Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
І ён чакаў, хвалюючыся, як быццам ад гэтага спаткання залежала яго вечнае жыццё. А зоркі запальваліся адна за адной, а яна ўсё не ішла... Нарэшце гнуткая постаць, уся захутаная ў белае, ірванулася да яго з чаромхавага прыцемку, і горка-салодкімі, як ягады чаромхі, былі яе пацалункі, бо слёзы каціліся па яе шчоках, так што яму было нават няёмка — ён жа яшчэ жывы... А яна нібыта развітвалася назаўсёды. Бо толькі адчай, напэўна, змусіў яго шэравокую каралеўну шапнуць яму: «Няхай гэта будзе наша шлюбная ноч!» Вядома, было б з яго боку высакародна і разумна — супакоіць яе, сысці самому, утрымацца на той мяжы, за якой пачынаецца незваротнасць і вар’яцтва... Але ён быў усяго толькі чалавек, і ён так кахаў, што яго рукі дрыжэлі ад нясцерпнага жалю і цягі да яе. І калі гэта было вар’яцтва — ён быў гатовы назаўсёды адпрэчыць розум.
А потым яны плавалі ў месяцовай вадзе, і нават вада не магла астудзіць агню пацалункаў, і сысці было горш, чым памерці... Але ён не збіраўся паміраць — ён мусіў перамагчы і вярнуцца.
Вярнуўся... Кашаль разрываў грудзі. Але Андрусь ужо вырашыў, пад чыім дахам правядзе наступную ноч,— ён пойдзе да Валянціна. Не можа быць, каб чалавек за два гады зусім змяніўся,— не выдаў тады, не павінен і цяпер. Тым больш Андрусь хворы, змучаны, а Валянцін — высакародны чалавек. І нічым не рызыкуе — бо па-за ўсялякімі падазрэннямі.
Запіска, перададзеная праз хлопчыка з дворні, не доўга заставалася без адказу. Прыблізна праз гадзіну Андрусь ужо ляжаў у цёплым сухім ложку і правальваўся ў глыбокі, як магіла, сон. Яму не давялося выслухваць пытанні, нешта тлумачыць, не сустрэў ён ні насцярогі, ні варожасці. Вядома, на гасціннасць разлічваць таксама не выпадала. Валянцін нібыта не здзівіўся, успрыняў з’яўленне аброслага, змэнчанага ўцекача годна, па-мужчынску. І Андрусь быў рады, што прыйшоў сюды. Апошняя яго думка, перад тым як заснуць, была пра Анэлю. Яна недзе побач — ён адчувае. Раніцай ён абавязкова даведаецца пра яе, магчыма — перашле вестку... А можа — убачыць?! Гэта было б проста неверагодным шчасцем!
Калі ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой мілы твар у залатой кароне кос, то падумаў — трызненне... Толькі дотык прахалоднай вузкай далонькі да ягонага лба пацвердзіў: не сон... Андрусь схапіў дзівосны прывід за плечы: Анэля... Ён быў такі шчаслівы, што нават не ўсвядоміў, як яна змянілася, як схуднела, нібыта згасла.
— Зараз тут будуць жандары.
Ён не мог уразумець сэнсу слоў.
Яна цярпліва, глухаватым ад безнадзейнасці голасам паўтарыла:
— Цябе зараз арыштуюць. Нашто ты сюды прыйшоў?
Андрусь хацеў прытуліць яе да сябе, але яна адхінулася. Мілая баязліўка!
— Анэля! Не бойся, Валянцін не такі... Ён не выдасць. Які ж ён малайчына, што паслаў па цябе!
Анэля неяк дзіўна засмяялася:
— Па мяне не пасылалі. Я тут жыву.
— Жывеш? Чаму?
Прадчуванне чагосьці непапраўнага варухнулася болем, але Андрусь адагнаў здрадлівае адчуванне — яшчэ крыху падоўжыць шчасце...
— Памятаеш, тады, калі ты прыйшоў на мой дзень народзінаў... Валянцін ведаў, што ты мусіш наведаць мяне. Жандары прыходзілі па тваю душу.
— Але ж Валянцін...
Анэля спыніла яго:
— Ён затрымаў мяне ў вітальні і сказаў, што мае загад цябе арыштаваць. І ёсць толькі адзіны спосаб цябе выратаваць — я павінна даць слова гонару, што стану ягонай жонкай.
Андрусь схаладнеў, а думаў, што халадней, чым у той лагчавіне, яму ўжо ніколі не будзе.
— І ты...
— Я — жонка Валянціна. Ён стрымаў сваё слова. Я — сваё...
Як балюча... Андрусь зайшоўся ў прыступе кашлю, і Анэля кінулася падаць яму цёплае пітво на зёлках, што стаяла на тумбачцы ў галавах ложка. Эгаістычнае пытанне пакінутага мужчыны, ад якога самому стала сорамна.
— Ты... шчаслівая?
— Паглядзі на мяне.— Андрусь зірнуў у яе шэрыя вочы, абведзеныя чорнымі ценямі, і аж скалануўся ад вострага жалю.
Ён схапіў жанчыну ў абдоймы, цалаваў яе валасы, бровы, мілы, каханы тварык — і яна нібы прачыналася ад страшнага сну.
— Ты павінна сысці ад яго! Не думай больш пра мой лёс! Мая воля і жыццё не вартыя тваёй пакуты, любая, бо яна — і мая стакроць! І не забывай, я — вой!
Анэля захінула твар рукамі, і Андрусь пачаў цалаваць яе тонкія пальцы, асушваць вуснамі слёзы, што каціліся па іх...
— Сысці... Не было дня, каб я не марыла пра гэта... Бацькі з радасцю прынялі б мяне назад. Не падумай, што ён мяне мучыць. Ён па-свойму добры чалавек і кахае мяне... Па-свойму... «Сцерпіцца-злюбіцца...» Якая лухта! Гэткі прыгажун, асілак, павятовыя паненкі млеюць, а пагладзіць па скуры — дрыжыкі агіды. Быццам датыкаецца жаба. Але я дала слова гонару.