Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Паэзія, у тым ліку і расейская клясыка, мала краналі. Трохі пазьней, у юнацтве, пачаў падабацца Лермантаў. I я зразумеў, чаму, калі пасьля вайны прачытаў у Буніна, што Лермантаў, а зусім ня Пушкін— першы паэт Расеі.
Некалькі год у школе я сядзеў за адной партай з Шуркам Андрэйчыкам. То быў ціхманы, задуменны хлапец, добра вучыўся па матэматыцы. Лепш за мяне. Але я лепей пісаў дыктоўкі і сачыненьні. Тады мы стварылі пэўную каапэрацыю і памагалі адзін аднаму: ён мне па матэматыцы, а я яму па мовах. Зь цягам часу я зусім занахабнічаў і на ўроках матэматыкі чытаў пад партаю кніжкі. Так доўжылася, аж пакуль дырэктар Сьлімборскі, ён жа выкладчык матэматыкі, мяне не злавіў і не паставіў двойку. Мусіў выпраўляцца. Было сорамна, бо па астатніх прадметах меў адны пяцёркі.
Тут, можа, трэба сказаць яшчэ пра адно школьнае захапленьне — маляваньне. Маляваць пачаў рана, можа, з трэцяй ці чацьвертай клясы, — як звычайна, алоўкам ці акварэльнымі фарбамі для насьценнай газэты, розныя школьныя дапаможнікі — карты, схемы… Але якое выяўленчае мастацтва ў вёсцы? Ды ўсё ж знайшлося. У суседняй вёсцы Астроўшчына жыў селянін Бобрык, бедны — бяднейшы, можа, за ўсіх. Але ў часы грамадзянскай вайны ён быў слугою ў якогась заможнага двараніна недзе ў Сібіры, казалі, нават у губэрнатара. Дык ён прывёз на радзіму некалькі карцін алеем, маленькіх такіх эцюдзікаў. Яшчэ ён прывёз гадавыя пераплёты часопісаў «Нивы», «Огонька» за некалькі год. «Огонька» нават з пачатку стагодзьдзя аж да 1916 году. Там было шмат рэпрадукцыяў — чорна-белых і каляровых таксама. Я браў у яго тыя пераплётыпадшыўкі, чытаў, разглядаў малюнкі тагачасных мастакоў. Ну і, канешне, сам маляваў. Пасылаў кудысьці на конкурсы свае малюнкі, перапісваўся, здаецца, зь Менскім ці Віцебскім домам піянэраў. Там былі мэтадычныя кабінэты, адкуль мне прысылалі заданьні…
Што ж да кніжак, дык яны таксама маюць сваю пару, кожную зь іх трэба чытаць у пэўным узросьце. Цяпер дык шкадую, што рана перачытаў якраз самыя значныя кнігі, зь якіх у дзіцячым узросьце ўзяў далёка ня ўсё, што належала ўзяць. Але, можа, і памыляюся. Можа, менавіта ў раньнім узросьце яны і маглі закрануць штосьці ў душы, а пасьля ўжо рабілася позна. I пасьля кранала-камячыла жыцьцё, а не ўплывала літаратура.
Апроч клясыкі, у гэтую пару давялося прачытаць некалькі кніжак, якія так ці інакш штось закранулі ў дзіцячай душы і засталіся ў памяці. То выпадковыя кніжкі, часам малавядомых аўтараў. Прачытаў і доўга ня мог забыць ваеннага трагізму кніжкі «У якуцкай тайзе» І. Строда. Або «Ад’ютант генэрала» Май-Маеўскага — гэтую прадцечу шмат якіх наступных «шпіёнскіх» ці «разьведчыцкіх» кніжак пазьнейшых часоў. «Сіўцоў вражак» Асоргіна раскрыў вочы на пасьлярэвалюцыйны час у Маскве. Вядома ж, жахлівы час, убачаны, аднак, з пазыцый трохі інакшых, чым мы звычайна сустракалі ў савецкай літаратуры. Гэта была літаратура 20-х гадоў, творы «папутчыкаў», а не пісьменьнікаў-камуністых. Зь беларускіх у гэтым шэрагу помняцца «Прысады» М. Зарэцкага ды хіба «Спалох на загонах» П. Галавача. Асабліва фінал гэтай хрэстаматыйнай аповесьці.
4. Калектывізацыя. Гамашы
Дагэтуль маё апавяданьне ішло па дзіцячай лініі, болей выбірала з памяці лепшае ці, можа, нэўтральнае. Але жыцьцё насамрэч было іншым, і памяць захавала шмат якія грымасы таго дарослага жыцьця.
Вось, памятаю, ці ня ў 32-м годзе тое было, вясной. Па краіне ішла калектывізацыя, па сутнасьці гвалтоўная ліквідацыя сялянства як клясы. У спрэс сялянскай краіне ліквідоўвалася сялянская кляса — што ёсьць клясычны генацыд, хіба што паводле клясавай прыналежнасьці. Сялян агітавалі, што ў калгасе будзе лепш, а яны, «дурні», ня верылі і тым стваралі канфлікт зь дзяржавай. Але тое ў сфэры палітыкі, а як было ў жыцьці? Быў малы, але ж памятаю, як у вёсцы ішоў сход — некалькі дзён запар, сялянаў усё ўламвалі ўступаць у калгас. Тыя ўпіраліся — думалі, нешта залежыць ад іхняе згоды. Ды марна. Неяк прачынаюся дужа рана, устрывожаны тым, што плача маці. У дзяцінстве я дужа адчуваў мамін настрой і звычайна адпаведна рэагаваў на яго. Я ніколі ня бачыў, каб мама плакала. А тут проста галосіць, бы па нябожчыку. Побач у куце, унурыўшыся, сядзіць бацька. Я падскочыў да маці і пытаюся: «Чаго ты?» А бацька кажа: «Не чапай яе — арганізаваўся калгас». Ну, хай бы арганізоўваўся, але чаму плача маці? Аказваецца, таму, што на золаку прыехала брыгада і выграбла ўсё з кублаў, зь мяхоў і засекаў. Во і кармі дзяцей! Дык маці і плача. Бацька маўчыць, што ён можа сказаць? Вось з тае пары і пачалося.