Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Гэтыя словы яшчэ гучалі ў вушах у Інэша, і па меры таго, як іх сэнс усё болей даходзіў да яго, ён адчуваў сябе ўсё менш ізаляваным і адчужаным. Да гэтага часу ён лічыў сябе толькі гледачом. Нават пратэстуючы супраць далейшых уваскрашэнняў, Інэш дзейнічаў як незацікаўленая асоба, што назірае драму збоку, але не ўдзельнічае ў ёй. Толькі цяпер ён з гранічнай яснасцю зразумеў, чаму ён заўсёды ўступаў і ў канчатковым выніку згаджаўся з іншымі. Вяртаючыся ў мінулае, да сама далёкіх дзён, цяпер ён бачыў, што ніколі па-сапраўднаму не лічыў сябе ўдзельнікам захопу новых планет і знішчэння чужых рас. Ён проста прысутнічаў пры гэтым, раздумваў, разважаў пра жыццё, якое не мела для яго значэння. Цяпер гэтае паняцце канкрэтызавалася.
Ён болей не мог, не хацеў працівіцца магутнай хвалі пачуццяў, якія яго захліснулі. Цяпер ён думаў і адчуваў заадно з неабдымнай масай гэнейцаў. Усе сілы і ўсе жаданні расы бушавалі ў яго крыві.
— Слухай, двухногі! — зароў ён. — Калі ты спадзяешся ажывіць сваё мёртвае племя — пакінь гэту надзею!
Чалавек паглядзеў на яго, але змоўчаў.
— Калі б ты мог нас усіх знішчыць, — працягваў Інэш, — то даўно знішчыў бы. Ды ўся справа ў тым, што ў цябе не хапае сілы. Наш карабель пабудаваны так, што на ім немагчымая ніякая ланцуговая рэакцыя. Усякай часцінцы патэнцыяльна актыўнай матэрыі супрацьстаіць антычасцінка, якая не дапускае ўтварэння крытычных мас. Ты можаш зрабіць выбухі ў нашых рухавіках, але гэтыя выбухі застануцца таксама ізаляванымі, а іх энергія будзе эвернута на тое, для чаго рухавікі прызначаны, — пераўтворыцца ў рух.
Інэш адчуў дотык Ёала.
— Пасцеражыся! — шапнуў гісторык. — У гарачцы ты можаш выбалбатаць адзін з нашых сакрэтаў.
Інэш строс яго шчупальцы і злосна агрызнуўся:
— Хопіць наіўнічаць! Гэтай пачвары дастаткова было зірнуць на нашы целы, каб разгадаць амаль усе тайны нашай расы. Трэба быць дурнем, каб думаць, быццам яна яшчэ не ўзважыла сваіх і нашых магчымасцей у гэтай сітуацыі.
— Інэш! — зароў капітан Горсід.
Пачуўшы металічныя ноткі ў яго голасе, Інэш адступіў і адказаў:
— Слухаюся.
Яго лютасць астыла гэтак хутка, як і ўспыхнула.
— Мне здаецца, — працягваў капітан Горсід, — я здагадваюся, што вы меліся сказаць. Я цалкам з вамі згодзен, але як найвышэйшы прадстаўнік улады Гэйны лічу сваім абавязкам прад'явіць ультыматум.
Ён павярнуўся. Яго рагатае цела навісла над чалавекам.
— Ты адважыўся вымавіць словы, якім няма даравання. Ты сказаў, што вы паспрабуеце абмежаваць рух вялікага духу Гэйны.
— Не духу, — перапыніў яго чалавек. Ён ціхенька рассмяяўся. — Зусім не духу!
Капітан Горсід пакінуў без увагі яго словы.
— Таму, — працягваў ён, — у нас няма выбару. Мы лічым, што з часам, сабраўшы неабходныя матэрыялы і вырабіўшы адпаведныя інструменты, ты здолееш пабудаваць уваскрашальнік. Паводле нашых разлікаў, на гэта спатрэбіцца сама меней два гады, нават калі ты ведаеш усё. Гэта незвычайна складаны апарат, і сабраць яго адзінаму прадстаўніку расы, якая адмовілася ад машын за тысячагоддзе да таго, як была знішчана, будзе вельмі і вельмі няпроста.
Ты не паспееш пабудаваць зоркалёт. І мы не дамо табе часу сабраць уваскрашальнік. Магчыма, ты зможаш прадухіліць выбухі на нейкай адлегласці вакол сябе. Тады мы паляцім да іншых мацярыкоў. Калі ты перашкодзіш і там, значыць, нам спатрэбіцца дапамога. Праз шэсць месяцаў палёту з найвышэйшым паскарэннем мы дасягнем кропкі, адкуль бліжэйшыя каланізаваныя гэнейцамі планеты пачуюць наш заклік. Яны пашлюць вялізны флот: яму не змогуць супрацьстаяць усе твае сілы. Скідаючы па сотні або па тысячы бомбаў у хвіліну, мы знішчым усе гарады, так што ад шкілетаў твайго народа не застанецца нават пылу.
Такі наш план. І гэтак яно і будзе. А цяпер рабі з намі што хочаш — мы ў тваёй уладзе.
Чалавек паківаў галавой.
— Пакуль я нічога не буду рабіць, — сказаў ён і падкрэсліў: — Пакуль нічога.
Памаўчаўшы, дадаў задумліва:
— Вы разважаеце лагічна. Вельмі. Зразумела, я не ўсемагутны, але мне здаецца, вы забыліся пра адну маленькую дэталь. Якую, не скажу. А цяпер бывайце. Вяртайцеся на свой карабель і ляціце куды хочаце. У мяне яшчэ шмат спраў.