Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 153
Перейти на страницу:

Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.

Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.

Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.

Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.

– А нядрэнна мы ўхапілі, – сказаў Кастусь.

– Гэта яшчэ мала, – Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. – Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.

– Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.

– Нішто, – сказаў Алесь. – Зараз дойдзем да гарадзішча – адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.

– Як гэта няма куды? – спытаў Кастусь.

I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.

– Зручна, – сказаў Кастусь. – Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.

– Тут ix няма, – сказаў Алесь. – Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.

– Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, – выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.

– А што табе гэты Аляксашка?

– А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.

І дадаў:

– Падбароддзе ў яго бязвольнае. А бязвольныя людзі – ох, якія яны часта бываюць упартыя ды злосныя! На кожным сваім капрызе могуць суседу вязы скруціць. Нібы даводзіць, што i ў яго цвёрдасць ёсць.

Кастусь баўтануў нагамі ў вадзе.

– Справядлівасці, відаць, i тут не будзе. У нас, наогул, справядлівасць гэтую своеасабліва разумеюць. Чорнага iмя Сямашка-біскуп сам унію кінуў i сілком пачаў паству ў праваслаўе гнаць. Тут ужо ўсё, што хочаш, бывае: i страшнае, i смешнае. Смех у нас, вядома, таксама не дай бог! У пятлю хочацца ад такога смеху. То рэжуць людзям бароды, а з тых, хто не хоча, мыт за бараду бяруць. А тут прымусілі ўніяцкіх былых папоў бароды гадаваць ды вопратку мяняць. Усе забарадзелі, як казлы. І тут Сямашку данос: поп такой i такой вёскi барады назнарок не хоча адпускаць, а значыць, i надалей перабывае ў гнюснай epaci, такі ён i гэтакі. Марыць аб аўтакефаліі беларускай царквы, спіць i бачыць, каб гасудар ухайдокаўся... Папа туды, папа сюды, папа на допыт... “Што, быдла, зламысныя ідэі ў чорным сэрцы гадуеш?! Аўтакефаліі захацеў?! А ў манастыр на хлеб i ваду?!” I, галоўнае, ён, халера, ні ў чым не прызнаецца. Некалькі месяцаў цягалі. Ледзь сапраўды за краты не трапіў. Ужо i прадпісанне было. I толькі потым выявілася, што барада ў папа ад прыроды не расце.

Яны шырока разгарнулі крыгу i падставілі яе пад куст, заліты вадою. Алесь спінаю, каб вачэй не папсаваць, палез у хмыз i пачаў боўтаць у iм нагамі. Праз хвіліну Кастусь смыкнуў за вяровачку, i крылы самкнуліся. Загорскі падскочыў да сябра i памог яму ўзняць крыгу над вадой. У ёй ляжаў, відаць самлеўшы ад жаху, даволі вялікі шчупак, а побач з iм калаціліся тры цьмяна-залатыя ліны.

Ставячы раз-пораз крыгу, яны павольна пасоўваліся да гарадзішча.

– I чаму гэта, братка, так? Звычайная рыба доўга, мужна, я б сказаў, трымаецца, а шчупак, вялікі, моцны, драпежны, як выцягнеш яго з вады, так i самлее, – сказаў Кастусь.

– Я думаю, звычайная рыба, яна – працавік. Жыве сабе, б'ецца, “штодзённы” свой цяжка зарабляе. А гэты – хапун, аспід драпежны. Злы чалавек не бывае мужны. Так i тут. Пострах ракі, а на расплату, як ва ўcix такіх, кішка тонкая.

Кастусь вырваў з вады крыгу, i ў струменях плыўкага срэбра яны ўбачылі яшчэ аднаго нерухомага шчупака i зарагаталі...

... Калі яны паселі ля падножжа вялізнага гарадзішча i расклалі сушыць вопратку, Кастусь, абводзячы шырокімі вачыма мора кветак у вадзе, сказаў:

– Ну i зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць i скубуць, душаць i душаць.

– Гэта праўда, – сказаў Алесь.

Каліноўскі лёг на жывот i глядзеў цяпер на гіганцкую ўсечаную піраміду гарадзішча, на сляды равоў, на закляклыя схілы, на якіх шумела трава, на самотны дубок, што неяк прымасціўся на краёчку верхняй пляцоўкі, здабываў карэннямі бедны пакорм з цвёрдай, як камень, зямлі.

– Трымаемся, як той унь дубок, – сказаў Кастусь. – На руінах.

1 ... 121 122 123 124 125 126 127 128 129 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)