Маска чырвонае смерці
- Автор: По Эдгар Аллан
- Год: 2011
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-03-5
- Переводчик: Сяргей Шупа
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:
Памяць пра шматлікія змрочныя гадзіны, праведзеныя мною сам-насам з уладаром Дому Ашэраў, ніколі не пакіне мяне. Але мне б ніколі не ўдалося хаця б даць уяўленне пра тое, чым былі заняткі, да якіх ён залучаў мяне, у якіх ён кіраваў мною. Хісткая і зменлівая, нерэальная атмасфера кідала на ўсё вакол пякельны водбліск. Ягоныя доўгія імправізаваныя пахавальныя плачы заўсёды будуць гучаць у мяне ўвушшу. Сярод іншага болем адгукаецца ўва мне ўспамін пра нейкую дзіўна вычварную варыяцыю на тэму шалёнай мелодыі апошняга вальсу фон Вэбера*. З карцінаў, якія нараджала ягоная буйная фантазія, якім кожны мазок дадаваў няяснасці і якія напаўнялі мяне трымценнем — тым большым, што я не ведаў яго прычыны, — з гэтых карцінаў, што і цяпер стаяць перад вачыма, толькі маленькая частка падлягала слоўнаму апісанню. Строгая прастата лініяў, выразны, без прыхарошвання, малюнак — усё забірала ўвагу і завалодвала гледачом даастатку. Калі якісьці смяротны і мог маляваць ідэю, то гэтым смяротным быў Родэрык Ашэр. Прынамсі, мне, у тых абставінах і ў тым атачэнні, бачылася, як з чыстых абстракцыяў, якія пад рукою майго сябра-іпахондрыка ўвасабляліся на палатне, нараджалася найглыбейшая і невыносная жуда, ні ценю якое я ніколі не адчуваў, сузіраючы безумоўна бліскучыя, але ўсё ж занадта канкрэтныя відзежы Фюзелі*.
Адзін з фантасмагарычных твораў майго сябра, не такі немагчыма абстрактны, як іншыя, можна, хоць і ў невялікай ступені, пераказаць словамі. Маленькая карціна выяўляла неймаверна доўгі прастакутны склеп або калідор, нізкі, з гладкімі белымі сценамі без аніякага ўзору або няроўнасці. Некаторыя дэталі малюнка давалі адчуць, што гэты склеп ляжыць вельмі глыбока пад зямлёю. Ніводнага выхаду не было відаць на ўсёй неагляднай яго прасторы, не было ніводнай паходні ці яшчэ якой-кольвек штучнай крыніцы святла. Тым не менш мноства яркіх прамянёў залівала ўвесь склеп, поўнячы яго дзіўным жудасным ззяннем.
Я толькі што згадваў пра хваравітасць слыхавога нерва, якая любую музыку рабіла для пакутніка невыноснай, за выняткам гучання некаторых струнных інструментаў. Магчыма, вузкая сфера, якою ён абмежаваў сябе, — гітара — у значнай ступені абумовіла фантастычнасць ягонага грання. Але нечуваную лёгкасць яго імправізацыяў гэтым патлумачыць немагчыма. Неўтаймоўныя фантазіі, выказаныя і ў гуках, і ў словах (зрэдку ён суправаджаў музыку вершаванымі экспромтамі), мусілі быць — і былі — вынікам напружанай разумовай засяроджанасці, якую, як я ўжо казаў, можна было назіраць толькі ў асаблівыя моманты найвышэйшай, штучна выкліканай экзальтацыі. Словы адной з такіх рапсодыяў я лёгка запомніў. Магчыма, яе выкананне так моцна ўразіла мяне, бо акурат тады я, зразумеўшы яе найглыбейшы схаваны сэнс, упершыню выразна адчуў: Ашэр цалкам усведамляе, што трон яго высокага розуму пахіснуўся. Верш, які называўся «Закляты замак», гучаў прыблізна, а магчыма, і дакладна так: