Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
– Слухай, – сказаў Алесь, – чаму ты апошнія два дні сумны?
– Ты не думай, братка, – пасля паўзы сказаў Каліноўскі. – Мне добра ў вас, хаця i нязвыкла, бо танцуюць вакол цябе i Логвін, i Кірдун з жонкай, i Карп з Анежкай, i Кандраці, i іншыя.
– То што?
– Скажы, табе ніколі не было дрэнна ад думкі, што на цябе працуюць многія тысячы людзей? Калі пасяліць у адно месца, атрымаўся б вялізны горад. А вас шэсць чалавек...
– Мне тут пакуль нічога не належыць... А хатнія – людзі традыцыі, хаця i разумеюць неабходнасць змен, – стрымана сказаў Алесь. – На зборні, чатыры, здаецца, гады назад, падалі галасы за скасаванне прыгону.
– Ну, а ты сам як думаеш?
– Калі буду гаспадаром – гэтыя людзі атрымаюць волю. У гэтым маё слова. Ведаю, можа, мне нават i хрыбціну зломяць. Але іначай нельга.
Над галовамі ў хлопцаў ляцелі на гарадзішча, нібы штурмуючы яго, сонечныя, сляпуча белыя аблокі.
... Уначы, калі хлопцы ўжо ляжалі ў cвaix ложках, да ix прыйшоў на хвіліну стары Вежа. Сеў на краёчак Кастусёвага ложка, уважна глядзеў на госця.
– Ну як табе тут?
– Мне тут добра.
– Слухай, Кастусь, магу табе прапанаваць сёе-тое.
– Але.
– Пачакай да універсітэта тут. Разам з Алесем налета паедзеце. А гэты час будзеш вучыць дзяцей у маёй вясковай школе. I падзаробіш за год на два гады, каб па ўроках не бегаць... Га?
Кастусь адмоўна пахітаў галавою.
– Не. Я разумею вас, пан Вежа. I я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Мне трэба потым цягнуць братоў. I да таго ж...
Ён замяўся.
– I да таго ж, мне трэба хутчэй вывучыцца. Я не маю права рызыкаваць яшчэ адным годам.
– Я ведаю, ты ніколі не возьмеш ад мяне грошай.
– Ніколі, – сказаў Кастусь.
– То i дурань. Падзарабіў бы. А то будзеш сядзець на каве з хлебам.
Мускулы на шчоках у Кастуся абцягнуўся скурай.
– Кaвa i хлеб, – сказаў ён. – Вада i хлеб. Кроў i хлеб.
– Ну, гэтай дарогай мала каму дадзена icцi.
Кастусь упарта паматаў галавою.
– А калі дадзена, дык нельга збочваць. Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы... I таму варта жыць і сутыкацца з ворагам. Хутчэй.
– Што ж, – сказаў Вежа. – Бадай што, маеш рацыю...
Вежа пайшоў. Хлопцы ляжалі i моўчкі слухалі свежы шолах паркавай лістоты. Спаць не хацелася. Быў самы лепшы час для размовы.
– Кастусь, што ты такімі вачыма сёння на Галінку Кахнову глядзеў?
– Прыгожая, – пасля паўзы адказаў Каліноўскі.
– Закахаўся, бядак?
Кастусь маўчаў. Потым уздыхнуў.
– Не. Я-то ўлюбчывы. Я нават вельмі ўлюбчывы. Але я, відаць, не маю права. Жыццё не маё.
– Як гэта не тваё?
– А так. Звычайна ў людзей так. Першае – гэта я, другое – сям'я, родны дом, трэцяе – родны горад, чацвёртае – родная краіна, пятае – родная Зямля, роднае Чалавецтва. І кожны любіць сам сябе, амаль усе –
сям'ю, большасць – родны горад, частка – радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па–сапраўднаму, а не на словах...
Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.
– Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам – больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё – для краіны i чалавецтва.
– I ты хочаш быць такім?
– Буду вельмі старацца... Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?
У цемры блішчалі ягоныя вочы.
– Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.
Стукнуў сябе кулаком у грудзі.
– Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу... А я ўсё гэта люблю...
Шапацела лістота. Быццам тысячы тысяч уздыхаў ляцелі ў адчыненае акно.
– Нельга больш. Нельга больш. Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую.
– Я таксама даўно пра гэта думаю, – сказаў Алесь. – Зброяй трэба нарадзіць павагу да сябе i да мужыка. I волю нарадзіць таксама – зброяй. Я гаварыў пра гэта з сябрамі.
– 3 Мсціславам?
– I з iм.
– Мсціслаў – харошы хлопец. Ён мне спадабаўся. I Майка твая мне спадабалася. Але як табе з ёю быць, калі справа дойдзе да зброі?
– Не ведаю.
– А хто яшчэ?
– У нас у гімназіі ёсць суполка. “Братэрства шыпшыны i чартапалоху”. Праўда, амаль дзіцячая яшчэ выдумка. Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Усяслаў Грыма, Мацей Біскуповіч i я.