай і без таго вясковай ускраіне, прастор стогне ад іх частых, гулкіх стрэлаў, і здалёк чутна, як з кароткім імпэтным скрыгатам праносяцца іх балванкі.
Я ўсаджваю ў ствол бранябойны і бяруся за механізмы наводкі. Гарматка ўся абдзёрта асколкамі, дужа схілілася набок, але яшчэ слухаецца маёй рукі і паварочваецца. Я торапка падводжу вугольнік прыцэла пад зад нейкага танка і цісну кнопачны спуск. Тугі гумавы навочнік балюча б’е ў брыво, я не бачу, куды ляціць мой снарад, і кідаюся за наступным. Кідаю позірк на танк — там ужо адчынены люк, і з яго высоўваецца чорная закапцелая рука. Яна слепа лапае, стараецца ўчапіцца за край люка, але зрываецца і зноў лапае. З акопа коратка тыркае чарга — гэта Крывёнак, і я не гляджу, што там адбылося далей.
— Агонь! — сурова патрабуе ззаду Папоў. — Прыцэл больш два!
Я зараджаю, кручу дыстанцыйны барабанчык прыцэла, цэлю, гахаю стрэлам і зноў кідаюся па снарад. Папоў сядзіць зняможаны, моцна ўкруціўшы падалом руку, твар яго руды, вочы запалі. Люк на танку расчынены, але ў ім ужо не бачна нікога.
— Агонь, Лазняк! Агонь!
І я страляю. У прыцэле яшчэ відаць танкі, і я раз за разам кідаюся па снарады. Пот едкаю соллю слепіць мне вочы, капае з носа на рукі, але я разумею, што танкі — наша пагібель і трэба па іх страляць. Я не ведаю, колькі гэта цягнецца, — роўна і шалёна чаргуюцца ў маёй свядомасці прыцэл, вугольнік пад танкам, грымотны стук стрэлу, затым грымаса напружання і болю на зацятым твары Папова, яго патрабавальнае «агонь!» і снарады ў скрынках. Я кідаюся, поўзаю, глухну ад стрэлаў і часта-часта задышліва дыхаю. Але раптам я хапаюся за махавікі і шалёна паварочваю ствол сюды-туды, упіваюся зрокам у прыцэл — толькі марна. Танкі прайшлі далей, схаваліся ў вішняках, на разгароджаных падворках, між руін румынскіх хацінак…
— Усё! — кажу я і апускаю рукі. — Усё! Прарваліся!
Я сядаю на зямлю між станін, прыхінаюся да казённіка, ад яго патыхае жарам, але я не адхінаюся ўбок. Я ўжо ўвесь абяссілеў, аглух, у вушах гудзе, трашчыць, вые, і перад вачыма расплываюцца жоўтыя, аранжавыя, чорныя кругі. Высокае ўжо сонца бязлітасна паліць з прапыленага, завалочанага дымам неба. У полі пуста, сям-там жаўтаватыя ў зяленай траве бугаркі — гэта трупы. Вунь, здаецца, і знаёмы — раскінуўшы ногі, тварам уніз ляжыць салдат-кулямётчык, што нядаўна бег за сваім камандзірам. Побач выпалі з рук і ляжаць кулямётныя скрынкі.
І тады рэзкі магутны выбух скаланае зямлю. Над танкам, выкінуўшы ў бакі ласкуцце дымнага полымя, падскоквае вежа, коратка скрыгае сталь, гармата коса ўразаецца ў зямлю дульным тормазам. Агонь з яшчэ большым шаленствам пачынае жэрці гуму каткоў, фарбу, залітую бензінам зямлю навакол. У паветры над намі кружыць і асядае гарэлае ашмоцце тканіны.
З акопа выскокваюць Задарожны з Крывёнкам, стаіўшыся ў доле агнявой, яны пазіраюць на танк. Пасля Задарожны ўсхопліваецца:
— Што рабіць, браткі? Прападзём жа, га?
Во калі знікла яго заўсёдная наглаватая самаўпэўненасць, вось і збаяўся ён, гэты наш хвалёны смяляка. На яго гладкім твары — спалох, вочы мітусяцца, і ён нават не спрабуе саўладаць з сабой.