Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 229
Перейти на страницу:

I ў кожнай вёсцы былі ў іх сэксоты, дзе лепшыя, дзе горшыя, актыўныя і ня вельмі. Нам у гэтым сэнсе, мабыць, не пашэнціла. У вясковую абшчыну ўлез чужынец, прышлы чалавек, — пасьля грамадзянскай прыстаў да мясцовай кабеты. Ня ведаю, адкуль ён быў родам, але НКВД наладзіў зь ім вельмі цесны кантакт. I ён нават ня надта таіўся, яшчэ пахваляўся, што памагае чэкістам. Недзе ў пяцідзясятых гадах, як я прыяжджаў да бацькі, ён прыходзіў таксама і за чаркай гаварыў, што хацеў пасадзіць бацьку, была прычына, ды пашкадаваў. I бацька яму быў удзячны. Ня ведаю, што ён меў на ўвазе. Можа, мамін «кантрабандны» пераход?

Мабыць, варта ўспомніць гэты «крымінальна-палітычны» ўчынак. Як я ўжо казаў, мама паходзіла з таго боку мяжы і ўсе тыя гады ня мела ніякай сувязі з братам. Нават ня ведала, ці жывы ён. У трыццаць дзявятым годзе пасьля ўзьяднаньня паявілася нейкая надзея хоць бы атрымаць вестку. Новую мяжу адсунулі за Беласток, але старую не ліквідоўвалі. Ахоўвалі па-ранейшаму пільна, каб ніхто — ні адтуль, ні туды. Мы чакалі. Але неяк галоднай парой маці наважылася і пайшла — цераз лес, балота, каля возера, ужо дарогу яна памятала зь дзяцінства. I прайшла. I вярнулася. I прынесла галодным гасьцінцы — у мяшэчку трохі мукі і бараньнюю лытку. Аказалася, што брат пад панскім прыгнётам усё ж жыве лепей, чым сястра-калгасьніца, у якой на стале даўно няма хлеба. Пасьля мама баялася, што хтось данясе і яе пасадзяць. Але не пасадзілі, і мы ўжо думалі, што ніхто ні пра што не дазнаўся. Аказваецца, некаторыя дазналіся…

6. Віцебск

Улетку паслаў дакумэнты ў Віцебск, у мастацкае вучылішча. Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьці, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабілася неяк, голад і рэпрэсіі гналі людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нікуды не маглі, хіба што моладзь, падлеткі. Якраз на гэтым часе ў школе паявіўся новы піянэрважаты, малады хлопец Віктар Кандрацкі, які ажаніўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат і раптам зьнік, аказваецца, паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднойчы ўлетку мы сустрэліся ў Кублічах, і ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкія малюнкі. Сказаў, што даюць інтэрнат і нават плоцяць стыпэндыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны ім, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнікам у школе. Але мусіў табель аддаць (Тры папярэднія сказы выкрасьленыя аўтарам у кніжным выданьні.). Во бацька і кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухі зачахнеш. А там, у Віцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскі, і яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскі выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыўся на настаўніка ды паступіў у партыю, як наш Новікаў. Начальнікам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана… Зрэшты, як і стаць мастаком…

На ўступныя экзамэны ехаў цягніком, гэта быў мой першы выезд у вялікі сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якім я таксама быў першы раз. Выехалі на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклі. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае і цікавае. Вузкія, крывыя, брукаваныя вулічкі, крамы… Таксама і ў Віцебску, які ўразіў мяне шматлюдзьдзем і… трамваямі. Зь некаторым страхам ехаў на трамваі ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы віселі вялізныя каляровыя рэклямы кінатэатраў, недалёка высіўся аграмадны сабор і вежа ратушы.

Вучылішча месьцілася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаічнай падлогай у вэстыбюлі. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылі ў вайну.) Галоўныя экзамэны былі, вядома ж, па мастацтву, мы малявалі акварэляй нацюрморт з гаршкамі. Пасьля іншыя прадметы, якія я здаў пасьпяхова, і, вярнуўшыся дамоў, атрымаў паведамленьне аб залічэньні ў студэнты.

У інтэрнаце мастацкага вучылішча былі толькі матрацы з ваты — камячыстыя і нязручныя, на іх і спалі. Коўдры трэба было прывезьці з дому, і я прывёз стракатую коўдрачку, вынятую маці з куфра як самую каштоўную. Тканая яна была накшталт крыжыкаў — белае з чорным, і мае злыя сябры адразу ўбачылі ў ёй штось папоўскае. Ад іхніх папрокаў мне было сорамна, і я накрываўся коўдрай толькі ў сьцюжу, зьверху яшчэ клаў тужурку. Тужурка тая дасталася мне ад першага мужа мамы, які ў рэвалюцыю прыехаў з Курляндыі, прывёз самыя каштоўныя рэчы (тужурку, залачоныя запанкі для кашулі, цэлюлёідныя каўнерыкі і манжэты), склаў у куфар. І паехаў у Пецярбург, дзе і прапаў. Мама чакала яго ці ня год пяць, а пасьля, схадзіўшы пешшу на паклон да Ефрасіньні Полацкай, выйшла замуж за суседа-ўдаўца Уладзімера.

1 ... 9 10 11 12 13 14 15 16 17 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)