Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Я бег і за плотам, празь нейкія агароды, пералез цераз драцяную загародку, абабег пахілыя хлеўчукі, апынуўся ў аброслым дзядоўнікам завулку. Добра, вайскоўцаў тут не было, толькі нейкая цётка зь вядром высунулася з-за вугла, я моўчкі яе абмінуў і нарэшце выбраўся да чыгункі. Тут зьніякавеў трохі, ня ведаючы, куды падацца — управа ці ўлева? Пайшоў улева, — каб ад вадакачкі, што блізка высілася над дахамі. Там неўзабаве спаткаў дзядзьку-чыгуначніка, які з мэталёвым чамаданчыкам у руках ішоў кудысь ці аднекуль. Я папытаўся, у якім баку Харкаў, і дзядзька, паўзіраўшыся ў мяне, моўчкі махнуў рукой — там. Я і пайшоў па пуцях на захад. Па дарозе ісьці было нельга, дарогі былі забітыя войскамі, што адступалі, бежанцамі — пешымі і на вазах. Я шпарыў па чыгунцы, кіраваў у Валчанск — гарадок пад Харкавам, дзе, як дачуўся раней, фармаваліся запасныя часткі. Каманда, ад якой я адстаў, накіроўвалася менавіта туды. Але дзе быў той Валчанск? Ці сапраўды пад Харкавам, як паказаў мне чыгуначнік? Болей папытацца не было ў каго. Ды я і баяўся пытацца.
Увогуле тады мне пашэнціла. Як збоч ад дарогі ў лесе знайшоў сваю каманду, тая ўжо строілася для фармоўкі. Я вельмі ўзрадвваўся, пачуўся амаль шчасьлівым. Але ж у мяне не было ніводнага дакументу, усё засталося ў Белгарадзкай камэндатуры. Добра, што камандзіры ня надта прыдзіраліся — не было часу, ды й хлопцы пацьвердзілі: то наш. I я ці не ўпершыню адчуў радасную еднасьць калектыву, яго шчасьлівую перавагу перад задушанай жыцьцём адзінкай. Пра свае драматычныя прыгоды ў Белгарадзе доўга нікому не распавядаў, пра дакументы пасьля пісаў, што страчаныя падчас вайны. Бяз пэўных падрабязнасьцяў[1].
Нас сфармавалі ў новую каманду, далі нейкую б/у абмундзіроўку, але замест зброі — рыдлёўкі. Абвясьцілі, што з гэтага дня мы — у складзе армейскага інжынэрнага батальёну. Прыбыло нейкае начальства, і нас зноў павялі капаць траншэі на поўнач ад Харкава. Праз колькі дзён выдалі вінтоўкі — па адной на дзесяць чалавек, і мы адчулі сябе байцамі непераможнай Чырвонай арміі. Неўзабаве пачалася катавасія. Падышоў фронт, пачасьціліся бамбёжкі. Прарывы нямецкіх групаў, паветраныя дэсанты, якія належала адбіваць, але часьцей мы ад іх уцякалі. Аднойчы нас кінулі на прыкрыцьцё нашай кавалерыйскай контратакі. Там я ўпершыню адчуў увесь жах гэтай вайны.
Ноччу на ўскрайку кукурузнага поля мы выкапалі акопчыкі. Наперадзе — бураковая ніва, а за ёй вялізнае ўкраінскае сяло. Учора мы празь яго ішлі. А затым ішла кавалерыя — шмат кавалерыі. Дагэтуль бачу: запыленыя, стомленыя коні і людзі, вакол пыл, пыл… На Украіне ўлетку заўсёды пыл на дарогах. Кавалерысты, відаць, ішлі здалёку, удзень над імі вісела нямецкая авіяцыя, увесь час бамбіла. Навакольле ўсё гарыць… А яны ўзброеныя так: вінтоўка за сьпінай, шашка, процігаз, перамётныя сумкі ля сёдлаў… Чамусь запомніліся конскія процігазы. На сядле сумка вялікая, і ад яе ідзе тоўстая гафрыраваная трубка, бы кішка, і маска, — надзяваецца каню, калі газавая атака, якіх, дарэчы, нідзе на вайне не было. На сьвітаньні коньнікі кінуліся на сяло ў атаку, на нямецкія танкі. Немцы падпусьцілі іх даволі блізка і з кулямётаў наладзілі ім такое, што Божа мой! Празь якіх дзесяць хвілін усе адхлынулі назад. I вось бяжыць конь у пене, безь седака, а то сядок вісіць зь сядла ўніз галавой. Конь падае, б’ецца, зь ягонага бруха вывальваюцца вантробы ды яшчэ кішка гэтая процігазная цягнецца. Усё навакол пашкуматана кулямётнымі чэргамі. Хуценька мы адтуль драпанулі — усе, пешыя і коньнікі — у лясок, атака захлябнулася, і болей яе не ўзнаўлялі. Танкі пайшлі далей.
Потым яшчэ было нямала такога ж, бязладнага і дурнога. Мы будавалі для маршала Будзённага камандны пункт, на якім Сямён Міхайлавіч ледзьве ня трапіў у палон. Адыходзілі на Стары і Новы Аскол… Недзе ўвосень, здаецца, у кастрычніку, армію нарэшце вывелі пад Варонеж, яна ўжо была небаяздольная, адны рэшткі.
1
З 22 чэрвеня да 10 кастрычніка 1941 году асобымі аддзеламі НКВД і заградатрадамі войскаў НКВД па ахове тылу затрымана 657 364 вайскоўцаў, што адсталі ад сваіх частак і ўцякалі з фронту. Асобымі аддзеламі арыштавана 25 878 чалавек, астатнія сфармаваны ў баявыя часткі і адпраўлены на фронт. Паводле пастаноў асобых аддзелаў і паводле прыгавораў вайсковых трыбуналаў расстраляна 10 201 чалавек… (З даведкі намесьніка начальніка асобага аддзелу НКВД СССР Мільштэйна.) (Зноска аўтара.)