Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Яблычак штосьці хочацца...А тыя ўспрынялі ўсё сур'ёзна:
— Зараз прынясём.
I прынеслі поўныя запазухі. Елі ўсе разам, сямёра, елі і пахвальвалі, асабліва Таня з Маняй:
— Ну, хлопцы, малайцы. I ў каго толькі такія яблыкісмачныя?
— Ведаем і не скажам,— да той пары, пакуль не з'елі ўсе яблыкі, трымалі хлопцы ў сакрэце, чый сад латашылі. А як з'елі, спыталі ў Тань-Мань:
— То праўда былі смачныя яблыкі?
— Ой, хлопчыкі, лепшых не бывае.
— Ведалі, да каго ў сад лезці.
— Да каго ж, хлопчыкі?
— А ў старога Лукаша, у вашага бацькі такі ж дабрачы сад. Добрыя ў вас, дзеўкі, яблыкі. I мы на развод пакінулі, яшчэ раз залезці можна.
— Во мічурынцы,— толькі і знайшлі што сказаць блізняты. I трохі пазней ужо: — То мо яшчэ раз, мічурынцы, злётаеце па яблыкі?
— Злётаем, толькі цяпер усе разам, і вы з намі. Мы ўсе ж тут мічурынцы.
I, нічога не гаворачы, па-зладзейску, усе сямёра яны і рушылі ў Лукашоў сад, абабралі чыста дзве раннія яблыні. А калі надышла другая ноч, латашылі яблыкі ў Калістратавым садзе, потым у Місцюкоў — па чарзе ў кожнага, хто ўваходзіў у мічурынскую кампанію. I былі тыя яблыкі, што кралі яны ў саміх сябе, такія смачныя, як хто мёдам іх мазаў.
Яны ні разу не папаліся, ніхто іх не прыспеў, не злавіў на яблыні. Але ж у вёсцы канцы ў ваду схаваць немагчыма. Знайшоўся і тут такі кончык, за які ўхапіліся гаспадары, а больш гаспадыні тых садоў, што абчысцілі мічурынцы.
А былі сярод тых гаспадынь і свае следчыя, ды яшчэ якія, на тры метры пад зямлёю ўсё бачылі. Тая ж, напрыклад, Місцючыха ці Зулька-баптыстка. Цішком яны распачалі і вялі сваё следства. I ў руках, і на языку кожнай быў ужо кончык, пацягнуўшы які можна было разблытаць увесь клубок.
— Мічурынцы, то мічурынцы арудуюць, сады абдзіраюць,— сцвярджалі яны, ведучы сваё следства. Але трэба адзначыць, што гэтаму іх следству шкодзіла адукаванасць некаторых вяскоўцаў. Вовік-алкаголік, напрыклад,быў прынцыпова нязгодны з Зулькаю-баптысткаю:
— Мічурынцы — гэта тыя, што садзяць яблыні,— аспрэчваў ён Зульку.— Вось пасадзіў чалавек яблыньку, дачакаўся яблык — гэта Мічурын. А ўсе астатнія не, не мічурынцы, а наадварот.
— А хто ж яны тады наадварот,— не давала яму веры Зулька.— Садзіць чалавек яблыню, значыцца, любіць яблыкі. Значыцца, ён Мічурын, так?
— Так,— вымушаны быў пагадзіцца Вовік.
— А сарваў чалавек яблык, украў яблык,— ужо радавалася сваёй перамозе Зулька,— значыцца, таксама любіць прыроду і яблыкі. Значыцца, таксама Мічурын.
Але ж і Вовік-алкаголік быў не такі просты, памяць меў добрую:
— Мічурын, папуаска ты дзеравенская, жыў даўно іпамёр даўно. Іванам, калі хочаш ведаць, яго звалі. I не з нашых ён краёў.
— А я табе дакажу, што з нашых. Нашы арудуюць па садах, мясцовыя мічурынцы.
I ў той дзень ці, праўдзівей кажучы, ноч, калі з гародчыкаў у вёсцы пазнікалі ўсе кветкі, цюльпаны і макі, нарцысы і півоні, даказала. Даказала ўвогуле відавочнае, што вядома было кожнай гаспадыні: кветкі ў гародчыку абарвалі родныя ж дзеці. А крычала тая ж гаспадыня толькі таму, што так трэба было, дзеля парадку і прыліку. Жывучы ў вёсцы, пакуль тая вёска стаіць, у такой справе нельга папускацца. I хай тая вёска адрэзана ад усяго свету, ні шляхоў, ні дарог да яе, хай зачыняюцца школы, магазіны і лазні, папускацца ўсё роўна нельга. Раз папусцішся, два — і дакоцішся да непрыстойнасці. Звычай ёсць звычай, парадак парадкам.