Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Не пасьпеў агледзецца, як сьлед пазнаць горад і нават адшукаць дзядзьку, як выбухнула вайна.
Прызнацца, тое маладых сьпярша і ня надта палохала. Была ж толькі нядаўна фінская вайна, перад тым — вызвольны паход у Заходнюю Беларусь, усё сканчалася трыюмфам перамог. Пераможам і тут. Тым болей, калі намі кіруе непераможны таварыш Сталін. Але пакрысе рабілася сумна, а затым і страшнавата. Хацелася дамоў, бліжэй да родных мясьцінаў. Ды не было як. Калі нямецкі вермахт захапіў Менск і Гомель, падступіў пад Кіеў, нас змабілізавалі цераз ваенкамат. Сьпярша на абаронныя работы. Можа, месяц капалі даўжэзны і глыбокі супрацьтанкавы роў, здаецца, пад Пірагоўкай, які затым кінулі, бо немцы ўжо замыкалі сваё акружэньне Кіеўскага катла…
Пачынаецца эвакуацыя. Тысячныя калёны 17—18-гадовых юнакоў пацягнуліся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая сьпёка. У сёлах і гарадках, дзе мы праходзілі, нас праводзілі жанчыны і дзяўчаты, давалі якую ежу, садавіну, махалі хусткамі. Некаторыя плакалі. Мы паводзілі сябе вольна, жартавалі. Нас, жменьку беларусаў, ніхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталіся далёка. Але і ўкраінкі нас шкадавалі і любілі. На ўскраіне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраінка падбегла і пацалавала мяне — то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маім жыцьці. Начавалі звычайна ў гумнах, аборах, ужо апусьцелых школах. Хлопцы-ўкраінцы дужа добра сьпявалі. Як ні былі стомленыя за дзень, у цемрыве летняй зорнай начы дзе-небудзь на краі сяла доўга гучала самая любімая і знаёмая «Распрагайтэ, хлопці, конэй та лягайтэ спачывать, а я пійду ў сад зэлэній та крынычэньку копать». Як разьвіднее — пад’ём і на сьпякотную дарогу, пакуль ня зьявяцца ў небе нямецкія каршуны.
Харчуемся, чым дзе прыйдзецца. Болей самапасам. Быў вялікі ўраджай яблыкаў, гародніны. Забягаем у прыдарожныя крамы, у якіх, аднак, амаль пуста. Усё расхапалі да нас. У Белгарадзе я спрабаваў купіць фруктовага чаю, які можна было есьці, ды загруз у натоўпе каля прылаўка. Праз тое адстаў ад калёны, а затым і згубіў яе. Пакуль бегаў па забітых войскамі вуліцах, настала ноч. Стомлены зайшоў у паўразбураную бомбай хаціну і заснуў. Пабудзілі камэнданцкія патрулі. Адвялі ў камэндатуру. Там уначы допыт — хто такі, чаму адстаў, зь якой мэтай? Абшукалі, адабралі дакументы. Знайшлі ў маёй валізцы карту — выдраны з падручніка аркушык, на якім я, грамацей, адзначаў, як рухаецца фронт. Той аркушык мяне ледзь не загубіў. Лейтэнант у сіняй фуражцы, што дапытваў мяне, пасьля першых жа словаў выцяў у адно вуха, затым зь іншай рукі — у другое: «Почему скрывался?» Я спрабаваў давесьці, што адстаў ад каманды, што іду з Сумской вобласьці. А мой сьледчы на тое адказваў: «Все так говорят, грубо работают ваши фашисты, по шаблону. Но мы выбьем из тебя признание, японский городовой!» Тую адмысловую лаянку я тады чуў упершыню і запомніў на ўсё жыцьцё.
Што праўда, болей мяне ня білі, яшчэ палаяўшыся, адвялі ў цесную камеру ў сутарэньні. Тут было цёмна, адчувалася прысутнасьць людзей, і я прысеў каля ўваходу. Але неўзабаве прывялі і яшчэ некага, пасьвяціўшы ліхтарыкам, мяне змусілі перасесьці далей. Я прысланіўся плячмі да сьцяны і, здаецца, задрамаў трохі.
Як стала днець, прачнуўся. У камеры трохі пасьвятлела. Тут сядзела чалавек восем, я паўзіраўся ў маіх суседзяў. Адзін ляжаў на баку, выцягшы даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. Другі сядзеў побач, на галаве ў яго была фуражка з зоркай над казырком. А яшчэ адзін ляжаў ля мяне, ён быў у белай вышыванцы, з рукамі, закладзенымі назад. Я не адразу здагадаўся, што яны ў яго зьвязаныя, і незнарок памкнуўся іх разьвязаць. Але чалавек тузануўся і прастагнаў: «Не чапай, застрэляць». I я адвярнуўся.
Дзіўна, што да паўдня з камэры нікога не выводзілі, а прывялі яшчэ трох. Усе тут маўчалі, толькі адзін з прыведзеных пачаў плакаць, і на яго крыкнулі: «Сьціхні! Разьнюніўся…» Усе чагосьці чакалі і слухалі, што адбываецца знадворку. А там сапраўды штось адбывалася, грукацелі машыны, чуліся крыкі камандаў ці што. Упаўдзён адбылася жахлівая бамбардзіроўка гораду, усё скляпеньне трэслася, аж сыпалася са столі. Недзе паблізу стралялі кулямёты, але зенітак не было, як стрымана зазначыў мой сусед у абмотках.
Пад вечар некалькі чалавек вывелі, болей не прывялі нікога. У камеры павальнела, але знадворку цішэй ня стала. Недзе, даволі блізка, бахала артылерыя. Я зноў трохі задрамаў. А прачнуўся ад таго, што дыхнула сьвежым паветрам, у дзьвярах стаялі вайскоўцы ў плашчпалатках. Ботамі яны пабудзілі тых, што былі бліжэй, і загадалі выйсьці. Дужа хутка ў другім канцы будынку пачуліся стрэлы.
«Чатыры», — са страхам мовіў хтосьці ў камеры. Твар майго суседа ў вышыванцы стаў зусім белы, бы абсыпаны мукой. Дзьверы затым пачалі часта расчыняцца, падобна, пачалі выводзіць усіх, па чарзе. Недзе, ня так далёка, усчалася страляніна, празь якую мы чулі некалькі блізкіх стрэлаў. Чарговы раз прыйшлі два — малады ў сіняй фуражцы і сталы, вусаты чырвонаармеец зь вінтоўкай. Гэты, вусаты, кіўнуў мне — на выхад, і я паслухмяна падняўся. Не памятаю, як выйшлі са склепу, цераз выбрукаваны двор завярнулі за вугал мураванага будынку на вытаптаныя грады агароду. I там пад старым дашчатым плотам я згледзеў у крапіве даўгія ногі ў высока накручаных абмотках. I я не стрымаўся — сьлёзы самі ручаём паліліся з вачэй. Чырвонаармеец прыпыніўся, бы зьдзіўлены маім бязмоўным плачам, і раптам кажа: «Пацан, бяжы! Хутка!». I я рвануў цераз бульбоўнік да блізкай праломіны ў плоце, чакаючы, што ён зараз у мяне стрэліць. Ён і сапраўды стрэліў, але ўгару, як я зразумеў бегучы, хоць і не азірнуўся нават.