Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Гэ-эй! Ніхт шыссен! Нікс стгаляй!
Вядома, гэта былі немцы, і мы ўсе змярцвелі ад напружанага, нямога здзіўлення, ледзьве верачы сваім вачам. Але тыя сапраўды ішлі да нас. Толькі нейкія трохі дзіўныя былі гэтыя немцы. Добра ўгледзеўшыся, я перш-наперш адзначыў, што апрануты яны неяк неаднолькава. Задняга нельга было разгледзець, а на пярэднім быў вельмі падобны на наш шэры караткаваты шынэлак без гузікаў і непадпяразаны. Ды і шапка на ім была наша — зімовая з растапыранымі ў бакі вушамі. I тут мяне раптам бы штось штурханула знутры — выразна і ўпэўнена, я зразумеў, што гэта…
— Чумак?!.
Я і сам здзівіўся свайму адкрыццю і, мусіць, здзівіў камандзіра роты, які, аднак, паволі прыўзняўся і стаў на калені. Двое на схіле неяк засцярожліва сышлі ўздоўж ворыва ніжэй і спыніліся. I тады ўжо ўсёй роце стала беспамылкова відаць, што між падталых плям раскіслага снегу, уткнуўшы голаў і вінавата ссутуліўшыся ў сваім пакамячаным шынэлку, стаяў наш Чумак. За ім, акуратна за самай спіной, яўна хаваючыся, падаваў знакі немец з аўтаматам на грудзях, у касцы, з круглай процівагазнай каробкай на баку.
Як толькі яны спыніліся, немец нешта пракрычаў цераз Чумакова плячо, але мы не зразумелі ніводнага слова з гэтага яго крыку. Я няўцямна зірнуў на Ананьева, той, у напружанай позе прыўстаўшы на каленях, зноў зрабіўся счарнела-пагрозлівы і таксама, відаць, не мог сцяміць, што там адбываецца.
— Шнэйдар! — страпянуўся Ананьеў, калі немец крыкнуў яшчэ. — Дзе Шнэйдар? Шнэйдара сюды! Ану!
Гэта ўжо — да мяне. Я ўскочыў на адхоне, але ўспомніў, што Шнэйдар быў ва ўзводзе Піліпенкі, і цяпер мне дужа не хацелася бегчы туды. Аднак піліпенкаўцы таксама ўжо ўбачылі гэтых двух на схіле і, паўставаўшы ў сваіх акопчыках, пазіралі на вышыню.
— Шнэйдар! Шнэйдара сюды!
Там пачулі, нехта паўтарыў каманду, і я зноў, захоплены трывожнай цікаўнасцю, падаўся да камандзіра роты. Ананьеў, зусім забыўшыся на небяспеку, высунуўся з-за насыпу амаль да сярэдзіны і мацюкаўся.
З панылай пакорнасцю ва ўсёй нехлямяжай постаці між намі і немцамі стаяў наш аўтаматчык Чумак. Спярша мы думалі, што ён пачне нешта гаварыць, можа, агітаваць, каб здаваліся ў палон — такое ўжо было аднойчы і цяпер не здзівіла б нас. Але ён маўчаў. Тады здалося, што ён наважыўся чэсна загінуць, каб не саслужыць немцам подлае службы здрадніка, і гэта выклікала спачуванне да небаракі. Але пакуль што абодва яны нерухома стаялі на схіле. Немец так шчыльна ціснуўся да Чумаковай спіны, што стрэліць, каб не трапіць у Чумака, было немагчыма. Аўтаматчыкі ў ланцугу загаманілі, кожны па-свойму разумеючы гэтую падзею.
— Ось гад! Прадажнік, канешне.
— Які там прадажнік! Уліп ён.
— Ды бяжы ты, расцяпа!
— Дзе Шнэйдар? — раўнуў, павярнуўшыся да мяне, Ананьеў.
Але Шнэйдар ужо бег. Толькі гэты доўгі, няўклюдны чалавек проста, відаць, не ўмеў спяшацца. Бег яго хутчэй напамінаў леную хаду з прыскокам — згорбіўшыся, ён то вяла трухаў, то блытана клыпаў па мокрым палетку.
— Бягом!! — крыкнуў з насыпу камандзір роты.
Шнэйдар урэшце перабег адкрытую балацявінку, перасяг лужыну ў канаве і з нейкай няўклюднай развалкай палез на адхон. Ротны, трохі памякчэла, спытаўся:
— Што ён крычыць? Ану, паслухай.
Шнэйдар крыва перасмыкнуў вуснамі.
— Што слухаць? Таго фрыца выменьвае.
Ананьеў пакутна зламаў брыво, расслаблена асеў ніжай, а затым і зусім адвярнуўся ад вышыні. Шнэйдар узлез наверх і, не ведаючы, што рабіць далей, укленчыў на адно калена, адставіўшы ўбок доўгую, у ватных штанах нагу. Халява ягонага кірзача была рвана распората чымсь, мабыць, асколкам.
Наступіла трудная паўза. Хлопцы ў ланцугу зусім прыціхлі. Ніжэй, пад адхонам, напружана застыў палонны, над якім, чагось чакаючы, стаяў сяржант Цвяткоў.
Уздоўж канавы да нас бег Шапа.
Не ведаючы, што і думаць, я зноў перавёў позірк на схіл і адчуў у сабе міжвольнае шкадаванне да гэтага небаракі Чумака. Трэба ж было яму трапіць у такое становішча, якога не дай бог нікому! Ён і сам, мабыць, разумеў гэта і цярпліва стаяў, з выгляду зусім абыякавы да свайго лёсу, напалоханы, збянтэжаны, наўрад ці да канца разумеючы ўвесь драматызм таго, што здарылася.
У ланцугу, перабіваючы адзін аднаго, гаманілі:
— За Чумака — гэткага фрыца? Няма дурных.
— Дык што ж — Чумаку прападаць?