Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Паехаў у горад, купіў і прывёз гуказдымальнік. Дзень прайшоў.
Вечар. Як хораша працавалася некалі па вечарах. Да глыбокай ночы. I ўмоў ніякіх. Ні кватэры, ні асобнага пакоя, цішыні. Пакойчык каля дзесяці квадратных метраў на траіх. Начнічок, прыкрыты газеткаю. Каля акна, у другім канцы яго, але ўсё роўна вельмі блізка ад жонкі і сына стол. Акно тое, здаецца, нават без фіранкі, адразу за за ім грукоча машынамі асфальт. Цёмнае неба з буйнымі сібірскімі, як паўднёвымі, зоркамі. Глядзіш у тое неба, ноч, чуеш, як дыхаюць жонка і сын. I адзін за адным толькі адлятаюць аркушы паперы. Раніцаю іх прыбярэ і прачытае жонка.
Усё. Заганяю сябе, саджуся, саджуся. Вось толькі па дровы скочу, запалю печ, а заадно ўжо і грубку, каб цёпла было, кавы звару.
I вось ужо гудзе, шугае полымя ў печы і грубцы, казыча нос, хмеліць галаву пах кавы. Але стол нешта не вельмі зручны. Не падыходзіць вясковы сялянскі стол пад пісанне, надта ж высокі. Дзесьці павінна быць нажоўка, трэ знайсці і падрэзаць ножкі. Знаходжу нажоўку, пілую, габлюю, уладкоўваюся зноў за сталом, які цяпер ужо добра ніжэйшы. Зручна. Але пазіраю на гадзіннік. Якое пісанне — апоўначы. Вёска спіць, усё вакол як вымерла. I, здаецца, стаіць хтосьці пад акном. Хуценька апранаюся, хапаю ліхтарык і за парог. Нікога. Не, здаецца, хіснуўся нейкі цень, пераскочыў плот, застыў на дарозе. Выхопліваюся за варотцы: хто тут ёсць, хто тут толькі што прабег, выбавіў мяне з хаты. Кручуся на ўсе бакі і, не запальваючы ліхтарыка, не разважаючы, крочу па вясковай вуліцы. Куды скірую, яшчэ не ведаю. Бяруся на святло, туды, дзе гарыць адзіная на ўсю вёску электрычная лямпачка. Мінаю слуп, на якім яна вісіць. I крочу далей, у цемру ўжо, дзе чорна зеўрае пустымі аканіцамі гмах былога дзетдома. Так, скіроўваюся да сваёй сапраўднай дамоўкі. Іду зноў у дзетдом. Прымі мяне, дзетдом. Я зноў асірацеў. Я зноў хачу ў дзяцінства і на казённы кошт, у казённы расклад: адбой, пад'ём, зарадка, снеданне, вучоба, абед, урокі, вячэра. Спатыкаючыся аб паламаныя масніцы, рызыкуючы скруціць шыю, але ведаючы, што не скручу, уваходжу ў свой колішні пакой, спальню,— яна зараз без акон і дзвярэй. Толькі мяне балюча ўражвае не гэта. Госпадзі, якая ж яна маленькая. А ў свой час у гэтай спальні месцілася аж дваццаць чатыры чалавекі. I вось тут, каля разбуранай грубкі, усутыч з акном стаяў мой ложак. Цяпер тут гурба чырвонай цэглы. Цэглы я, праўда, не бачу, але адчуваю, як яна дыхае на мяне холадам. Холадам дыхае некалі такая цёплая хата, што давала прытулак, угравала пагранічнікаў, чырвоных байцоў, потым нас, бязбацькавічаў, дзетдомаўцаў. I я, здаецца, знаходжуся зноў сярод іх, сваіх сяброў. Падымайся, Мыса, падымайся, Лепік. Пайшлі па залаты ключык. Ён жа не наша прыдумка, ён ёсць, ёсць. Толькі сёння мы нічога не будзем адмыкаць ім. Наадварот, мы зачынім, замкнём усе дзверы ў нашай хаце, кожныя возьмем пад замок. I каля кожных паставім нябачнага вартавога і накажам кожнаму: добрых людзей прапускаць, а злосных — даўбешкай па макацоўбіне. I хата наша захаваецца на стагоддзі. Яна не спарахнее, не разбурыцца. Вечнымі застанёмся і мы. Застанёмся назаўсёды дзетдомаўцамі. Што, вы супраць? Я таксама супраць. Але што ж нам рабіць, пакінуць усё такім, як яно ёсць. Не пярэчыць, не змагацца з развалам і разбурэннем, што абрынуліся на нашу хату. Моўчкі здалёку паглядаць, як яна памірае, прыходзіць сюды вось так, як я зараз, крадучыся па-зладзейску ўначы. Глядзець і чытаць надпісы на абадраных сценах, хто калі і каго пакахаў у вёсцы, хто дурань, а хто і больш таго, ценем, сцяўшы вусны, шалэндаць па такіх вясёлых у свой час калідорах, душыць у сабе слёзы, сціскаць кулакі.
Як гэта было не адзін раз у дзяцінстве, я скочыў на вуліцу праз акно. Прэч, прэч, насланнё, цур, цур мяне, нячыстая сіла...
Ужо адспявалі сваё трэція пеўні, а я ўсё яшчэ не тушыў святла ў хаце. Я ўсё яшчэ знаходзіўся там, у дзяцінстве. Высмаліў добры пачак цыгарэт, немаведама колькі выпіў кавы, скрэмзаў стос паперы. Але нават і тады, калі даклыпаў да ложка, адчуў, што ўсё роўна маё мінулае не адступіцца ад мяне сёння. I мне, сённяшняму, надышла апошняя ноч. Я адыходжу гэтай ноччу ў мінулае, саслізгваю да яго па промні месячнай сцежкі, што пракладзена ад акна да майго ложка. Я нічога не разумеў, усё было ў навіну мне і напачатку нават цікава. Я ўсё памятаў і адначасова адчуваў, як растапляюся, раствараюся, пакідаючы гэты свет. Я дзесьці і шкадаваў аб ім, мне хацелася і застацца, і апынуцца ў мінулым. Але маё цела, мае думкі ўжо не падпарадкоўваліся мне. Я прапусціў імгненне, калі магчыма яшчэ было застацца, магчыма было прымусіць сябе вярнуцца, абсекчы гэты адыход. Маё цела, здаецца, ужо і не існавала, хоць я і адчуваў яго, але неяк адасоблена ад сябе, часу і прасторы. Рукі, ногі расталі, хоць я яшчэ быў здольны загадаць ім варушыцца. I варушыў імі, дрыгаўся, як дрыгаюцца на ветры дзіцячыя надзіманыя шары. Гэтае дрыганне было смешнае мне самому, і я смяяўся, чуў свой смех і смех яшчэ некага збоку. Смех збоку мацнеў, заклікаў, закалыхваў, усцешваў. Ён клікаў мяне да сябе, куды вось толькі, не ведаю, але прэч, прэч, прэч адсюль, у той чорны тунель, які паўставаў перада мной. Мяне імкліва зацягвала ў той тунель, чыесьці ласкавыя, пяшчотныя рукі заносілі мяне туды, ставілі на ногі і падпіхвалі. I тунель перада мной адразу ж высвечваўся, ззяў, зіхацеў блакітным і сонечным цёплым святлом. Я бачыў наперадзе дарогу, хаця дарогаю гэта назваць было цяжка, проста шмат блакітнага і сонечнага наперадзе, там, куды я мусіў ісці, а мо і плысці. Мае таварышы, што даўно памерлі ўжо, Мыса Пожня, які згарэў ад гарэлкі, Лёня Лепік, на якога наехаў трактар, калі ён спаў у капе саломы, паказвалі мне, куды трэба рухацца. Былі там і яшчэ дзетдомаўцы, і шмат, але я не паспеў пазнаць іх, таму што шукаў, прагнуў як мага хутчэй убачыцца не з імі, а з маці і сястрою, якія засталіся там, на вайне, у сорак трэцім, з бабуляю, якая памерла зусім нядаўна, пражыўшы сто дванаццаць гадоў, перажыўшы ўсіх сваіх дзяцей. Калі мне было цяжка, я заўсёды бачыў іх перад сабою. Яны з'яўляліся да мяне, калі я засынаў, з'яўляліся і давалі мне знак. Цяпер жа сярод дзетдомаўцаў іх не было, не бачыў я і ніякага знаку. I я зразумеў, што мне яшчэ рана сюды. Рана, хоць тут і вельмі добра, тут усе мае сябры, якія так назаўсёды і засталіся малымі, басаногія, галапузыя, пастрыжаныя пад Катоўскага і вясёлыя, бы нарэшце знайшлі свой залаты ключык. I тым залатым ключыкам адмыкалі, адчынялі вароты і мне. Мне заставалася прайсці адны толькі дзверы. Але на парозе ўжо я адмовіўся ісці. Уласна кажучы, не я, думка нейкая цьмяная, вельмі слушная затрымала мяне. I чорная то была думка, чорнага колеру, колеру болю. Болю за тое, што думка гэтая так і не праясніцца. I гэта было амаль апошняе, што я адчуў перад небыццём. Думка даляцела, мне стала лёгка і хораша. I прасторна, і радасна.