Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 229
Перейти на страницу:

Вядома ж, як у калгасах было — голад, прыгонная праца, рэпрэсіі… Жалезнай хадой ішло раскулачваньне. Раскулачылі селяніна, у якога была карова зь цялушкай. Ва ўсіх па адной карове, а ў гэтага — зь цялушкай. Другога раскулачылі за тое, што ўлетку пляменьніца памагала жаць жыта. Значыць — наёмная сіла. I трэцяга — як сабатажніка. Не хацеў уступаць у калгас, упіраўся. Вывозілі сем’ямі. Памятаю хлопца, зь якім вучыўся. Раскулачваньне было ўвосень, хаця ня памятаю, ці да арганізацыі калгаса, ці пасьля… I вось ён не пайшоў у школу, і я пабег яго праведаць. Гляджу, там ужо грузяць майно на фурманкі, а мой сябра хваліцца: «Мы цягніком паедзем, ага!» I мне стала зайздросна — чаму майго бацьку не раскулачылі, і я б таксама цягніком паехаў. А так цягніка і ня бачыў… Арганізавалі калгас, прыйшла вясна, даелі бульбачку, што засталася ад абагульненьня. Есьці ня стала чаго. Елі мякіну з травой, крапіву. I так доўжылася шмат гадоў, бо з калгасаў нічога не давалі. Ураджаі кожны год дрэнныя, усё, што вырасьце, ішло на дзяржхлебаздачу ды насеньне. Памятаю такія моманты… Бацька пойдзе ўвосень на канчатковае разьмеркаваньне і прынясе гадавы заробак — паўторбы жыта. Вось і ўсё, што мы зарабілі за год, усёй сям’ёй працуючы ў калгасе. Такі заробак. Але ж яшчэ з нас і пастаўкі: мяса, воўну, яйкі, малако, масла, грашовы падатак, страхоўка, яшчэ пазыка і рознае іншае, не пералічыць. Дзе ўзяць грошы? Што прадаць, каб сплаціць? Не кажучы ўжо, каб нешта купіць. Хоць бы штаны хлопцам хадзіць у школу. Пры аднаасобніцтве ратаваў лён, які сеялі, апрацоўвалі і апраналіся. А цяпер наконт лёну стала дужа строга — таксама наклалі падатак. Спаганялі страшэнна.

Той час запомніўся мне нязвыклаю панурасьцю бацькі. Звычайна ён прыходзіў з калгаснае працы, моўчкі сёрбаў штось зь міскі, выйшаўшы з хаты, сядаў на калоду ў дрывотні. Моўчкі курыў. Маці яго тады не чапала, мы маўчалі таксама. Мне здавалася, што бацька злуецца — на мяне, можа? I я таксама трохі крыўдаваў на яго, дурань. Куды пазьней зразумеў прычыну бацькавай панурасьці — яму, як і сялянам наогул, ня стала як жыць.

Памятаю (гэта яшчэ да калгасаў было), бацька ўвечары разьвівае конскія путы, раскручвае, каб здаць за лён. А то ходзяць сельсавецкія актывісты, робяць вобыскі, каб знайсьці, калі хто схаваў якую-небудзь кудзелю. У вёсны ва ўсіх рабілі суцэльны вобыск, прыйшлі і да нас. А ў нас была істопка старая, з прадранай стольлю, трохі затуленай саломай. Шукалі, шукалі, нічога не знайшлі, і ў мяне пытаюцца: «Мальчик, где отец прячет лён?» А я кажу:

«На істопцы». Ну гэтыя: «Иваноў, давай туда!» А я… Ну чаму я гэтак сказаў? Мабыць, з непрыязьні. У мяне папыталіся, ну я і сказаў, маючы на ўвазе тую замаскаваную дзірку ў столі. I праўда, гэты Iваноў уваліўся туды, пачаў лаяцца. А я ўцёк у роў. Пасьля бацька лаяў мяне: «Ну дзе ты бачыў там лён? Лён у нас у другім месцы схаваны, век ня знойдуць…» Так, лён. Але ж трэба было яшчэ здаць і збожжа. Каб збожжа не малолі на муку, а везьлі на млын, дзе яго маглі спалавініць, зрэквізаваць, а то і проста абрабаваць. Але ж у сялян былі свае млыны — жорны. Амаль у кожнага стаялі ў сенцах ці ў варыўні-істопцы гэтыя несамавітыя прылады з двух плоскіх камянёў. Ды і што там было куды везьці, якіх пару мяшкоў жыта. Бацька малоў сам. Дык вось аднойчы прыйшлі гэтыя камбедаўцы, сельсавецкія актывісты, і зьнялі верхні камень. На рагу з падмурку вытыркаўся вялікі валун, дык яны кокнулі аб яго жорнавам і разьбілі на тры кавалкі. Ну і вось жывём са збожжам, але бяз хлеба. А гэтыя ходзяць, рэгулярна правяраюць, ці ляжаць у крапіве аскялёпкі. Тады бацька ўначы неяк узяў іх і змацаваў у адно драўляным абручом. Набіў, падраўняў і паціху малоў. Ноччу зьмеле, а потым абруч зьніме і зноў гэтыя камяні — у крапіву, бы і не чапаў.

А пасьля, ужо за калгасам, ніякага збожжа не было, ня сталі патрэбны і жорны. Настала поўная галеча. Зь вясны галадуха, есьці няма чаго. Чакаем бульбы. А бульба… Гэта цяпер скарасьпелка ды іншыя гатункі, дзякуючы інстытуту бульбаводства. А тады была бульба толькі аднаго гатунку, які высьпяваў аж пад восень. А так усё лета напаўгалодныя.

Першая бульбачка.

Добра нагаладаўшыся за лета (бясхлебіца і бязбульбіца), дачакаліся нарэшце пары, калі падрасла бульбачка.

Тое было пасьля Спаса, але яшчэ да школы. Мама даўно ўжо прыгледзела баразёнку каля раўка, дзе бульбачка павінна быць найлепшая. Калівы тое падказалі, а вока ў мамы на гэты конт было беспамылковае. Мама ўзяла кошык, а я рыдлёўку. І праўда, першае ж каліва выцягнула на карэньні колькі ня дужа яшчэ вялікіх, але спрытнейшых чырванаватых бульбінаў, якія мама ашчадна паклала ў стары, прадраны кошык. Я капануў колькі разоў рыхлую зямлю, пасьля рукамі добра пашарыў у ёй і знайшоў яшчэ зь пяток бульбінаў. Тое ж зрабілі з суседнім кусьцікам. Праўда, пад ім было менш, я хацеў капануць і яшчэ колькі кустоў, але мама запрацівілася — кажа, хай яшчэ падрастуць. Нам, можа, хопіць.

1 ... 6 7 8 9 10 11 12 13 14 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)