Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том выбраных твораў Віктара Казько ўвайшоў раман «Хроніка дзетдомаўскага саду», у якім апавядаецца аб лёсе саду, які заклалi нашы байцы пасля сканчэння грамадзянскай вайны, i аповесць «Цвіце на Палессі груша» аб складаных чалавечых узаемаадносінах.
1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 228
Перейти на страницу:

I з хмурнымі тварамі сноўдаліся па падворках мужчыны, шыліся ў зацішак і шчыліны куры, вінавата пасыходзілі ці пазабіваліся ў свае будкі сабакі, крычалі, лаялі ўвесь белы свет, але ўжо, як вы ведаеце, дзеля прыліку толькі жанчыны. Адна Зулька крычала тае раніцы з годнасцю і веданнем справы. Яна так і скончыла следства, выкрыла, злавіла мічурынцаў, злавіла на месцы злачынства. Адна з усёй вёскі абышла, апярэдзіла нават Дуню Місцючыху, тую самую Дуню, за якою і сам чорт не ўгоніцца. Папаліся на гарачым, дастукаліся мічурынцы. Не на яблыні, дык на кветках злавіла іх за руку Зулька. Сямёра залезлі да яе ў агародчык, па цюльпанчыку ўжо і сарвалі. Зулька сядзела ў кусце бэзу і не паспела своечасова з яго выблытацца. Але калі выблыталася, злаўчылася і ўхапіла аднаго мічурынца за нагу. Той пачаў брыкацца, вырваўся і кінуўся наўцёкі следам за іншымі. Уцячы ён уцёк, але ў Зулькі застаўся трафей, чаравік, а праўдзівей, туфлік жаночы. Яна не выпусціла таго туфліка да той пары, пакуль добра не ўднела, а калі ўднела, пайшла па хатах, каб завяршыць следства, пайшла, несучы з сабой рэчавы доказ злачынства. I такая яна была радая, што нават не ведала, у якую хату кінуцца, якую з хат асвяціць сваёй радасцю. Басанож, вельмі спяшалася ўжо, прыстыла пасярод вясковай вуліцы, вырашыўшы спачатку разглядзець сляды, куды вядуць яны. Але слядоў было мноства, і ўсе каровіны. Траплялі сярод іх, пэўна, і бычыныя, але Зулька не дасягнула яшчэ такіх вышынь у крыміналістыцы, каб адрозніць бычыныя сляды ад каровіных, хаця пра кароў ведала ўсё і, канечне, не дапускала і думкі такой, што ноччу ў яе гародчык па цюльпаны лазілі каровы. Гэта ранкам, прыцемкам яшчэ калгасны пастух заблытаў усе сляды, прагнаў па вуліцы статак на пашу, дзесьці галоў пад сто. Каровы стапталі, знішчылі, схавалі сляды начных налётчыкаў. Але гэта ўсё ж не збіла з панталыку Зульку. Туфлік заставаўся ў яе, і план у галаве выспеў. I ніякай вайны для яго выспявання не спатрэбілася, як таму Кандрату, у якога заўсёды на языку, што б ні здарылася, за якую б справу ні ўзяўся: вайна план пакажа. Туфлік падказаў ёй план. I гэта нічога, што туфлік той даўно развітаўся з першай і нават з другою сваёй маладосцю, калі ён быў у некага на назе, значыцца, ёсць у яго і гаспадар, патрэбен ён у хаце, гаспадары помняць аб ім і не адмовяцца ад яго. Але першы, каго яна спытала пра туфлік, быў Вовік-алкаголік: шыбаваў зранку да магазіна і без капейчыны ў кішэні, спадзеючыся на крэдыт, шчасце і чыё-небудзь спагадлівае сэрца. Але сустрэчы з Зулькаю не ўзрадаваўся, знак быў нядобры: баба — гэта адно, другое — Зулька, а яна больш лагодная толькі вечарам, гэта Вовік ведаў, і трэцяе — нешта яна аж свеціцца ўся, упілася ў яго, учапілася за рукаў:

— Вовік, ты туфлік гэты не прызнаеш?

— Добрая туфля,— сказаў Вовік,— дай рубель, на абедзве нагі па дзве пары прынясу табе такіх.

— Мне б толькі адзін-адзіненькі яшчэ да гэтай пары.

— Магу і да гэтай пары, дай толькі рубель ці скажы, дзе ён у цябе ляжыць... Дзе ўзяла першую туфлю?

— Дзе ўзяла, дзе ўзяла,— уздыхнула Зулька, зразумеўшы, што з Вовікам яна кашы не зварыць. Зразумеў гэта і Вовік.

— На нарад спяшаюся, Зулька. Прыкупі вечарам пляшачку, завалю хату туфлямі, і кожная другая будзе імпартная. А цяпер пабег, бачыш, мужыкі на нарад ідуць.— Мужчыны сапраўды, не спяшаючыся, падцягваліся да нараднай, але не ўсе, канечне, на нарад. У адным будынку з кантораю месціўся і магазін.

Вовік пабег да мужчын. Зулька паглядзела яму ўслед, але за ім не пайшла, пра што ёй гаварыць з мужчынамі каля нараднай. Туфлік, сляпому відно, жаночы. Па хатах трэба, і хутчэй, пакуль яны там усе яшчэ цёпленькія. Але ў думках яна падзякавала і Вовіку за яго дурное, на першы погляд, пытанне: дзе ўзяла, дзе ўзяла. Купіла, дзе ўзяла. Так яна і скажа, што з нагі ў кагосьці ноччу садрала туфлік: знайшла, знайшла.

— Вось на поплаве знайшла,— сказала яна ў першай жа хаце, куды занеслі яе ногі.— Бегала раненька шчаўля нарваць. Гляджу, калодзіна дыміць, дзеці ноччу агонь палілі, гулялі. I туфлік забыліся, ці не вашых будзе.

Місцючыха, а гэта была якраз хата Місцюка, патрабавала туфлік у свае рукі. Зулька хацела ўжо і аддаць, але зірнула ў вочы Місцючысе, змеціла, што Дуня нешта ўжо сцяміла, схавала туфлік за спіну:

1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 228
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)