Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 133 134 135 136 137 138 139 140 141 ... 268
Перейти на страницу:

Магчыма, я чагосьці не ведаў або не разумеў чагось, што было добра вядома ім, больш вопытным на вайне і ў жыцці. Але мне ўсё здавалася, што як Грыневіч у сваёй нядаўняй гарачнасці, так і Ананьеў у апошнім рашэнні на атаку — абое памыляюцца. Апроч таго, усё гэта так заблытвала наша становішча, што яно ўжо вельмі нават проста магло абярнуцца бядой.

Аднак з параненым мне не сядзелася. Надта ўжо журботна было глядзець на яго абяскроўлены, пакутна-нерухомы твар, зноў жа адсюль не было відаць роты. Пакінуўшы лейтэнанта, я ўзбег на адхон і прысеў, высунуўшы з-пад дарогі голаў.

Дожджык усё імжэў, усё шырэй расплываўся туман у лагчыне, снегу на тым баку рэчкі заставалася няшмат — абталыя шызыя плямы на мокрым, гразкім схіле, па якім у трэці раз беглі аўтаматчыкі. З усё большай і большай тугой у душы я глядзеў, як катастрафічна хутка змяншаецца ў імглістай прасторы кароценькі іх ланцужок. Даўняя звыклая сувязь між намі ўвачавідкі рвалася, штосьці няўхільна-пагрозлівае ўпарта раз’ядноўвала нас, я невыразна адчуваў гэта, але працівіцца яму не мог, бо гэта невыразнае, неканкрэтнае нешта было мацней за мяне, за іх і за ўсю нашу роту. Ананьеў то бег, то хутка ішоў, наўкось па схіле, аднойчы нагнуўся, таропка перавярнуў на спіну цела забітага, узяў яго аўтамат. Пасля ён хвіліну бег, займаючы сваё месца ў ланцугу, а хтось, што ішоў ззаду — можа, Чумак, — нядоўга затрымаўся над трупам — здаецца, знімаў сумку з дыскамі або гранатамі.

Рота дасягала сярэдзіны схілу. Ужо не лёгка было і згледзець яе за імглістай заслонай дажджу, якая, на шчасце, хавала аўтаматчыкаў і ад немцаў. Толькі ці надоўга? З вышыні іх вось-вось павінны былі ўбачыць, і тады…

Тым не менш немцы маўчалі. Цяжка было паверыць, што яны і ў другі раз так зазяваліся, што не заўважаюць атакі. Кепска было відаць, але мне здавалася, што верх вышыні ўжо зусім блізка. Яшчэ адзін, самы апошні рывок і можна будзе кінуць гранату, выскачыць з-за абрыву і, калі пашанцуе, з ходу заняць канец траншэі. Эх, каб хоць адным аддзяленнем удалося ўварвацца ў траншэю!..

Унізе ў засяроджанай адзіноце маўчаў Грыневіч, я не адразу зразумеў, што і ён чакае вестак з вышыні, і, мабыць, не дачакаўшыся таго, што хацеў, аклікнуў:

— Васюкоў! Дзе рота?

— Пайшла, пайшла.

— А чаму не страляюць?

Гэтага я не ведаў. Не стралялі ні нашы, ні немцы. Тым часам ужо ўся рота схавалася ў імгле. Толькі пільна ўзіраючыся, можна было разгледзець дзе-нідзе пад самай вяршыняй нешта падобнае на рух. I па-ранейшаму не чуваць было ні стрэлу, ні крыку, ні голасу, — вышыня замерла, заціхла, затаілася. Надта падобна было, што аўтаматчыкі і на самай справе дасяглі траншэі.

А можа быць, немцы адышлі?

Было ж такое, і нават не адзін раз, калі нямецкія пазіцыі, за якія мы біліся дзень, два і некалькі дзён, раптам аказваліся непрыкметна пакінутымі, і мы займалі іх без усякага бою. Сапраўды, мы ж не адны тут, нашы часці недзе ўсё ж б’юць фашыстаў, вунь як грыміць убаку, дзе бальшак.

Хада маіх думак раптам набыла іншы кірунак, падумалася: які ж я размазня, калі столькі перадрыжаў задарма. Сапраўды, там жа Ананьеў, ён знае, умее прадбачыць, як зрабіць, каб найлепш. У чым-небудзь іншым ён, можа, і не майстар, у нечым ён, вядома, уступіць Грыневічу, Ваніну, нават Цвяткову, але ў такой справе, як бой, ён выдатна навучаны. Тут ён прафесар, генерал, калі не сам маршал.

Я ўжо адчуў у сабе нешта зусім інакшае, чым хвіліну назад, у свядомасці загарэўся жаданы агеньчык надзеі, каторы, аднак, шукаў сабе пацвярджэння. Так хацелася знайсці і яшчэ хоць бы адну прыкмету таго, што ўсё добра, што і на гэты раз роту ашчаслівіла ўдача.

I тут грымнула.

Спярша здалося, што гэта выбух, але зараз жа імглістае неба над лагчынай туга прарэзалі пранозлівыя струмені куль, наўкола зашчоўкала, задзігала, завыла — дажджлівы прастор у адно імгненне напоўніўся грымліва-скуголістай ліхаманкаю бою. У першыя секунды было такое ўражанне, што вышыня не вытрымае вогненнага грукату, разваліцца на кавалкі, але агнявы напор і яшчэ мацнеў. Адзін раз пачуўся крык, магчыма, каманда або лаянка, праўда, не зразумець было, на якой мове. Баючыся міргнуць, я да рэзі ў вачах углядаўся туды, спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у вірліва-траскотнай імгле, але імгла па-ранейшаму не давала нічога ўбачыць.

У нейкім гняўлівым шаленстве вышыня з паўгадзіны абрушвала ў наваколле стогалосы гром, у якім і на слых ні чарта немагчыма было разабраць. Чэргі згрувашчваліся ў суцэльны працяглы грукат, з якога разы два, нібы незнарок, выбіўся дальні басовы стук буйнакалібернага, але затым амаль залпам загахалі гранатныя выбухі, яны заглушылі сабой усё. Некалькі выпадковых куль з тугім пошчакам ляснула непадалёк аб насып дарогі, я апусціўся на адхоне ніжэй, уціснуў галаву ў плечы. Агонь быў шалёны, і здавалася надта сумніцельным, каб на такі былі здольны нашы якія-небудзь тры дзесяткі аўтаматчыкаў. Што ж, тады, значыць, немцы? Аднак у такім выпадку рота абавязкова павінна адкаціцца — гэта я ўжо ведаў з уласнага вопыту.

1 ... 133 134 135 136 137 138 139 140 141 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)