Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 153
Перейти на страницу:

Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з’ехаў з глузду. Ён выклікаў “рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў” да сябе, і там, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, адбылася бурная размова з высвятленнем адносін і тлумачэннямі, спачатку толькі Гедымінавымі, а потым узаемнымі. Гедыміна ледзь не хапіў удар.

Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.

…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін “хрысціяніна”. Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.

– Ён кіраваў, як сапраўдны ўладар, ён жыў, як чалавек, ён любіў супругу, як хрысціянін… А адыходзіў да продкаў, – Гедымін зрабіў разгублены жэст рукамі, – як нібыта сумясціўшы ў сваім апошнім слове ўсе свае якасці. Я не пабаюся нават сказаць іпастасі. Слухайце гэтыя словы… На ложы смерці ён сказаў сыну і спадкаемцу свайму… “Служы Расіі, сын мой! Я хацеў узяць на свае плечы ўсе цяжкасці, каб пакінуць табе вялікую дзяржаву, спакойную, упарадкаваную, шчаслівую. Але вышэйшая воля меркавала іначай”.

Гедымін паклаў руку на горла.

– Ён ляжаў на сваім простым ложы, накрыты салдацкім плашчом… Вы ведаеце, ён заўсёды спаў, як просты воін. Ён усё жыццё не накрываўся нічым іншым. І гэты плашч увойдзе ў гісторыю нароўні – не, вышэй! – з трывуголкай Напалеона, з ягоным шэрым паходным сурдутам, з простым кіем вялікага Пятра, з сядлом пад галавою Святаслава… Плашч… простага… салдата!

Рыданне раздзерла горла настаўніка.

– І ён сказаў сыну свае апошнія словы… “Вучыся паміраць…” – Гедымін зрабіў доўгую паўзу. – Вы чуеце гэтыя словы?! Гісторыя запіша іх на свае скрыжалі!.. “Вы-чы-ся па-мі-раць!”, “Вучыцеся паміраць” – вось які апошні запавет ён пакінуў нам, панове.

Слёзы тачыліся праз карцінна прыціснутыя да аблічча рукі настаўніка…

Тры месяцы прайшло з таго часу. Далёка ад паўночнай магілы “чалавека і хрысціяніна”, не даходзячы да яе нават водгуллем, густа-густа падалі бомбы на бухту, магілу флоту, і горад, магілу велічы.

І яшчэ на шматлікія магілы людзей.

Бо нехта вучыў паміраць, а не жыць.

Аддалі Малахаў курган. Пайшлі з Севастопаля.

Расплаціліся за ўсе дзесяцігоддзі, у якія распіналі ўсё як ёсць маладое, смелае, годнае.

А, між тым, апошніх слоў імператара, за якія так распіналіся тысячы гедымінаў, зусім не было. Іх прыдумалі потым, каб людзі вучыліся гінуць, не наракаючы.

XXVIII

У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы.

“Дружа, – пісаў Каліноўскі. – Я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою, ды толькі ведаю: немагчыма. Трохі-трохі падзарабіў, атрымаў у начальніка губерні пашпарт і падарожную за нумарам пяцьдзесят шостым. А ў ёй – усё. Двухгаловая курыца, рубель срэбрам гербавых зносаў, прыкметы (аблічча – авальнае, цяжкае, год – семнаццаць, рост – сярэдні, валасы – цёмна-русыя, бровы – чорныя, вочы – сінія, нос і рот – памяркоўныя, трохі велікаватыя, падбародак – звычайны, – распісалі, хоць ты на Ветку, да раскольнікаў, уцячы, і то знойдуць). Такая лухта! Пачынаецца падарожная, як выявілася, словамі: “Па ўказу яго Вялікасці гасудара імператара Аляксандра Мікалаевіча…” Аж во як! Нібыта кожнага з падарожных ляпае па плячы: “Едзь, братка, шчаслівай табе падарожы”.

Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць.

Падарожжа, пакуль тое, падабаецца. Едзеш сабе, ні аб чым не думаеш, званок не звініць, наперадзе – воля, бачыш людзей і іншыя мясціны.

Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім – дакладна не лічыў – вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз. І дорага. Мне прагонных за два кані з правадніком выпала нешта каля сямі рублёў, табе будзе – у два канцы – рублі два з паловаю. Чаго ўжо тут. Дык ты ў гэты час проста падумай, што я блізка, і я абавязкова адчую.

А калі скончыш на будучы год гімназію – што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое – едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін”.

Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.

1 ... 115 116 117 118 119 120 121 122 123 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)