Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў
Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў

Электронная книга - «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў». Краткое содержание книги:

Бегаў, зварыў мярзотную каву, кашляў, глытаў макроту, паліў без супынку. Потым пачаліся мэтамарфозы: шафа стала дзьвярмі, у якіх намалявалася бабулька з зашмальцаваным рушніком і прадрапала: „Калі ноччу захочаце ў туалет, дзевушка, рабіце проста ў вядро, я на раніцу вынесу”. Метамарфозы працягваліся. „Ня трэба, траляля Пятровіч”. Кветкавы гаршчок стаў попелкаю, тэлевізар — сталом, цьмяная лямпачка ўверсе — загадкавым сталактытам, ён — заснулым на маіх каленях алкаголікам. Іспанскі мастак і канкістадор Хасэ Мануэль Дасьвіданья маркотна глядзеў на мяне са сьцяны.
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 40
Перейти на страницу:

Гэтак яны размаўлялі.

— І ў мяне — такая маці! — пругка пацягнулася ўсім целам Малярова-малодшая, выходзячы на кухню. — У мяне — самай пурытанскай пурытанкі! Мам, а што такое кунілінгус?

— Адвалі, — у дачку паляцела падушка.

Ключ выпаў зь яе рук, калі Дара паўчытала, паўузгадвала лісты, якія пісала ў раддоме Малярову. Ён тады яшчэ бегаў пад запыленымі вокнамі і дэманстраваў ёй агромністага кракадзіла са злавесным выразам пысы: калі Малярова-малодшая крыху падрасла, то страшэнна баялася гэтую ні ў чым не вінаватую істоту. Пасьля разводу кракадзіл быў без сумненьняў выкінуты. А цяпер з-пад лістоў выпаў ключ.

Ключ ад аднапакаёвай кватэры ў яечнага колеру хрушчоўцы. Там жыў гэты... як яго... Воршын. Маляроў ні пра што не здагадваўся: еў, піў, спаў, насіў на руках лямантуючую дачку, як сапёр бомбу. Але перад гэтым быў дзень: Дара ўваходзіла ва ўвесь напоўнены твідавай сінечай пад'езд, і гэты ключ, заціснуты ў яе руцэ, быў як маленькае ўкрыжаванне. Яна апыналася ў кватэры, кава, быццам надумаўшы пазагараць, вылівалася на безнадзейна брудную пліту сваёй шакаляднай сьпіной, камфора, зь якой усьлед за патухлым полымем злосна сіпеў газ, утварала круглую выспачку сярод каўнага мора — яшчэ адзін сымболь яе тагачаснага жыцьця. Воршын прыходзіў, будзіў яе пацалункам у мезенец — ён наагул любіў рытуалы. У кожную іх сустрэчу ён прыносіў тое, што выклікала ў Дары незразумелы й прыцягальны страх — манэту. Дара ня ведала, з чаго Воршын рабіў іх, хутчэй за ўсё са старых савецкіх пятакоў, але гэта сапраўды былі манэты іхнай з Воршыным дзяржавы. На кожнай зь іх быў твар Дары, вельмі пазнавальны і ад гэтага яшчэ больш жудасны, нібы яе адлюстраваньне пачынала жыць сваім уласным жыццём. Гравёр ён быў, ці што... Дара заўважала за гэтым дзіўным, неахайна апранутым чалавекам шмат талентаў, але ўсе яны цэнтралізаваліся поўнай адсутнасцю амбіцыяў. Гаварылі яны з Воршыным мала, любімымі яго словамі былі розныя моўныя даўняты, кшталту „ну”, „гэта самае”, „так вось”. Але было добра, добра было — і ўсё тут. Потым Воршын зусім перастаў размаўляць, а твар Дары на манэце станавіўся штосустрэчы ўсё больш чужым, нават варожым, захоўваючы, аднак, вонкавае падабенства. Урэшце ўсё скончылася, на паўруху, на паўслове, як, зрэшты, і пачыналася. У вадным зь першых сваіх матэрыялаў у „Скво” Дара выкарыстала такі вар'яцкі, іншаплянэтны й кароткі досвед тых спатканьняў... каляжанкі пасьмяяліся зь яе фантазыяў. З ганарару яна набыла цацачны палац, па якім прагульваліся накрухмаленыя кароль з каралеваю, ды адправіла яго Воршыну з пасыльным. Болей яны ня бачыліся. Малярова-малодшая гуляла з манэтамі, смокчучы іх пад адсутным позіркам закампутарчанай за дзень маці. Ключ быў кінуты ў шафу, дзе, перакладаемы з паліцы на паліцу, дабраўся ўрэшце да старых лістоў ды фотаздымкаў. Хутка зьнік і Маляроў, пакінуўшы толькі прозьвішча, недатынкаваную столь на кухні ды пару сваіх кашуляў з пахам Дары — яны ляжалі на пральнай машыне, і Малярова-свабодная доўга не наважвалася іх выкінуць.

...Цяпер ключ зноў ляжаў на яе далоні, і пальцы Дары ўзважвалі дакучлівае халоднае цельца. „Чаму б і не?” — падумалася ёй, хаця юнае, нікога ня слухаючае „так” даўно грукала ў грудзёх. „Чаму б і не?” — гэтак бывае, калі, толькі-толькі навучыўшыся плаваць, трапіш далёка ў гушчыню хваляў, і раптам адчуеш — выключна розумам, выключна раздражнёным ад вымушанага адпачынку Здаровым Сэнсам, што даводзіцца паўсюль цягаць за сабой як ратавальнае кола на ўсялякі выпадак — адчуваеш, што пад жыватом тваім — каламутная бездань, і бездані гэтай абыякавыя высокі рост, аб'ём цягліцаў ды моцныя ікры... але тыя ж рукі, тыя ж ногі, якія прывялі цябе сюды, упэўнена рассоўваюць цяжкія вадзяныя парцьеры прысьмірэлай прыроды, і сонца прыпякае, і бяжыць проста ў вусны дробная рабізна... чаму б і не?

— Малярова, ты куды? — крыкнула ёй дачка з кухні — там сядзеў яе чарговы кавалер, піў каву зь вяршкамі ды чырванеў. — Ты надоўга?

Зьвязка ключоў прыняла навічка неахвотна. Седзячы ў душным таксі, Дара спрабавала выклікаць у памяці твар Воршына, але замест твару зьяўляліся то неспакойныя рукі, заўсёды ў кішэнях пінжаку (Дара згадала, што напачатку іх сустрэчаў яе не пакідала ўражаньне, што Воршын мусіць перадаць ёй нейкую забытую рэч), то ягоныя „ды...”, „гэтае самае...”. Ну добра, пачнем з валасоў, хаця Воршын, відаць, ужо аблысеў — валасы ў яго былі кучаравыя й доўгія... зубы... зубы кепскія... Дару ўражвала, зь якой хуткасцю ў тыя дні старэў Воршын: штодня ягоны лоб трэскаўся новымі зморшчынамі, зубы крышыліся, нібы Дара прыносіла яму ня смажаных куранятаў, а іх муляжы. Сэкс забіваў Воршына напавал — гледзячы на яго, голага, здышлівага, Дара пачувалася прафэсыйным баксёрам. Арганізм Воршына, напэўна, вырашыў выканаць жыцьцёвы плян ударнымі тэмпамі. Якім ён быў у яе — пятнаццатым, дваццатым? ...Што прымушала яе калісьці стрымгалоў ляцець у гэты дом ля трамвайнага прыпынку? Бруд пад ягонымі пазногцямі? Вечнае маўчанне, якое яшчэ больш падкрэслівалася часовымі прыступамі мармытання — якраз у той момант, калі Дара пачынала міжволі з павагаю думаць пра ціхмянасьць свайго каханка? Воршын умеў стварыць вакол сябе пустату, і натуральныя пытанні Дары павісалі ў ёй, ператвараючыся ў нешта недарэчнае й глупае. Не, ствараць вакол сябе пустату ніколі не было для Дары вартым талентам. Што ж яе прымушае шукаць цяпер кволае, хворае рэха мінулага?

1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 40
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)