Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Прынесьлі кошык на падворак, сястра Валя адразу ўзялася скабліць бульбачку — ашчадна, каб не саскрэбсьці лішняе. Шасьцігадовы Міколка заклапаціўся пра цяпельца, каб было хворасту і колькі палак дроў. Цяпельца ладзілі ў мураве каля вуліцы, дзе было чысьцей, чым у глыбіні падворку ля хлеўчука. Для таго паклалі тры пляскатыя камяні і разам з братам разьдзьмулі агеньчык. Мама хутка паставіла чыгунок, ня самы вялікі — меншы, даверху накладзены невялічкай яшчэ, ружаватай, з вочкамі бульбачкай. Зьверху прыкрыла накрыўкай. Варыся, бульбачка.
Мы сядзелі па-над цяпельцам, якое дыміла, Валя ўсё круцілася, адварочвалася ад дыму. А Міколка падкладваў і папраўляў палкі. Аднаго разу ледзьве не перакуліў чыгунок, і мама спалохалася — не чапай, дай я. Мы чакалі, калі закіпіць.
Але во і закіпела, кіпень трохі зьбег церазь бераг чыгунка, засіпеў на вугольлі. Цяпер трэба было падкладваць менш. «Ужо зварылася?» — нецярпліва пытаўся Міколка. Мама сказала, што сьвежая бульбачка варыцца доўга, тое ж — ня ў печы. Так яна варылася, і праўда, даўгавата, але мама не сьпяшалася адцэджваць — яна чакала бацьку. Бацька з мужчынамі быў у полі, павінен быў неўзабаве прыйсьці, і мы рыхтавалі яму вячэру. Мама ўжо прынесла гарлачык кіслага малака, ну а хлеба… Хлеба няма. Будзе сьвежая бульбачка замест хлеба. — Татуля ідзе! — радасна паведаміла Валя. І праўда, зза рога хаты на падворак стомленай хадой увайшоў бацька. Згледзеўшы цяпельца і сваю сямейку вакол, сумна ўсьміхнуўся. — Во, ужо і бульбачка! Дык памыю рукі.
Дужа не цярпелася хутчэй пакаштаваць сьвежай, з дымам, цьвердаватай, даўно чаканай бульбачкі. — Ну цяпер не памрэм, — казаў бацька, прысаджваючыся на ўслончык. — Калі дажыліся да бульбачкі…
І цяжка, самотна ўздыхаў.
Канешне, ратавала малако, але ж моладзі і мужчынам хацелася хлеба. Апроч таго, вечныя праблемы з вопраткай і абуткам. Па гразі, па сьнезе кожны дзень за тры кілямэтры ў школу. Тры туды, тры назад. У крамах жа нічога ня купіш, ды й за што купіць? Памятаю, калі ў сяльпо прывязуць мануфактуру, дык за ёй душыліся чорт ведае як. Газы давалі па літру ці паўлітры на месяц і толькі па пайскіх кніжках. Прыйдзеш зімой са школы, у хаце цёмна, перад печчу — лучына, так вось трэба рыхтаваць урокі. Праўда, сярод гэтай нэндзы часам выпадалі сьветлыя моманты. Неяк увосень кліча мяне дырэктар, паглядзеў на мае растаптаныя ў гразі башмакі і кажа: «Ідзі ў сельмаг, памерай гамашы. Скажы: дырэктар прыслаў». Пайшоў я, памераў, а пасьля дырэктар мне іх купіў. Усё ж я быў выдатнік, і, мабыць, тое штось значыла. Ужо я бярог-ашчаджаў тыя гамашкі…
5. Хапун. Бобрык
Якраз тою парой бацька ўзяўся будаваць новую хату, старая згніла, жыць у ёй стала немагчыма. Узімку хадзіў у сельсавет, каб дазволілі сьпілаваць колькі хвояў, затым іх трэба было вывезьці. Ужо цёплай парой закладваў падмурак, пасьля ладзіў зруб. I ўсё сам, адзін, не пакідаючы палявой працы ў калгасе. Прыйдзе, бывала, на полудзень і хуценька на зруб — сякерай цюк, цюк… Так да восені. Увосень перабраліся ў новую, яшчэ недаробленую, без падлогі хату. Хораша пахлі сьцены, але не было печы. Печ стаўлялі ўжо ў зазімак. Намерзьліся добра…
Маімі вясковымі сябрамі былі хлопцы, пераважна старэйшыя за мяне, апроч хіба Васіля Паршонка, на год ці на два маладзейшага. Вядома ж, усе яны былі адметныя ўласным характарам: некаторыя добрыя і таварыскія, іншыя — ня надта. Валодзя Галавач, хоць і старэйшы за мяне на тры гады, паводзіў сябе як роўны, ладна таварышаваў, памагаючы, калі ў чым была патрэба. Toe і ня дзіва — у яго была маці вельмі добрая жанчына, апекавалася маёй маці, калі тая засталася адна, бяз мужа. Валодзя памагаў мне сячы дровы, як бацька ляжаў з тыфам у Вушачы. Добры хлопец быў сын рэпрэсаванага — Коля, мой сусед (жыў цераз адну хату), які пасьля вайны на радзіму не вярнуўся, атабарыўся ў Латвіі. Меней мы сябравалі зь ягоным братам Мішам Зьмітраковым, казалі тады: задаецца. Пасьля вайны ён быў дырэктарам школы, якую адбудоўваў у Кублічах. З Васілём Паршонкам, будучым кінамэханікам, мы, памятаю, каталіся зімой на лыжах; Васіль лепей за мяне зьяжджаў з самых крутых пагоркаў. Яшчэ адзін сябра, мой стрыечны брат Мікола, не вярнуўся з вайны — падобна, быў забіты пры штурме рэйхстагу, як сьведчыў камбат Няўстроеў. А ягоны малодшы брат Iльля, былы партызан, пабадзяўшыся па сьвеце, пад старасьць вярнуўся на радзіму і пахаваны на бацькоўскіх могілках.