Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0075-7
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
— Дай сухара…
Шапа ўслужліва выбраў яму найбольшы сухар. Старшы лейтэнант разламаў яго напалам. Аўтаматчык няўцямна зірнуў на камандзіра роты.
— Астатняе падзеліш на ўсіх. Паняў?
— Што дзяліць, таварыш старшы лейтэнант?
— Што ёсць.
Лежачы на баку і зусім безуважны да нас, Ананьеў адвінціў пляшку і, ускінуўшы яе, адпіў некалькі глыткоў. З выгляду ён памалу спакайнеў, грубаваты твар яго набываў звыклы выраз зласнаватай суровасці. Байцы на адхоне старанна акопваліся, кідаючы запытальныя позіркі на камандзіра роты, Шапу і мяне таксама, быццам я ведаў што-небудзь невядомае ім. Але пра тое, што здарылася ўранку, я ведаў меней за іх. Дагэтуль нельга было зразумець, як усё тое сталася, хто вінаваты і што роту чакала далей. Праўда, побач быў Ананьеў, толькі ён зацята маўчаў, і я не адважваўся загаварыць з ім.
Вядома, гэта была бяда, якая, зрэшты, здаралася не ўпершыню. Было нават і яшчэ горш. Але і цяпер нас стала дужа ўжо мала, узводныя ланцужкі здаваліся занадта кароценькія — дзесятка паўтара аўтаматчыкаў ляжала за хмызняком ды столькі ж за насыпам. Да таго ж, тут былі і параненыя, якіх неўзабаве трэба будзе адпраўляць з роты, — колькі ж тады нас застанецца? — думаў я.
Аб тым жа, мабыць, думаў і ротны, які, грызучы сухар, змрочна азіраў свае баявыя парадкі.
— Ось табе і рота! — сказаў ён, — Дакамандаваліся, у тры госпада маць…
— А што — і Зайцава няма? — асцярожна запытаў я.
Ананьеў не адказаў і не зірнуў нават на мяне, ён зноў угледзеўся ў вышыню, нібы чакаў кагосьці адтуль.
Але чакаць было некага — мёртвыя не вярталіся. Шкада было многіх небарак, асабліва малодшага лейтэнанта Ваніна, яго памкамузвода Закірава, ды і Зайцава таксама. Зрэшты, да Зайцава мае адносіны былі болей складаныя. Вядома, я не жадаў новаму ардынарцу злога, ён быў хлопец някепскі, але, не ўсвядоміўшы яшчэ да канца, я міжвольна адчуваў нейкае як бы задавальненне ў душы, што замест яго ля камандзіра роты зноў я.
Ананьеў праглынуў рэшту сухара і з нейкай ужо новаю думкай агледзеў узвод.
— Так. Дзе Цвяткоў?
— Куркова перавязвае, — сказаў Шапа.
— Перадай, хай збірае параненых, гэтага цуцыка, — ротны кіўнуў на немца, які, сцяўшыся, паныла сядзеў у мундзірчыку пад насыпам, — і па канаве ў тыл.
Шапа, прыгнуўшыся, пабег па адхоне, а я ў каторы ўжо раз адчуў шчымлівую самоту ад таго, што вось-вось, мабыць, і для мяне ўсё скончыцца. Вядома, у медсанбаце горш не будзе, у чымсьці санбат нават здаваўся зманлівым. Ды вось бяда: ён быў дзесьці далёка, у невядомасці, ва ўсякім разе, па-за ротай. А ўсё, што не было маёй ротай, здавалася мне непатрэбным, нецікавым, пастылым.
Я выпрабавальна зірнуў у твар камандзіру, але той, туга сцяўшы пашчэнкі, унікнуў ці не заўважыў гэтага позірку. Пакуль што ён не казаў нічога, здаецца, ён наогул пра мяне не думаў, відавочна, яго клапаціла іншае. Лежачы на адхоне, ён усё кідаў позіркі то на вышыню, то ўбок, куды нядаўна паказваў Шапа і дзе, здаецца, сапраўды падыходзілі нашыя батальёны. Некалькі разоў — чуваць было — там прагрукацеў «максім», бахнулі вінтоўкі. Аднойчы вецер данёс нават крык, мабыць, каманду. Праўда, адсюль, з лагчыны, яшчэ нічога не было відаць. I ўсё ж блізкая прысутнасць сваіх супакойвала, несла нейкую ўпэўненасць, што страшнага болей не здарыцца.
Паляжаўшы так, Ананьеў пасунуўся ніжай, сеўшы, падцягнуў на жываце дзягу. Мусіць, ад выпітай гарэлкі, яго счарнелы зашчацінены твар ажыў, позірк набыў спакойнасць, былое звераватае ўладнасці ў ім заставалася ўсё меней. Аднак напружана-пакутніцкая зморшчына пад пераноссем не знікала — свежае перажыванне ад няўдачы рэзка адбілася на твары камандзіра роты.
Праз хвіліну Ананьеў ускочыў на ногі і імкліва збег па адхоне. Я, як гэта рабіў заўжды, падхапіў свой аўтамат з разбітым прыкладам і памкнуўся следам. Але я трошкі замінаўся аднаруч, — плячо ўсё ж пакутна балела, — і не паспеў збегчы ўніз, як аднекуль здалёку пачуўся крык. Нешта падобнае на працяглае: «Гэ-эй!» даляцела ад вышыні і сціхла.
— Таварыш старшы лейтэнант! — раптам выкрыкнуў аўтаматчык на адхоне: застыўшы з лапаткай у руках, ён выглядваў па-над дарогай, і ў голасе гучалі трывога і здзіўленне.
Камроты спыніўся.
— Што такое?
— Гляньце!
Тое, што заўважыў аўтаматчык, здаецца, ужо было відно ўсім на адхоне. Байцы трывожліва замерлі ў сваіх акопчыках, ніхто не прамовіў ні слова. Ананьеў счакаў з недаверлівай прыкрасцю на твары, затым, нібы сцяміўшы нешта, у некалькі скачкоў адолеў насып. Я таксама хуценька ўзбег па адхоне і апусціўся на бок непадалёк ад ротнага.
Усіх над дарогай скавала недаўменне і цікаўнасць, з вышыні зноў данеслася далёкае, яўна не нашае: «Гэ-эй!», і на схіле ля верхняй мяжы ворыва мы ўбачылі двух. Яны нетаропка ішлі ўніз — другі амаль ушчыльную за першым. Задні пры тым шырока махаў рукамі, пэўна, падаваў знак, каб не стралялі.