Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 268
Перейти на страницу:

Аднак Шапа перабольшваў, сказаўшы, што Грыневіч бяжыць — нампаліт ледзьве клыпаў, здорава кульгаючы на левую нагу і штораз пазіраючы то на вышыню, то на нас ля дарогі. Ён яўна спяшаўся ці то па нейкай справе, ці, можа, баючыся немцаў, якія пакуль што абыходзілі нас сваёй увагай і сваім агнём. Зрэшты, яны атрымалі свайго фельдфебеля і цяпер, мусіць, радаваліся з тае прычыны: усё ж не часта гэтак здараецца на вайне. А нам вось, мяркуючы па ўсім, радасці было нямнога.

Я гэта зразумеў яшчэ да таго, як нампаліт прыклыпаў да адхона. Яшчэ зводдаль на яго твары можна было прачытаць крайнюю меру клопату, нават абурэння, зусім відавочна — ён быў узрушаны, што ўвогуле з ім было рэдка. Дужа кульгаючы, Грыневіч з-пад каскі раз-пораз кідаў на нас гняўлівыя позіркі. I чым ён падыходзіў бліжай, тым усё болей хмурыўся Ананьеў. Урэшце нампаліт, яшчэ не пераскочыўшы канавы, зводдаль загаманіў тонам. які не пакідаў ніякага сумнення ў тым, што сталася няшчасце.

— Ты здурнеў? Ці напіўся? Што ты нарабіў?

— А што? — сказаў Ананьеў знарок абыякава, але ўсім стала зразумела, што ён і сам выдатна ведае што.

— Як — што? Ён яшчэ пытаецца! Абмен устроіў! Ты ведаеш, чым гэта пахне?

— Чым?

Грыневіч спыніўся ўнізе і шырока развёў рукамі.

— Я проста не знаю! Ён яшчэ пытаецца чым? — ледзьве не з роспаччу, аж трасучыся, гаварыў нампаліт. На адхон ён не палез, а таптаўся на мокрым травяністым дзірване пад насыпам. Камандзір роты вяла махнуў рукой, з фальшывай бесклапотнасцю адкінуўся на локаць, але зараз жа сеў зноў.

— Саўсім здурнець трэба. Ты загад ведаеш?

— Пайшоў ты са сваім загадам! — не дужа рашуча крыкнуў Ананьеў. — У мяне рота. Бачыш? А вунь — немцы!

Грыневіч уважліва, знізу ўгору, паглядзеў на камроты, той раптам адвярнуўся і высунуў з-за насыпу голаў. У ланцугу зноў прыкметна насцярожыліся, некаторыя аўтаматчыкі, пакінуўшы капаць, пачалі прыслухоўвацца да сваркі. Я першы раз бачыў, як Ананьеў дазваляў намесніку так абыходзіцца з сабой, — гэта зусім было на яго не падобна. Падобна было, што ён і сам адчуваў, што дзесьці даў маху, парушыў нейкі строгі загад, цяпер перажываў, і толькі характар не дазваляў яму пагадзіцца з намеснікам або прамаўчаць.

З намаганнем адолеўшы круцізну, Грыневіч узлез на насып і спыніўся непадалёк ад ротнага.

— Ну якога чорта! — сказаў ён цішэй. — Было б каго, а то — Чумака! З-за Чумака такога гада адпусціў…Увайшоў у кантакт з праціўнікам! Трэба ж надумацца!

Ананьеў на чвэрць абароту павярнуў да яго свой твар.

— А што, Чумак — не чалавек, па-твойму?

— Не пра тое размова. Чалавек. Ды які?

— Савецкі, — сказаў Ананьеў. — Калхознік! Ды што ж яго — на расцярзанне врагам!

Грыневіч паморшчыўся.

— Давай без агульных слоў. Давай канкрэтна.

— Твае ж словы. Ты ж імі байцам мараль талкаеш.

— Што я талкаю! — павысіў голас нампаліт. — Я палітработу вяду. А ты за адзін раз ўсё насмарку.

Ананьеў зверавата нахмурыўся, шэрыя вочы яго пыхнулі глыбінным агнём.

— А ваяваць з кім? — крыкнуў ён, зусім ужо зрываючыся. — З кім мне ваяваць — ты падумаў?!

Ён спружыніста ўскочыў на калені і рукою шырока ўзмахнуў над насыпам.

— Во бачыў: узводы, — па дванаццаць чалавек! А вунь вышыня, бачыў? Раз не ўдалася, думаеш усё? Гэ, памыляешся! Прыедзе Сырамятнікаў, загадае ўзяць. Кім браць? Га?

Ён у запале адным духам пракрычаў гэта і сціх. Аўтаматчыкі ў ланцугу, пакінуўшы працу, з цікавасцю і трывогай пазіралі сюды. У мяне балюча сцялася сэрца — не хапала яшчэ тае сваркі.

— Гэта не апраўданне, — незгаворліва сказаў нампаліт. — Гэтага Чумака цяпер на кіламетр нельга падпускаць да роты. А ты яго ва ўзвод накіраваў…

Памалу спакайнеючы пасля нервовага выбуху, Ананьеў сеў на адхон. Невідушчы позірк яго спыніўся на вышыні.

— I хай будзе.

— Як гэта — хай будзе! — ляпнуў сябе па калене Грыневіч. Цяпер ускіпеў ён. — Ты што — малы? Ты ведаеш, чым гэта скончыцца?

— Чым бы ні скончылася.

Цяпер ён ужо быў ранейшы, добра знаёмы ўсім нам Ананьеў, які не ўступаў, хоць і памыляўся і зрабіў дзе не так. Шляху назад ён не прызнаваў — як бы там ні было, ён ішоў напралом. Праўда, не заўжды гэта канчалася дабром, часцей наадварот. Але тут ужо ўлады над ім у нас не было.

Настала няпэўная, пакутная паўза. Камандзір роты двума ўдарамі бота выбіў на дзірване ямку, каб ямчэй было ўпірацца, бокам лёг на зваляную мокрую палу шыняля і пачаў засцяроджана глядзець на вышыню. Ушчэнт апанураны Грыневіч нерухома сядзеў побач, і ў выразе ягонага твару з запалымі шчокамі была нічым не суцешная, вялікая самота. Я не мог заглушыць у сабе вострае прыкрасці ад адчування яшчэ большай бяды, якая няўхільна насоўвалася і з якой, мяркуючы па ўсім, справіцца не было магчымасці.

1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)