Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 209
Перейти на страницу:

— Раба Божая Наста абрала сабе праведны шлях! — басіў прарок.— Ніякія зямныя грэшныя клопаты не могуць звярнуць яе! Акі Гасподзь наш і апосталы Яго, мусім мы пакідаць бліжніх нашых з любові да іх жа і ісці па аблудным свеце са Словам Божым...

Мамонька згодна ківаў галавой. Прыгожа гаварыў пан Маг, гучна! Але доўга...

— Выбачайце, можа, мы з пані Настай ужо пойдзем?

Белыя хусткі злосна зашыпелі, барадач пачырванеў. А шлопак ветла працягваў:

— І маніста сваё, пані Наста, не забудзьцеся... Пан Пётра прасіў... І грошы...

Гучныя абвінавачванні цёткі Насты на адрас бязбожнага мужа зліліся з абурэннем усіх прысутных.

— Гэта цяпер божыя грошы! — гарлаў барадач.— Грэшнік Пётра мусіў не патрабаваць іх назад, а прадаць усё, што мае, і ахвяраваць! Кожны, хто прынясе сюды ўсе свае грошы, выратуецца! Толькі ахвяраваннем грошай можна здабыць месца ў Царстве Нябесным. А я — пасрэднік у гэтай справе. Так і перадай усім, валацуга.

Шлопак мімаволі захваляваўся. Барадач гаварыў гучна і даходліва, але нешта не тое. У шлопакавым выданні Святога Пісання не было такой высновы пра грошы... Пра любоў да бліжняга — было... Пра тое, што не скрадзі,— было. Не зажадай жонкі бліжняга свайго, маёмасці і гэтак далей... Мамонька шчыра пра гэта і распавёў. Са святарамі, шкалярамі ды іншымі абазнанымі людзямі прарок і не збіраўся дыскутаваць, але ж тут — нейкі недаробак... Гучнагалосыя аргументы прарока адляталі ад маленькай постаці шлопака, як дажджавыя кроплі ад зялёных лістоў сціплага агрэсту. Патроху вісклівыя галасы жанчын у белых хустках і кульгавага прарокавага памочніка сціхлі, чуваць толькі было раз’юшаны роў барадача ды ветлівы тонкі голас госця.

— Але ж ён праўду гаворыць, жанкі,— нарэшце зазначыла найстарэйшая з кабет, у мінулым свецкім жыцці — гандлярка зелянінай.— Што гэта за святасць, калі да пальцаў грошы прыліпаюць? Хіба Хрыстос з апосталамі грошы збіралі?

Барадаты прарок адчуў, што страчвае ўладу над сваімі рахманымі авечкамі, і ўзвысіў голас. Бедны Мамонька заўсёды пакутваў, калі нехта пры ім сердаваў, злаваўся, лаяўся. А тут сам — прычына лаянкі! Але барадач, відавочна, казаў нешта насуперак запаветнай шэрай кніжачцы са шлопакавай торбы, кожнае слова якой — кніжачкі, а не торбы, вядома,— адбілася на шлопакавым сэрцы, як дзесяць запаветаў на Майсеевых скрыжалях. Дарэчы, габрэйскі Майсей таксама не быў гаваркім, папросту — дык сказалі б, што ў яго каша ў роце... Але не можа зямля быць без прарока! І горад Б* не мог. Тонкі голас Мамонькі ўзвысіўся да вяршыні гары Сінай... Вядома, у ваколіцах горада Б* няма гары Сінай, але каб была — там Мамонькавы прамовы абавязкова пачулі б!

І знялі прасветленыя кабеты свае белыя хусткі, і выказалі барадатаму правадыру, што ў кожнай назапасілася на яго за дні блуканняў, а ад вока сталай местачковай кабеты нічога не скрыецца! Ні патаемнае спатканне з румянай маладзічкай, ні продаж ліхвяру аддадзеных на пакупку месца ў раю пярсцёнкаў.

Нават кульгавы старэча бразнуў аб стол торбачкай з абшчыннай казною:

— А мне ні разу пахмяліцца не даў!

Мудрацы свету даўно сказалі, што чым вышэйшы стод, тым лягчэй яго абрынуць у друз. Развянчаны з апосталаў барадач знік у восеньскім прыцемку. Абвінавачванні сціхлі. Кабеты маўчалі і разгублена пазіралі адна на адну.

Шлопак, які і на хвілю не страціў рахманай усмешкі, пакланіўся ў бок аблуднай Пётравай жонкі і ўмольна прагаварыў:

— Можа, пойдзеце дахаты, цётачка?

Наста няёмка агледзела сваіх нядаўніх сясцёр:

— Сапраўды ж, у Пісанні сказана...

Ну, вось усё і ўладзілася. Шлопак апынуўся ў абдоймах свежага вераснёўскага ветру. Горад Б* паволі рыхтаваўся да сустрэчы з вечаровым прыцемкам. Меланхалічна брахалі сабакі. Памідорчык будзе задаволены. Капеечку даў недарэмна. Мамонька не збіраўся злоўжываць ягонай гасціннасцю, толькі, ідучы, уяўляў, як цётка Наста зойдзе ў хату, пасядуць яны з мужам на лаўку побач... Абдымуцца...

— Як галубочкі... Чыста галубочкі...— шаптаў расчулены ўяўленымі карцінамі шлопак.

Прадмесце горада Б* скончылася, што пацвердзіў прыдарожны крыж, абвязаны чысцюткім рушніком. За спінай чуліся нечыя крокі. Мамонька азірнуўся і ўбачыў... цётачку Насту. У белай, шчыльна павязанай хустцы, са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Шлопак хацеў папытацца, чаму гэта яна не ў сваёй хаце, але словы застралі ў тонкім шлопакавым горле. За цётачкай Настай адна за адной з паўзмроку выплывалі постаці сясцёр у белых хустках. Замыкаў працэсію кульгавы старэча. Цяпер яны спыніліся і неяк дзіўна глядзелі на шлопака. Ну, што ж, можа, людзям куды спатрэбілася... Мамонька сціпла саступіў з дарогі і пакрочыў па бакавой сцежцы. Азірнуўся... Працэсія след у след рушыла за ім. Беднаму шлопаку стала трохі непамысна.

1 ... 124 125 126 127 128 129 130 131 132 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)