Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 268
Перейти на страницу:

— Уцякаць трэба!

— Глядзі ўцячэш, калі на мушцы трымаюць.

— З кулямёта тады абодвух… Усё адно…

Ананьеў на адхоне зрабіўся як сам не свой — пакутна круціўся сюды і туды, паглядзеў на схіл, напаўголаса вылаяўся. I ўсё ж на нешта трэба было наважыцца. Пасля хвіліннай нерашучасці камроты зноў крутануўся да вышыні.

— Кулямёт сюды!

— Кулямёт — да камандзіра роты! — перадаў па ланцугу Шапа.

I тут жа пад насыпам з’явіўся невялічкі вузкавокі Батурбаеў з зараджаным РПД у руках. Падбегшы, ён узлез на адхон, і Ананьеў з каменным выглядам счакаў, пакуль той устанаўліваў на броўцы перад ім кулямёт. Нарэшце Батурбаеў шчоўкнуў затворам, зірнуў на вышыню, пасунуў хамуцік прыцэла, планка якога крута паднялася ўгору — да цэлі аказалася даволі далёка. Кулямёт быў гатовы, баец адхінуўся, уступаючы месца камандзіру роты. Аўтаматчыкі ў ланцугу нядобра прымоўклі, чакаючы самага, можа быць, драматычнага.

Раптам Ананьеў закрычаў:

— Ты што мне яго суеш? Сам не ўмееш? Батурбаеў збянтэжана перамігнуў вузенькімі шчылінкамі вачэй:

— Умею, таварыш камандзір. Пачаму не ўмею?

— Умееш! — з’едліва перадражніў камроты, выцягваючыся за кулямётам. Ён паляжаў нядоўга, нібыта нават прыцэліўся і зноў падняўся, абапершыся аб адхон. Пальцы на яго шырокай руцэ ледзьве прыкметна ўздрыгвалі. — А ён спраўны?

— А як жа! Спраўны, таварыш камандзір…

— Дзе ён к д’яблу спраўны! — злосна закрычаў Ананьеў. — Ён гразёй забіты!

Батурбаеў вінавата скалупнуў з прыклада прысохлы камячок гразі.

— Убірай к чортавай матары свой драндулет! — пракрычаў камандзір роты і, сеўшы, адвярнуўся.

Батурбаеў з гатоўнасцю падхапіў кулямёт і збег уніз да канавы.

Дзякуй Богу, пранеслася ў галаве, хоць няспраўнасць кулямёта наўрад ці мяняла што ў становішчы Чумака, які па-ранейшаму заставаўся на краі пагібелі, хіба што цяпер не ад сваёй кулі. Там, на схіле, відаць, счакаўшы зададзены час і не атрымаўшы адказу, немец-канваір пачаў адступаць назад, як і раней прыкрываючыся Чумаком. Яшчэ хвіліна, і яны аддаляцца так, што, мабыць, будуць недасягальныя для нашага агню.

Ананьеў пакутліва штосьці рашыў і ўскочыў на ногі.

— Цвяткоў, давай фрыца!

Цвяткоў паслухмяна падштурхнуў фельдфебеля, той, аб чымсьці здагадваючыся, нясмела яшчэ падняўся і з гатоўнасцю заскакаў аднанож, падаючы рукой на адхон. Камроты крутануўся да перакладчыка.

— Шнэндар, адвесці! Размяняць і — з Чумаком назад!

Штосьці падобнае на ўздых палёгкі пранеслася над дарогай і, хоць многае было яшчэ не зразумела і нявырашана, тым не менш з’явілася адчуванне, што галоўнае ў гэтай справе набывала лепшы кірунак.

Але Шнэйдар адрэагаваў на загад зусім нечакана. Не варухнуўшыся з месца, ён раптам пабялеў з твару, аднак не ад страху — ад страху бялеюць зусім інакш. Мусіць, гэта было асіленае ў сабе абурэнне, бясслоўны пратэст: у чорных вачах аўтаматчыка нешта ўзгарэлася і атухла. Ён ссунуўся ніжай і ціха, але выразна сказаў:

— Я не пайду.

— Што?

— Не пайду. Што хочаце — не пайду.

Ананьеў таксама пабялеў:

— Гэта чаму?

— Ён мяне абразіў. Я не магу.

— Ах, не магу!. Растакую вашу, беларучкі праклятыя! А я — магу?.. Камроты пагрозна пасунуўся да аўтаматчыка, здалося — ударыць, але не ўдарыў — у апошняе імгненне крута павярнуўся ад яго ўбок. — Шапа!

— Я.

— Адвесці немца! — з суровай няўхільнасцю, якая ўжо адным сваім тонам выключала нязгоду, загадаў Ананьеў.

Шапа з гатоўнасцю тузануў затвор аўтамата і скочыў да немца.

— Марш!

— Ды не марш! Бяры пад руку і валяй! I не трусь — прыкрыем. Кулямёт сюды!

Батурбаеў узбег на адхон, зноў устанавіў кулямёт, за які, рашуча адхінуўшы кулямётчыка, зноў лёг камроты.

Шапа падхапіў немца пад руку і ўзвадок яго на насып дарогі.

14

Аднак кулямёт не спатрэбіўся, ніякага ашуканства не было. Як ні дзіўна, а праз дваццаць хвілін, жывы і нават павесялелы, Шапа прывёў Чумака, які, сышоўшы з насыпу, стаў ля канавы, ні разу ні на каго не глянуўшы. Затое на яго цяпер глядзела ўся рота. Хлопцы забыліся на свае недакапаныя акопчыкі, на макрэдзь, нават страцілі цікавасць да рэчмяшка з сухарамі, што яшчэ непадзеленыя ляжалі на адхоне — усе, як на дзіва, з недаўменнем глядзелі на недарэку-аўтаматчыка.

Ананьеў, набычыўшы ўскудлачаны голаў, зверавата прасачыў з-пад ілба за яго няўпэўненай, хісткай хадой. Калі аўтаматчык спыніўся, ротны марудліва падняўся на адхоне.

— Ну! — сказаў камандзір роты, і ўсе ўраз сціхлі. — Ну, палоннічак! Чаму не застрэліўся?

1 ... 125 126 127 128 129 130 131 132 133 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)