Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Ён спыніўся:
— А людзі ж мае... А добранькія... Куды ж вы?..
— Ты ідзі, ідзі, бацюшка, не турбуйся...— ласкава-ласкава прагаварыла цётачка Наста і нізка пакланілася.
За ёй пачалі кланяцца іншыя.
— Ідзі, бацюшка... Бог цябе вядзе... І мы ўжо, грэшныя, за табою...
Мамонька разгублена агледзеў нечаканых спадарожнікаў і нарэшце ўбачыў, якія ў іх прасветленыя твары, як шырока яны ўсміхаюцца, як глядзяць на яго, шлопака!
Істэрычныя шэпты прымусілі Мамоньку задрыжэць:
— Сапраўдны... Сапраўдны... Просты духам... Блажэнны... Прарокаваць пачне... Хто будзе запісваць? Ты, Крыся? Аловак, аловак падрыхтуй...
Мамонька на нягнуткіх нагах рушыў па сцежцы і пачуў, як за яго спінай зладжаны хор зацягнуў Алілуя. Замест баса казліным тэнарам выводзіў кульгавы.
Памідорчык так і не дачакаўся сваёй Насты. Горад Б* пагаварыў трохі пра гэта і забыўся — у каменных дамах пра новых апосталаў нічога і не чулі, а ў дамкі прадмесцяў завітвалі новыя і новыя клопаты і жахлівыя чуткі. Тым больш карчомка — найлепшая Памідорчыкава суцешніца і дарадчыца, хутка высушыла ягоныя слёзы, а ў хуткім часе і вынесеныя з хаты аблуднай Настай грошы былі атрыманыя назад паштовым пераводам.
А яшчэ праз нейкі час балагол, праездам з суседняй губерні, перадаў Памідорчыку і зусім дзіўную пасылку — капеечку, загорнутую ў акуратную белую анучку.
Сказаў, ад святога чалавека, якога ў іхняй губерні надта шануюць за прароцтвы і аскетычнае жыццё.
ШЛЯХЕЦКІЯ АПАВЯДАННІ
Пачыналіся цёмныя лістападаўскія ночы — бяззорныя, чорныя, быццам сама безнадзейнасць, перавітыя жалобнымі стужкамі смугі. Андрусь слабеў. Кожны крок даваўся з цяжкасцю — усё-ткі застудзіўся тады, у халоднай, засыпанай срэбнай восеньскай расой лагчавіне. Коні жандараў тупаталі наверсе, на ўзгорку, і нельга было нават паварушыцца, каб адчуць знямелае ад холаду цела — нібыта яно само ўжо з туману і мокрай зямлі. На амаль голых галінках хмызнякоў гайдаліся дзівоснымі ўпрыгожаннямі сініцы, буйныя кроплі сыпаліся з галінак уніз, быццам перліны з парваных караляў, і Андрусю здавалася, што гэты аксамітны шум зараз выдасць яго. Але самі сінічкі нават не ценькнулі. Можа, ім перадаўся страх чалавека?
Яго вышуквалі ўжо другі тыдзень. Ад іх атрада засталося чацвёра — занадта мала, каб адбівацца, але для таго, каб страціць надзею,— замнога. Кола аблогі было шчыльным, але жандар — не тысячавокі Аргус. Яны вырашылі разысціся ў розныя бакі — некага заўважаць, другія выслізнуць. Вядома, каб пасля, у прызначаным месцы, сустрэцца і пачаць усё наноў. Андрусю выпала рушыць у бок родных мясцін — гэта была салодкая пакута. Не хацеў нават у думках згадваць — «уцякаю», «хаваюся»... Калісьці не сумняваўся — прыедзе пераможцам, на чале загартаванага ў бойках атрада, адсалютуе шабляй-маланкай перад ганкам, на які выбяжыць Яна... Анэля... У кароне залатых косаў, з шэрымі вачыма, падобнымі на два чыстыя возеры, у глыбінях якіх, аднак, хаваюцца гарэзлівыя русалкі. І ён пацалуе яе, не сыходзячы з каня, падхопіць з зямлі — гнуткую, лёгкую, такую жаданую... Каб не выпусціць з абдоймаў ніколі-ніколі! Між імі ўсё было вырашана ўжо даўно. Іх маёнткі побач, бацькі сябруюць, і яшчэ тады, на Каляды, калі ён аддаў зарумзанай ружовашчокай дзяўчынцы ў шчодра абсыпаным срэбным пылком касцюме Мятлушкі свайго мігдалавага генерала з вочкамі-разынкамі — і гатовы быў аддаць у кволыя ручкі ўсе свае цацкі,— яшчэ тады ён вырашыў: вырасце і заваюе... Вядома, прыгажунь, Чароўных Дам трэба заваёўваць. Тым больш ён засмучаўся, што зусім не быў падобны да мужнага воя,— валасы светлыя, рост хутчэй сярэдні, не багатырскія плечы — хаця жылаваты і трывушчы. А хіба бывае вой з такімі наіўнымі блакітнымі вачыма! А яна, ужо дзяўчына-падлетак, смяялася над ягонымі рамантычнымі ўяўленнямі: каханне — гэта ж не вайна, у ім аблога вядзецца толькі поглядамі, словамі, кветкамі... А я не варожая крэпасць, любенькі.
І ён крыўдзіўся і ўцякаў на стромы бераг рэчкі... І зноў вяртаўся — з кветкамі.