Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Раптам усё пачынае мне падабацца: з дзяўчатамі лёгка і прыемна, не трэба выціскаць з сябе нейкія разумныя банальнасці, ва ўсялякім разе знаходзіцца ў гэтай кампаніі больш прыемна, чым сядзець ля відэамагнітафона.
Мы пілі шампанскае, Юрка апавядаў неверагодныя гісторыі са сваёй футбольнай біяграфіі, і часам мне здавалася, сам пачынаў верыць у іх.
«Аднойчы вячэралі ў Тэхасе з сынам Ханта Ламара, і ён раптам прапаноўвае мне перайсці ў яго ўласную каманду; вакол вядомыя прыгажуні ў дайманах, рынгах, самыя шыкоўныя ва ўсёй Амерыцы, ну і кантракт адпаведны — мільён долараў у год!»
«У Рыме падкатвае да мяне Рывеліна, які стаў цяпер буйным мільянерам, і гаворыць: «Давай, Юрка, адпачнём, як тады, у Монтэ Карла альбо Акапульцы, спадзяюся, ты памятаеш тыя цікавыя мясціны?»
«Прыязджаем у адну вілу, а там чакае дачка Анасіса, якая нядаўна развялася з нашым хлопцам са знешгандлю, і нябожчыца Ромі Шнайдэр».
Гэткіх гісторый у Юркі неверагодная колькасць.
Мне робіцца весела, я запрашаю Веру на танец і ледзьве не падаю ад вострага болю — я зусім забыў пра сённяшнюю траўму. Аднак, сціскаючы зубы, іду танцаваць. Пайшлі на карысць музычныя трэніроўкі Ярэмчанкі і пэўны міжнародны, як гаворыць Юрка, вопыт. Нячаста, але мы ўсё ж бываем на розных прыёмах, сустрэчах у маладзёжных клубах.
На сваё месца я вяртаюся ўзмакрэлы.
— Што з вамі? — пытаецца Вера.
— Нашага героя сёння ледзь не зрабілі інвалідам першай групы. Але шампанскае пайшло яму на карысць. Мне яшчэ скажуць дзякуй трэнеры і балельшчыкі,— гаворыць Юрка.
Вечар заканчваецца надзвычай хутка, хоць на гадзінніку за поўнач.
— Ты не шкадуеш, што я адарваў цябе ад тэлевізара? — пытаецца Юрка і пераможна паглядае на мяне.
— Дзякуй табе, я па-сапраўднаму адпачыў.
Побач са мной ідзе Вера. На нашу кампанію паглядаюць з усіх бакоў. Юрку гэта натхняе яшчэ больш, ен нешта гучна расказвае. Мне ягоная балбатня пачынае дзейнічаць на нервы. Я бяру Веру пад руку, і мы амаль выбягаем з рэстарана. Пытаюся ў Веры:
— Што далей?
— Прашу цябе не назначаць спаткання, добра?
— А я і не збіраюся.
Сапраўды, гэта мне і ў галаву не прыйшло.
— Спорту з мяне хапае,— кажу я,— а іншага паміж намі быць не можа.
— Вось як?!
— Чыстая праўда.
— Тады запішы мой нумар тэлефона, хоць не, давай лепш свой. Я табе сама пазваню.
Я паціскаю плячыма і кажу:
— Мяне цяжка знайсці дома. Сама разумееш, увесь час паездкі.
— Нічога, я знайду,— гаворыць яна ўпэўнена.
I тут з’яўляецца Юрка са Святланай.
— Прапаную праведаць Кастуся, у яго ёсць нядрэнныя фільмы.
Ён трымае ў руках дзве бутэлькі шапманскага.
— Другім разам,— гаворыць Вера.— Мы пра ўсё дамовіліся,— яна бярэ мяне пад руку, і мы садзімся ў машыну.
Яна назвала адрас, гэта недзе ў раёне метро Шабалаўская.
Мы моўчкі сядзім побач.
— Не хацела я знаёміцца, а цяпер не шкадую,— гаворыць яна, і я адчуваю яе дыханне.
— Я таксама не шкадую. Быў страшэнна стомлены, у дрэнным настроі, а цяпер усё быццам бы цудоўна.
— Вось і добра. Я пазваню табе, абавязкова пазваню,— паабяцала яна і знікла сярод ночы.
Назаўтра быў свабодны дзень, мне пазваніў Юрка, падрабязна распытаў пра тое, чым скончылася сустрэча з Верай, сказаў, што характар у яе не з лепшых, але нічога, яна не адзіная на свеце. Ён прапанаваў новую, прыкладна аднолькавую праграму на вечар, але я адмовіўся, сказаў, што вырашыў схадзіць у тэатр.
— Тэатр?! — здзівіўся Юрка.— Ты ж не пенсіянер!
— Прабач, Юрка, але я спяшаюся.
Вечарам я нікуды не пайшоў, хоць у кішэні ляжалі два білеты на «Таганку». Раптам знікла жаданне. Ды і з кім ісці? Я ляжаў і гартаў перад тэлевізарам розныя часопісы. Але чытаць таксама не хацелася. Да мяне забег Мікола Аржан з нашай каманды, прынёс дзве касеты з відэафільмамі, і ўвесь вечар мы сядзелі ля тэлевізара. Фільм быў нічога сабе, яго герой нечакана для сябе самога стаў прафесійным забойцам. На тое была асаблівая прычына — ад рук гангстэраў загінулі дачка і жонка, герой набыў кольт і вырашыў адпомсціць. Ён блукаў па начах па цёмных вуліцах, дзе правацыраваў нападзенне на сябе і тут жа адкрываў агонь са свайго кольта. Страляў ён выдатна, некалі служыў у джы-ай і меў нядрэнны вопыт.
— Ты, я гляджу, увесь час сядзіш дома,— заўважыў Мікола.
— Чаму! Учора быў выдатны вечар у «Цэнтральным».
— Там амаль кожны вечар тырчыць Юрка, гэта ягоная фірменная база,— адказаў Мікола.
Я не здзівіўся.
— А мы з ім былі разам.
— Ты чалавек новы ў нашай камандзе, я табе не раю звязвацца з Юркам.