Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 268
Перейти на страницу:

I тым не менш ішоў час, а на схіле не было відаць ніводнага руху адтуль.

Але вось траскотны агнявы напор стаў патроху слабець, тым азначаючы, пэўна, пералом у баі, я зноў пільна ўгледзеўся ў прыцьмелыя схілы, ды ўсё марна. Значыцца, не адступаюць, усе там. Але тады — выходзіць, уварваліся?

Зноў даляцеў як бы нейкі голас, і зноў немагчыма было здагадацца, чый гэта быў голас — нашых ці немцаў. Аўтаматы бязладна патрэсквалі ў розных мясцінах, нібы хтосьці нябачны на вышыні рыўкамі рваў дужа крэпкі сувой зрэбніны. Кулі, аднак, над дарогай не лёталі, і я падумаў, што страляюць, напэўна, у той бок. Але гэта ўжо значыла, што агонь вядуць нашы.

Усё ж поўнай упэўненасці ў тым у мяне яшчэ не было, і я ўсё ўзіраўся праз імглу на раскіслыя плямы снегу за рэчкай — ужо б я заўважыў, калі б там хто бег. Ды з вышыні ніхто не паказваўся.

Яшчэ праз чвэртку гадзіны разрознены трэск аўтаматаў спыніўся, і неяк нясмела ўсё навакол заціхла.

17

Я чакаў цярпліва і трывожна: калі рота адбіла вышыню, значыць, Ананьеў павінен быў кагосьці прыслаць за намі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, я ўжо выглядваў яго, заўжды жаданага пасланца з бою, які б канчаткова супакоіў нас весткай, што вышыня ўзята. Але ён чагось бавіўся, што, зрэшты, можна было зразумець толькі скончыўся бой і там таксама, вядома, не абышлося без страт.

Паранены нампаліт унізе, які ўвесь час ляжаў, нібы нежывы, раптам пачаў варушыцца.

Я ўскочыў, паслізнуўся, загарнуўшы полы шыняля, споўз да канавы.

— Што, дрэнна вам?

Да скрыпу сцяўшы сківіцы, ён канвульсіўна напружыўся на зямлі, нібы спрабаваў разарваць на сабе нябачныя путы, галава яго закінулася, забінтаваная патыліца ўціснулася ў гразь. Хвіліну паранены змагаўся з болем або нейкаю нядобрай, адолеўшай яго, сілай, затым адразу абмяк і спытаў:

— Дзе рота?

— Там рота. Здаецца, узялі.

— Дай піць.

Я паднёс да яго сцятых зубоў беражок кацялка, зноў разліў ваду, але, здаецца, хоць крыху, выпіў і ён. Потым нібыта супакоіўся, памаўчаў, праз сілу ўздыхнуў і з перапынкамі не адразу выдыхнуў:

— Не ідуць?

— Хто?

— Па нас не ідуць?

— Не, па нас яшчэ не ішлі, прынамсі, адсюль не відаць было, — і я ўхапіўся за гэта ягонае пытанне, каб зноў узлезці на насып.

— Няма нікога. Але прыйдуць, не забудуць! — знарок бадзёра пракрычаў я зверху.

Навакол было ціха, мокра і абсалютна пуста. У гэтай цішы болей чутныя зрабіліся гукі далёкіх і блізкіх баёў; дзесь за пагоркам часам пагрукоча ды сціхне кулямёт, здаецца, наш «максім», з поўдня, аслаблены адлегласцю, глуха даносіўся магутны крэкат гармат — быццам хтосьці нябачны і агромністы качаў па зямлі вялізныя каменні: гого-го, гу-гу, гах-гах-гах! Я сеў бокам на адхон, раз-пораз паглядваючы то на туманістыя схілы вышыні, то на майго нампаліта ўнізе. Былой непрыязнасці да яго ў мяне не засталося, я ўжо шкадаваў бедалагу — усё ж параніла яго куды як сур’ёзна. Не ў прыклад камандзіру роты Грыневіча ў нас не баяліся, хоць не так ужо і любілі: ні благога, ні надта добрага ён, здаецца, нікому не зрабіў, паводзіў сябе, праўда, трохі сухавата, па-вайсковаму афіцыйна.

З усіх камандзіраў, якія перабылі за паўгода ў роце, ён быў не найгоршы і ўжо, напэўна, такога жорсткага лёсу нічым не заслугоўваў.

— Ну дзе ж яны? — зноў пачаў ён напружвацца пад плашч-палаткай.

Пакінуўшы сваю наседжаную, больш-менш сухую мясціну на адхоне, я ў каторы ўжо раз збег уніз.

— Зараз, зараз. Хутка прыйдуць, — абяцаў я, сам ужо губляючы ўпэўненасць у тым, што казаў.

Сапраўды, як бы там ні было на вышыні, пара б ужо ўспомніць і пра нас, пакінутых у гэтай гразі.

— Можа, збегаць туды? — прапанаваў я.

— Не! — сказаў ён праз стогн. — Ні ў якім разе.

Я пасядзеў на кукішках ля яго ног і падняўся; гэтае праклятае чаканне ўжо цяжка было трываць. Ды і мая параненая рука балела, хоць і не так востра, як уначы, але, мусіць, недзе стаў прысыхаць бінт, рукой балюча было крануць, трэба б змяніць павязку.

— Нудзіць! — выдыхнуў Грыневіч, скалануўся і, нібы спяшаючыся кудысь, з таропкай рашучасцю сказаў: — Васюкоў, ідзі ў тыл.

— А вы?

— Я ўжо. Адваяваўся. Паглядзі, не ідуць?

Не, ні на схілах, ні на дарозе нікога не было, сыпаў дождж, абмяжоўваючы і без таго сціснутае непагаддзю наваколле.

1 ... 134 135 136 137 138 139 140 141 142 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)