Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 129 130 131 132 133 134 135 136 137 ... 268
Перейти на страницу:

— Цвяткоў змыўся!

— Параненых павёў. Я загадаў. А што?

Грыневіч спыніўся пад насыпам.

— Наіўны чалавек! Каму ты загадаў?

— Санінструктару. А каму ж яшчэ!

— Санінструктару!

Ананьеў на адхоне зверавата нахмурыўся, агідна вылаяўся і вобзем ударыў, мабыць, ужо апусцелую пляшку. Падскочыўшы, тая плоска ляпнулася ў гразь, за канавай.

— Пайшлі яны ўсе к чортавай матары! Паняў? — крыкнуў ён, устаў і зноў сеў.

Грыневіч на гэты раз змоўчаў. На ягоным твары з’явілася нешта новае, нешта чужавата-абыякавае, халодны позірк намесніка скіраваўся ўдалячынь.

— Знаеш, Ананьеў, — пасля хвіліны маўчання сказаў ён неяк нядобра паспакайнелым голасам. — Знаеш, Ананьеў! Расхлёбвайся ты сам. Сам заварыў, сам і хлябай. Я табе не памочнік.

Ананьеў узняў голаў.

— Што — змываешся?

— Не змываюся, а на законных падставах адпраўляюся ў тыл. Я таксама паранены.

— Давай, дуй! — проста сказаў Ананьеў.

— I я табе не зайздрошчу. Усё ж перш чым што выкінуць — трэба падумаць.

— Што я выкінуў?! — зноў вызверыўся Ананьеў. — Чумака выслабаніў? Ну і выслабаніў! У цябе не спытаўся. Сам зрабіў, сам і адказваць буду. Паняў?

— Няма чаго панімаць, — ужо зусім бясстрасна сказаў Грыневіч. — Усё і так ясна.

— А мне напляваць! Я камандзір роты. А вунь немцы. Бачыў?

Грыневіч уздыхнуў.

— Знаеш, мала храбрасці ў атаку хадзіць. Трэба яшчэ што-колечы і разумець.

— Што разумець? Трэба чалавекам быць.

— Да? Ну-ну! Давай! Толькі ці доўга пабудзеш…

Гэта быў ужо скандал. Яны яўна і, відаць, назусім размяжоўваліся ў сваім канфлікце, толькі я, прызнацца, перастаў разумець, у чым справа. Было абсалютна невядома, чаму нампаліта так занепакоіў Цвяткоў, чаму яго нельга было адпраўляць у тыл? Нешта недагаворанае пагрозлівай прысутнічала між імі, аб чым, мяркуючы па ўсім, заўжды памятаў Грыневіч і што толькі зараз пачаў разумець Ананьеў. Я дужа добра ведаў абодвух, і цяпер, можа, не столькі разгневаны выгляд ротнага, колькі безнадзейна прыціхлы нампаліт сведчыў, што праўда, мабыць, за Грыневічам. Я не мог перасіліць у сабе панылай скрухі, якая ўсё большала, і з-пад ілба раз-пораз пазіраў на ротнага.

— Словам, я пайшоў, — сказаў Грыневіч. — Жадаю поспеху. Хоць які там поспех, — дадаў ён. — Прапашчая рота.

Ён коратка махнуў рукой і, налягаючы на здаровую нагу, пайшоў уздоўж насыпу ў тыл за пагорак.

Ананьеў застаўся на насыпу ўсё ў той жа позе: шырока расставіўшы ногі ў дашчэнту выпацканых ботах, нізка апусціўшы ўскудлачаную бялявую галаву. Здавалася, ён нешта разглядвае ў мокрай траве, часам перабіраючы на халяве бруднымі пальцамі. Але ён не разглядваў, наогул наўрад ці ён заўважаў, што наўкола, — ён думаў. Тая грубаватая самаўпэўненасць, якая часам усплывала ў ягоных вачах, калі ён сварыўся з Грыневічам, цяпер канчаткова мінулася, саступіўшы месца труднай, нязвыклай для яго засяроджанасці. Я мала што разумеў у ягоных перажываннях, хіба здагадваўся пра што-колечы, але я кожным сваім нервам адчуваў ягоную бяду, і мне самому было пакутна.

З нізкага, хмарнага неба зноў замжыла сцюдзёным дажджом, хлопцы на раскапаным адхоне пачалі нацягваць над акопчыкамі свае нявысахлыя яшчэ палаткі. У мяне ж палаткі не было, камсастаўская накідка Ананьева таксама недзе прапала, мы патроху моклі, але камроты на гэта не звяртаў увагі. Я падумаў, што, напэўна, трэба ісці, ён жа мяне на світанні ўжо выпраўляў з роты, але цяпер я проста не мог наважыцца сказаць яму аб гэтым, зноў жа мне не хацелася ісці ў тыл з Грыневічам. Пасля ўсяго, што здарылася, мая непрыязь да намесніка, якая ўзгарэлася ў траншэі, калі ён застрэліў Пульку, стала амаль пастаяннай, цяпер яе не магло пахіснуць і ўсведамленне таго, што ў гэтай сутычцы з Ананьевым праўда была, напэўна, за нампалітам. Але гэта, здаецца, была тая праўда, якая не надта лепей за вінаватасць.

Я счакаў яшчэ крыху і ўстаў, каб напомніць камроты аб сваім лёсе: колькі ж можна было сядзець тут параненаму?

I тут вышыня, якая некалькі гадзін запар насцярожліва маўчала, раптам загаманіла басіста-нетаропкай буйнакалібернаю чаргой.

— Даседзеліся! — павяртаючыся да вышыні, буркнуў I камроты і вылаяўся. — Хутка з мінамётаў лупіць пачне.

Але з мінамётаў пакуль не лупілі, а кулямёт таксама замоўк, хоць, вядома, яго паяўленне на вышыні не абяцала роце дабра. Шапа, акопчык якога быў праз дзесятак крокаў у насыпе, вылез на стаптаны адхон з лапаткай.

— Таварыш старшы лейтэнант, вам дзе выкапаць?

— Чакай ты!

Ананьеў нетаропка ўзлез на сваё ранейшае месца і асцярожна выглянуў над дарогай. Наступная чарга з вышыні ўжо не была нечаканасцю, камроты адно толькі ўгнуўся, штось прыгаворваючы самому сабе. I тут, уражаны раптоўнай здагадкай, я кінуўся да камандзіра роты.

1 ... 129 130 131 132 133 134 135 136 137 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)