Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 268
Перейти на страницу:

— Колькі чалавек маеш? — запытаў камроты.

— Я?

— Ты.

Піліпенка на момант збянтэжыўся, пераступіў на квякучым дзірване. Вядома, ён ужо палічыў сябе радавым і, мабыць, патроху звыкаўся з тым, а тут ротны, нібы нічога кепскага між імі і не здарылася, пытаўся пра ўзвод.

— Пятнаццаць, кажысь, — няўпэўнена сказаў старшына.

— Патронаў ёсць трохі?

— Трохі ё.

— Падрыхтавацца да атакі.

— Зараз?

— Зараз!

— Ёсць! — з незразумелай амаль радаснай рашучасцю гыркнуў Піліпенка. I ні здзіўлення, ні якога пытання — ён успрыняў загад так проста, нібы ад яго патрабавалі строіць узвод на вячэру ці ў лазню. Пасля ўжо я зразумеў, што тым самым Піліпенка без лішніх слоў вяртаўся да свае ранейшай пасады, якая, аказваецца, штосьці ўсё ж для яго значыла.

— I давай усіх сюды. У агульны ланцуг.

— Ну, відома, у агульны, — падхапіў Піліпенка. — Так міцніше вдарыты.

Камандзір роты ўважліва паглядзеў на старшыну.

— I ты глядзі мне! Каб не цягнуліся, як на базар. Браском!

— Нэ хвалюйтэсь, побіжаць. Я іх…

Ананьеў, не даслухаўшы, павярнуўся да Шапы.

— Прымай другі ўзвод.

— Я?

— Ты.

— Ёсць! — не адразу сказаў Шапа, і было не зразумець, узрадвала гэта яго ці занепакоіла.

— Што — не ўкамандуеш?

— Паспрабуем.

Камандзір роты крыху падумаў ці, можа, прыслухаўся. Але на вышыні было ціха, навокал ледзь чутна шапацеў золкі надакучлівы дождж. Толькі недзе далёка за пагоркам глуха таўклі зямлю выбухі.

— Пятнаццаць мінут на падрыхтоўку і — упярод!

Ананьеў сказаў гэта і змоўк. Новыя ўзводныя стаялі, не варухнуўшыся — насупраць унізе Піліпенка і з боку ад яго Шапа. Яны чакалі, што ён скажа яшчэ, але ён коратка кінуў: «Усё!», і яны хуценька пабеглі — адзін цераз поле, другі ў той канец насыпу. Камандзір роты ўзбег на адхон. Мяне ён быццам не заўважаў.

Што ж, атака — дужа звычайная на вайне справа, хоць, ведама, зусім прывыкнуць да яе нельга. Колькі б разоў ты ні паднімаўся ў атаку і ні асільваў у сабе свой страх, але кожны наступны будзе гэткі ж страхавіта-знобкі, як і ўсе ранейшыя. Ой, як не хочацца вылазіць са свайго выратавальнага акопчыка ў вялікі грымотны свет, скрозь пранізаны кулямі ды асколкамі, самага маленькага з якіх зусім дастаткова, каб скончыць тваё адзінае і такое неабходнае табе жыццё! Боязна ўставаць, але трэба. Кожную атаку вызначае загад вышэйшага камандзіра, план бою. Часам таго вымагае вораг, які, калі не знішчыць яго, знішчыць цябе.

Тут жа атакі не вымагаў ніхто.

Я перажываў і не ведаў, як падысці да чужога, рэзкага, проста злога і зацятага камандзіра роты, каб сказаць яму аб гэтым.

— Таварыш старшы лейтэнант!

Лежачы бокам на растаптаным адхоне, ён назіраў за праціўнікам і не павярнуў нават галавы. Але ён чуў мой зварот, нешта западозрыў у ім і насцярожыўся. I я, стоячы ніжай, у трох кроках ад яго, ціха сказаў, каб учуў толькі ён і ніхто болей:

— Дарма вы.

— Што?

— Дарма, кажу.

Ананьеў марудна, бы ўпершыню мяне тут заўважыўшы, павярнуўся на локці.

— Што? — перапытаў ён такім тонам, што я аж сцяўся, і ён змераў мяне працяглым, варожым позіркам. — А ты якога д’ябла тут акалачваешся? Я табе што загадаў? Ану, марш у тыл! Бягом!!

Ён крычаў на мяне ўпершыню. Ніколі раней я не чуў ад яго злога слова, бо з усяе сілы стараўся не заслужыць нават заўвагі, і ён тое ведаў. А тут крык! I амаль непрыкрытая непрыязнасць у позірку… Спярша мяне гэта здорава такі збянтэжыла, і я моўчкі стаяў з такім уражаннем, нібы пад нагамі загойдаўся і ціха паварочваецца кудысь і адхон, і дарога, і ўвесь белы свет. Але вельмі хутка стала зразумела, што не я быў прычынай нястрыманасці камандзіра роты, а хутчэй яго ліха, ягоная безвыходнасць і, мабыць, бездапаможнасць, а я толькі падвярнуўся яму не ў час. I мне не стала ні крыўдна, ні злосна, было толькі надта ўжо прыкра.

Між тым сюды ўжо бег першы ўзвод. Паўтара дзесятка аўтаматчыкаў гуськом трухалі па ўзмежку. Піліпенка, матляючы поламі даўгаватага шыняля, ужо збягаў у балацявінку. Я засцярожліва зірнуў на вышыню — на шчасце, вяршыня яе ўсё хуталася ў волкім тумане, інакш не шмат іх дабегла б да насыпу.

Ананьеў сеў на адхоне і саўгануў кабур «вальтэра» бліжэй да спражкі.

— Дай каску! — раптам сказаў ён, ужо без нядаўняй варожасці, нібы тым даючы зразумець, што больш на мяне не злуецца.

Не ведаючы, як рэагаваць на тое, я здзёр цераз падбародак мокры брызентавы раменьчык каскі і аддаў яе камроты.

1 ... 131 132 133 134 135 136 137 138 139 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)