Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
— Чорт бы вас нечага камарыны пабраў!.. — Думкі мае абрывае Андрэеў рашучы бас. — Ты спіш? Світае. Давай будзем грэцца.
I праўда — днее. Зацягнула, як быццам па дождж. Суцэльная матавасць і халодная, нерухомая ртуць — і хмары, і вада, і раса, якою ўкрыта ўсё, за выключэннем хіба толькі вогнішча. Мы падмацоўваем яго з бясконцага запасу сухога аеру і галля. Агонь — няхай жывуць піянеры! — усцешана бухае ўгару і пачынае з азартнай прагнасцю трушчыць сушняк. А мы стаім і ўдзячна грэемся, як старыя, нямоглыя пілігрымы, працягваючы да полымя ледзь не дрыжачыя рукі.
Ды вось сігнал трывогі — пляхае першы шчупак.
— Але ж, брат, і вялікі! — зусім упэўнена здзіўляецца Андрэй. — Пайшлі.
I я ўжо чую, а потым яшчэ і яшчэ раз — усплёскі зусім незвычайнай, хвалюючай сілы. Бяром… дзе там!.. — хапаем халодныя, росныя спінінгі і, пакінуўшы гаманлівую чырвань, спятпаемся туды, вышэй па плыні, дзе мясціна, як гаварылася ўчора, найлепшая…
Пэўна ж, за нейкім трэцім закідам Андрэй бярэ!.. Сяледчыка, праўда, а ўсё ж… Ну, а ў мяне, трасца ёй, «барада»!.. Белая жылка «нуль і сем» — знарок лса, зараза! — чортведама чаго заблыталася так, што і хочучы не зробіш… Ды, збоку гледзячы, я гарачуся не надта. Я ўспамінаю нават тую хітрую свякроў, якая так вось вывучала маладую нявестку — як яна ніткі разблытвае, што ў яе за натура. Што ж, калі ты ўжо, ціхмана-патайная Ясельда, такая свякроў для мяне… Цьфу! Не свякроў, а цешча… Мачыха нават. Але пачакай. Так. I вось так. Ну і ўсё! А цяпер мы не пойдзем следам за дзедам — няхай сабе ён адзін шаломіць раку ў той бок — мы рушым уніз, дзе таксама мясціна. Ану!..
Хлопчыкі, хто мне паверыць, што, дальбог жа, з першага закіду!.. Спачатку быў штуршок, які ашуквае амаль таксама, як ламачына ці доўгі зялёны хвост багавіння. Але за ім, за няпэўным штуршком, хвалюючым прадвеснікам перамогі, пачулася сунраціўленне!.. Ён — таямнічы і, напэўна ж, агромністы, ён — спачатку туга, упарта паводжваў у бакі, а потым нябось паказаўся. Павярнуўшыся бокам, сагнуўшыся дугой, светла-зялёны ў кропачку, а ўсё ж такі ішоў… I гупнуўся на бераг, у траву, акропленую ртуццю.
…Сустрэчы, уражанні, роздум… Цудоўна ўсё гэта, непараўнана.
Аднак нядрэнна таксама, калі яна, рыба, не толькі «бяроцца»… Сядзіш ты, скажам, каля вогнішча ды грэешся ўжо не адным агнём, але і думкай, што вось і ў цябе тым часам, які ты там ні рыбак, а ўсё ж у беразе, у той вунь, зусім звычайнай дагэтуль завоінцы пад лазовым кусцікам стаіць на прывязі, як жарабец, во такі во шчупак!..
БЫСТРЫ НЁМАН
Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку, якія потым і сохнуць на плоце, і зімуюць недзе разам з сеткай.
А мы з Андрэем, як выпадковыя сёння таптушнікі, лазім па-гарадскому — у трусах ды ў майках, з непакрытай галавою. I вада на нас цурчыць з паднятай сеткі не надта прыемна, і ногі мы даволі грунтоўна паабдзіралі ў асацэ ды карчэўі, і камары ўжо намі пачалі цікавіцца бліжэй…
На беразе, за аерам стаіць трэці наш кампаньён — трыццацігадовы, здаравенны Валодзя, прыгажун з амаль дзіцячай усмешкай дабраты і нібы вінаватасці. У адной руцэ ў яго неразлучная папяроса, у другой — звычайная авоська з неспакойнай драбнарыбіцай.
— А ўсё-такі,— гаворыць ён, — хараство тут якое, хлопцы, у вас і рака, і луг, і лес…
Мы не спяшаемся з адказам, мы занятыя. Якраз Андрэй заходзіць, падводзіць свой бок таптухі да аеру, мы топчам ад зелля ў сетку, а тады — самы цудоўны момант! — паднімаем. I зноў хоць сціпла, але ўсё ж пацвярджаецца ўпартая народная праўда: «Рыба, браток, у Нёмане ёсць!» Гэтым разам у нас — не шалпатушкі-плоткі, не акунькі ці яршы, а сам ягомасць Шчупаковіч! Адцэджаны ў кулі, ён — зялёнай маланкай — замітусіўся па багавінні, па ніцяных клетачках, пакуль не квэкнуў у мокрай і прагнай руцэ. Толькі шпурнуўшы яго на бераг ды спусціўшы сетку ў ваду, Андрэй адказаў:
— Хараство, браце Валодзя. Зрэшты, так мы яго і рабілі, каб хораша… Сюды, сюды… Лявей. Пад гэты вось падазроны аерчык…
Нам ані крышку не холадна. I трэба было б гэтаму здзіўляцца, — позні вечар, палавіна жніўня, — але мы не здзіўляемся. Мы тут прымаем і цяпло і рыбу, як ад бацькі… Лезем па самыя ноздры ў ваду, здымаючы, між іншым, назол-камароў, падводзім, топчам, вымаем, кідаем на бераг — прагныя і шчаслівыя хоць цяпер, пасля няўдачлівага дня са спінінгам.