Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
Зноў з’явілася і пачало мацнець нядобрае прадчуванне бяды.
Прыкметны непакой прамільгнуў і на збялелым, завостраным твары Грыневіча, калі я зноў спусціўся да яго. Моўчкі хвіліну я ўзіраўся ў гэты ягоны твар, не хочучы турбаваць параненага сваёй тут прысутнасцю, але ён, пэўна, пачуў мяне і з ціхай настойлівасцю выдыхнуў.
— Ты тут? Не трэба. I… гэтае самае… мы ж землякі.
— Як? — сарвалася ў мяне. — Вы хіба з Беларусі?
— Іменна. З Барысава.
Бог мой — як жа так здарылася? Чатыры месяцы мы праваявалі разам, кожны дзень побач — і спалі, і елі, і нават калі-нікалі ён пакрыкваў на мяне, а я і не падумаў нават, што ён — мой зямляк. Чаму ж ён не намякнуў мне аб тым раней — беларусаў жа ў роце, апроч нас, здаецца, не было нікога.
— Чаму ж вы не сказалі? — папракнуў я з прыкрасцю, апускаючыся ля яго на калені.
— А нашто? Нашто аддзяляцца?
Ды не аддзяляцца — пры чым тут аддзяляцца, — проста я зусім другімі б вачыма глядзеў на яго ўсю зіму, можа б, я зрабіў для яго што добрае — столькі было выпадкаў, калі я праносіў міма яго свой клопат і сваю ўвагу, без якіх, зрэшты, нампаліт надзіва ўмеў абыходзіцца. Ён не меў ардынарца, і ніколі яму нічога не было патрэбна.
На мяне хлынула амаль пяшчота да нампаліта, страх за яго жыццё ахапіў мяне з новаю сілай. Трэба было нешта рабіць, неяк ратаваць лейтэнанта, але я не ведаў, куды цяпер можна падацца.
Раптам ён надта напружыўся, крута адкінуў голаў і, выгнуўшыся, павярнуўся на бок. Шапка ўпала з яго галавы, нязграбная тоўстая павязка з бруднымі слядамі ад пальцаў на марлі ссунулася на вуха. Я ўхапіў яго за плячо, каб не даць яму і зусім скаціцца з ватоўкі, і адчуў пад пальцамі неймаверна гарачае на холадзе яго цела. Грыневіч заторгаў нагамі, нібы спрабуючы скінуць з сябе палатку.
— Што з вамі? Што вам? — спалохана загаманіў я, але ён ужо не адказаў.
Я пачаў прытрымліваць яго на ватоўцы — ён жа ўсё кідаўся ў бакі, адной рукой справіцца мне з ім было цяжка. Да таго ж, здаецца, ён перастаў пазнаваць мяне і не дужа выразна, у нос, як ніколі не гаварыў раней, выкрыкваў:
— Гарохаў, Гарохаў! Эх ты! Бяжы скарэй! Стой! Паклічце Гарохава!..
Ён неўпрыцям скалануўся, абаперся на рукі і прыўзняўся, зблізку і недаўменна зірнуў мне ў твар шырока раскрытымі вачмі, якія наўрад ці што бачылі. I, нібы падкошаны, упаў дагары на ватоўку.
— Здаецца, я ўсе…
— Што вы? Таварыш лейтэнант…
— Ладна. Ты ідзі, — раптам памяркоўна і выразна сказаў ён. — Я буду паміраць.
— Ды што вы?!
Па яго тоне і па ўсім яго выглядзе я зразумеў, што ён не памыляецца, і не на жарты спалохаўся. Трэба было неадкладна нешта рабіць, але ў мяне нават не было вады — пусты кацялок ляжаў на зямлі, і дождж далікатна барабаніў па ягоным баку.
Не раздумваючы болей, я схапіў кацялок і ля канавы пад насыпам пабег да рэчкі.
Гучна квякаючы абцасамі ў набрынялым вільгаццю дзірване, я падбег да берага. Вада тут была глыбакавата. Каб дацягнуцца да яе, трэба было ўкленчыць, і я, выцягшы руку, таропка ўзмахнуў кацялком. Аднак лёгкі кацялок няслушна віхляў на драцяной дужцы, не хочучы набіраць вады. Я схіліўся ніжэй, але ў тое ж імгненне ад спалоху рэзка ўскінуў галаву і застыў у секунднай разгубленасці.
Насупраць за рэчкай з туманнай дажджлівай імглы ля дарогі вынырнула цьмяная постаць у касцы, побач паявілася яшчэ двое, я павёў позіркам далей і ўбачыў увесь іх ланцуг, які насцярожана і хутка крочыў па стаптаным схіле ўніз.
Упусціўшы кацялок, я адхіснуўся ад вады, здушана крыкнуў:
— Немцы!!
Але было позна. Я паспеў толькі ўскочыць, як блізкая аўтаматная чарга, хлёстка шчоўкнуўшы пад нагамі, распластала мяне на траве галавой да ракі. Захлынуўшыся крыўдай, я апошнім звышнамаганнем пераваліў сваё цела на бок, але ўстаць ужо не мог. Позірк слізгануў па мутнай, усеянай дажджавой рабізной вадзе, у якой ля самага берага ціха пагойдваўся мой круглы скасабочаны кацялок…
Сотнікаў
1
Яны ішлі праз лес глухой, замеценай снегам дарогай, на якой не было ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза. Тут, мусіць, і ўлетку не часта ездзілі, а цяпер, пасля доўгіх лютаўскіх мяцеліц, дык і ўсё зараўняла снегам, і каб не лес — елкі ўперамежку з хмызам, — які няроўна расступаўся па абодва бакі, пакідаючы ўсярэдзіне вузкую белую крывуліну, дык было б і не здагадацца, што тут дарога. І ўсё ж яны не памыліліся. Углядаючыся праз голы, затуманены прыцемкамі хмызняк, Рыбак усё больш пазнаваў гэтую пуцявіну, якую ён памятаў яшчэ з восені, калі пад нагамі плюхалі лужыны, а ў лесе густа церушыў лістапад і восеньскі вецер імжыў наўкола нудным сцюдзёным дажджом. Тады іх чалавек пяць з групы Смалякова неяк пад вечар таксама прабіралася па гэтай дарозе на хутар, і таксама каб раздабыць харчу, ну і яшчэ адпачыць і пасушыцца ў цяпле. Вунь якраз і знаёмы равок, які доўгім крутабокім языком выцягнуўся да самай дарогі, і тая, ухінаючыся ад яго, брала ўлева, у хмыззё, і неўзабаве знікала ў алешніку, праглынутая змрокам. Тут яны сядзелі тады ўтрох і курылі, чакаючы, пакуль двое, што пайшлі на хутар, не пададуць сігнал ісці следам. Цяпер, аднак, у равок было не ўлезці — з берага звісала намурованая мяцеліцай снегавая застрэха, голыя дрэўцы на схіле з суччам патанулі ў снезе.