Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Анэля схавала б яго, вядома. Яму так трэба хаця б адну ноч правесці ў цяпле, высушыць адзежу... Выпіць гарачай гарбаты... Ён апошнія дні не мог нават дазволіць сабе распаліць вогнішча — па ўсіх дарогах раз’язджалі вартавыя, відаць, наведзеныя на ягоны след мужыкамі з той вёскі, куды ён зайшоў, каб купіць кавалак хлеба. А мог бы адабраць — у яго, нягледзячы на тое, што гэта была смяротная небяспека і, магчыма, проста глупства,— за поясам пад світкай быў пісталет з адным набоем. Андрусь проста не змог прымусіць сябе застацца бяззбройным — гэта значыла ўсё роўна як прызнаць сябе пераможаным. Пакуль у яго ёсць зброя — ён ваяр і паўстанне жыве.
Андрусь думаў абмінуць дарагія сэрцу мясціны. І нават сам не заўважыў, як скіраваўся менавіта ў той бок — нібыта яго вёў істынкт зацкаванага звера. У свой дом? Гэта немагчыма — вядома, ворагі чакаюць менавіта там. Не пакінулі яны без увагі і дом ягонай нявесты. З-за гэтай небяспекі Андрусь апошнія два гады нават не меў ніякага ліставання з блізкімі. Але ёсць, ёсць надзейнае сховішча — там, дзе ніхто не здагадаецца яго шукаць. І нават сам Андрусь раней не падумаў бы, што памкнецца да гэтага чалавека.
Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе — з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат — усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні — сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад’ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,— сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага — Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць,— і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята... Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы — відаць, спрабавала разняць ваяроў,— і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіне-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы...
Убачыўшы, што гэты прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек заходзіць у дом, Андрусь зразумеў — гэта ўсё... Цяпер галоўнае — адвесці падазрэнні ад гаспадароў. Схавацца? Першаму пайсці насустрач і здацца, не пакідаючы за сабой няёмкасці вобыску, выкрыцця, арышту?
Анэля сустрэла гасцей у вітальні, відаць, прымала віншаванні, спадзеючыся надаўжэй затрымаць. Урэшце яна вярнулася да кампаніі, дзе кожны спрабаваў захаваць вясёлы выгляд, і ад гэтага гурт выглядаў страшнавата. Дзяўчына трымала ў руках прыгожы пакуначак, перавязаны атласнай ружовай стужкай, але здавалася, пальцы яе здранцвелі і вось-вось выпусцяць ношку на падлогу. Валянцін са шчырай усмешкай прывітаўся з усімі, ніяк не вылучаючы Андруся, прадставіў двух афіцэраў, што прыехалі з ім, пажартаваў, вельмі зграбна і разумна — Андрусь так ніколі не ўмеў, і сышоў, пацалаваўшы Анэлі руку.
Андрусь адчуў гарачую сімпатыю да былога сябра — як бывае заўсёды ў сумленных людзей, калі нехта, пра каго думалася кепска, аказваецца лепшым. Валянцін быў не з тых, хто служыць за грошы ці прывілеі,— ён сапраўды верыў у тое, што абараняў, і ніколі не хаваў сваіх поглядаў, што і паслужыла калісьці канчатковаму ахаладжэнню іх сяброўства. Тое, што ён не выдаў Андруся, быў сапраўды высакародны ўчынак, варты павагі. Асаблівае ўражанне на хлопца зрабіла ўмоўніцкая вясёлая ўсмешка, якую Валянцін адрасаваў яму на развітанне. Бедная Анэля тады пералякалася мацней за ўсіх — Андрусь дарэмна спрабаваў яе суцешыць. На развітанне яна горача прашаптала яму: «Як запаліцца першая зорка, чакай мяне ў нашай альтанцы, на беразе рэчкі...»