Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 153
Перейти на страницу:

Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.

– Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, – не ўздымаючы павек, сказаў дзед. – Што ў цябе там?

Алесь падаў яму ліст.

Стары пан расплюшчыў вочы.

– Твой Кастусь, – сказаў ён. – Ты даеш мне, каб я прачытаў?

– Так.

Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.

– У яго добры, роўны почырк, – сказаў ён. – Ён часам не з “памяркоўных і акуратных”?

Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы “двухгаловая курыца”, і ён усміхнуўся.

– Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?

Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.

– Пячаць, – сказаў ён.

– Пячаць, – перадражніў дзед. – Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.

Дачытаў да канца.

– З небагатых, – сказаў ён.

– Я казаў вам гэта, дзядуля.

– Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?

– Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.

– Нашто ты паказаў мне гэта?

– Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.

– Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.

Ён працягнуў руку па цыгарку.

– Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence[71].

Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.

Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з’явіўся ў дзвярах нечакана.

– Што, – спытаў Вежа, – нікога больш не было?

– Я быў бліжэй за ўсіх, – сказаў Кандраці.

Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.

– Слухай, малочны брат, – сказаў Вежа. – Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.

– Вельмі трэба, – буркнуў Кандраці.

– Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты – брат і наглядчык лясоў. Твая жонка – другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.

– Ды ўжо, – сказаў Кандраці. – Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!

Дзед асекся.

– Што трэба пану брату Данілу?

– Тройку для паніча, – сказаў дзед. – Зараз.

Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.

– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я вам гэтага ніколі не забуду.

– Не варта падзякі, – сказаў дзед. – Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.

– Я разумею…

Вежа ўздыхнуў.

– Сёння якое?

– Дзевятае.

– Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.

– Тады лепей вярхом.

Дзед памаўчаў.

– Так што хапай яго на “яме” і цягні сюды. Перадай: не прыедзе – табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.

…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.

Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.

Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.

Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне – і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.

Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.

Гэта былі руіны “моста на крыві”, на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.

А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці “свайго” Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.

вернуться

71

Але трэба таксама мець хаця трошкі розуму (франц.).

1 ... 116 117 118 119 120 121 122 123 124 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)