Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 153
Перейти на страницу:

– Так, – Алесь матлянуў галавою. – І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною... Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.

– Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна... Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць... Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!

Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.

– Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, – сказаў Алесь.

– Паглядзім, – сказаў Кастусь. – Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.

Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі – высока над сталом – сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.

Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?

А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.

“Таксама яшчэ... выкапень. Проста “сей остальной из стаи славной екатерининских орлов”. Нібы закансервавалі яго тут. І нá табе яшчэ, разглядае”.

Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.

– Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?

– Кастусь... Сымонаў сын... Каліноўскі.

– Дваранін? – спытаў дзед.

– Цяпер зноў дваранін, – сказаў Кастусь.

– Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?

– Пры такім урадзе, як наш, усё можна, – зрабіў Кастусь першы выпад. – Сёння чалавек – смецце, заўтра – дваранін, паслязаўтра – зноў смецце.

Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.

– Гм... Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?

– Магу!

Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.

– У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.

– І няблага зрабіў, – сказаў Вежа.

– Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.

– Як жа клікалі яго высакароднасць?

– Мацеем... А далей пачалі жыць так. Што праўда – у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць “справу”, але з голаду здыхаць – таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю “справу”. Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: “споспешествовал промыслам в крае”. Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.

Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.

– Пяўся, як вол у баразне, – казаў далей Кастусь. – Дзіва што! Такая сям’я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.

– Вядома, – зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. – Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны... А што, палатніну выраблялі простую?

– І простую, і чынаватую, і клятчастую. Але ўсё ледзь не пайшло макам. Выручыла лібаўская філія данцыгскай фірмы “Ленке і Берг”. У іх на палатніну заўсёды попыт, а ў нашым пасведчанні сказана, што нашы сурвэткі і абрусы не горшыя, а чынаватае палатно лепшае за замежнае.

– Спадобіўся пан Сымон, – сказаў Вежа.

– Спадобіўся, ды не дужа, – сказаў Кастусь. – Бо якраз памерла маці.

– Ты яе памятаеш? – спытаў Алесь.

1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)