Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
I сапраўды — няхай бы ўжо і сёння час не ішоў так хутка, і маладосць няхай бы не ўцякала пад хрыпатас вяканне затузанага патэфона ў самотнай хаце за возерам, з адным «кавалерам», што і сямейны даўно, і вясёлы толькі тады, калі вып'е…
Бачыў я старым вокам, як вы цікавалі на нашых Генадзя і Міколу. Ды адзін з іх тым часам жанаты, а ў другога ўжо ёсць дзяўчына.
Хто на каго цікаваў, а бялявая Наталка — на чарнявага Генку. I мне міжвольна, не зусім дарэчы, успаміналася адна някрасаўская песня. Ды ты ж не такая, як тая, што ў песні, і ён — не карнет, гэты сціплы, задумёны прыгажун. Ён — свой, цяперашні, наш вясковы настаўнік, ваенны сірата, якога вывучыла куды больш дзяржава, чым маці, бальнічная санітарка. Ён яшчэ, Генка, і паэт, лепш кажучы — ён хоча і рыхтуецца ім стаць. Вось і цяпер ён думае, як гэта ўсё ахапіць — і гэтую ноч, і песню… А ты спяваеш, ты верхаводзіш, Наталка, і не думаеш нават, тпто твой голас і мілы дзявочы задор пойдуць за ім, што ён не зможа іх насіць адзін…
Зорнае неба плыве ды плыве, а возера наша, на жаль, упіраецца ў бераг. Каля Раманавага «склада» нас чакаюць два грузавікі —школьны воддаль, калгасны бліжэй. З асалодай бродзячы па цёплай вадзе, бадзёра гнучыся пад бітонамі, мы памагаем дзяўчатам перагрузіць удой у кузаў трохтонкі. I яны нам, дзівачкі мілыя, «шчыранька дзякуюць»…
Каб вы падохлі, рыбацкія камары!.. А ноч якая доўгая — нават і ў чэрвені — калі не спіцца!.. Ану, вазьму сябе ў рукі, захрапу, як Андрэй!.. Падцягаю калені ледзь не да самага носа, яшчэ раз папраў-ляю на сабе кітайскі лёгенькі плашч, намагаюся думаць пра штосьці цёплае, санлівае… Але дзе там! Лапаткі ажно ўздрыгваюць ад зябкасці, а зубы вось-вось увойдуць у зусім музычны, у цымбальны, чорт вазьмі, настрой. Цярпі, рыбак, уранні не пакаешся!..
Добрыя хлопцы — Генадзь і Мікола. Асабліва, як мне здаецца, Генка. А дружаць яны, паэт з матэматыкам, так, што, збоку гледзячы, — весела. Калі напрадвесні паэтава Зося нарадзіла першынца і неўзабаве паехала з ім да бабулі,— матэматык узяў свой халасцяцкі чамадан і прыйшоў з Інтэрната да «аўдавелага» Генкі. «Бо сумна…» Зрэшты, і гэтага, магчыма, не сказаў. З маўклівых ён, Мікола, з тых нават, што здаюцца сухаватымі,— хоць зрэдку і замармыча якую-небудзь мелодыю, а то і ўсміхнецца, заўсёды разумна і шчыра.
Зосіна фота Генка нам паказваў. Гляджу, і здаецца, што здымалася яна — ужо мамай. Бачыш, як губы зведзены, колькі рашучасці ў вачах. «Я, сам ведаеш, і кахаю цябе, я і пакорная, але прабач, голубе, — ёсць у мяне ўжо і тое, за што, калі хочаш, мы зможам і пасварыцца, за што я і пабурчу, няхай сабе, па-твойму, і непаэтычна…»
— Маладзец, — кажу я Генку і шкадую, што няма яшчэ здымка сыка, што я іх з мамай на гэты раз не пабачу.
Мне і цяпер вось хочацца ўявіць Генкавага наследніка, параўнаць яго, скажам, з маім… Ты цяпер недзе спіш сабе, залатабровы мой ды чарнавокі!.. А Генку я люблю даўно, хоць ведаю толькі тры дні. Бо я калісьці, пішучы, уяўляў такога вось студэнта і паэта і думаў, баяўся, што ён — маё ўяўленне. А ён вось жывы. Праўда, Генка ўжо стаў са студэнта настаўнікам, але затое ён куды лепшы за тое маё ўяўленне аб ім, хоць вершы яго і «навелы» яшчэ слабаватыя. Пакуль што. Учора ноччу, калі мы, раз-вітаўшыся з даяркамі, Раманам і дырэктарам, селі на калгасны грузавік з бітонамі і патрэсліся лесам ды полем у зялёны гарадок, мы з Генкам гаварылі пра нашу любімую справу. Між іншым, і пра такое:
— Чуў — да дзяўчат гэтых прыязджалі летась «пысьмэнныкы з газэты»? Запісвалі многа, здымалі, абяцалі надрукаваць. Хлопцы, кажуць, яшчэ маладыя. I вось ужо год у газеце нічога няма. Наколькі я памятаю, няма, не было і ў часопісах. Падманулі «пысьмэнныкы». А чаму, як ты думаеш?
— Надой нізкаваты. Хваліць няма за што, біць — пакуль што таксама. От сабе, проста жыццё «без характэрных рысаў сучаснасці». Калі тыя хлопцы і захапіліся чым, дык знайшоўся старэйшы, паправіў.
— Ну, а папраўдзе?
— Вы самі бачылі — людзі цудоўныя. Боязна робіцца: як напісаць пра іх дастойна?..
«Напішаш, Генка, — думаю я цяпер, — напішаш, чыстая душа, толькі самім сабою будзь, не палохайся нізкіх надояў, а заўважай перш за ўсё чалавека. I не вучыся цвёрдай сухасці ды слізкай гнуткасці ў таго, хто доўга лгаў і ўсё аддаў той баязлівай ці карыслівай мане. Усю душу сваю, нібы торбу пустую, дзіравую, выпетрыў, а пісаць яшчэ хоча I сёшгя. Ды не проста пісаць, а па прывычцы — вучыць…»