Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 150
Перейти на страницу:

— Магу я агледзець музей? Я павінен прыкінуць, у якой я эпосе. Калі я быў жывы, мы валодалі некаторымі сродкаю разбурэння. Які з іх быў прыменены — залежыць ад таго, колькі часу мінула.

Саветнікі глядзелі на капітана Горсіда. Той замяўся, потым загадаў ахоўніку з прамянёвай стрэльбай:

— Сачы за ім!

Потым зірнуў чалавеку ў вочы.

— Нам зразумелыя вашы намеры. Вам хочацца выкарыстаць становішча і забяспечыць сваю бяспеку. Хачу вас папярэдзіць: ніводнага лішняга руху, і тады ўсё кончыцца для вас добра.

Невядома, паверыў чалавек у гэтую ману ці не. Ні адным паглядам, ні адным жэстам не паказаў ён, што заўважыў аплаўленую падлогу там, дзе прамянёвая стрэльба спаліла і ператварыла ў нішто двух яго папярэднікаў. З цікаўнасцю падышоў ён да бліжэйшых дзвярэй, уважліва паглядзеў на другога ахоўніка, які сачыў за ім, і хутка накіраваўся далей. Следам прайшоў ахоўнік, за ім рушыў сілавы экран і, нарэшце, усе саветнікі адзін за адным.

Інэш пераступіў парог трэці. У гэтай зале былі выстаўлены мадэлі жывёл. Наступная прадстаўляла, эпоху, якую Інэш для прастаты назваў сам сабе «цывілізаванай». Тут захоўвалася мноства апаратаў аднаго перыяду. Усе яны гаварылі пра досыць высокі ўзровень развіцця. Калі гэнейцы праходзілі тут першы раз, Інэш падумаў: «Атамная энергія». Гэта ж зразумелі і іншыя. Капітан Горсід з-за яго спіны звярнуўся да чалавека:

— Нічога не чапаць. Адзін няправільны крок — і ахоўнік спаліць вас.

Чалавек спакойна спыніўся пасярод залы. Нягледзячы на пачуццё трывожнай цікаўнасці, Інэш залюбаваўся яго самавалоданнем. Ён павінен быў разумець, які лёс яго чакае, і ўсё-такі ён стаіць перад імі, пра штосьці глыбока задумаўшыся… Нарэшце чалавек упэўнена загаварыў:

— Далей ісці няма чаго. Можа, вам удасца вызначыць больш дакладна, які прамежак часу ляжыць паміж днём майго нараджэння і вось гэтымі машынамі. Вось апарат, які, калі меркаваць па табліцы, лічыць атамы, што ўзрываюцца. Калі іх лік дасягне мяжы, аўтаматычна выдзяляецца пэўная колькасць энергіі. Перыяды разлічаны так, каб прадухіліць ланцуговую рэакцыю. У мой час існавалі тысячы грубых прыстасаванняў для запавольвання атамнай рэакцыі, але для таго, каб стварыць такі апарат, спатрэбіліся дзве тысячы гадоў з пачатку атамнай эры. Вы можаце зрабіць параўнальны разлік?

Саветнікі запытальна глядзелі на Вііда. Інжынер быў разгублены. Нарэшце ён наважыўся і загаварыў:

— Дзевяць тысяч гадоў назад мы ведалі мноства спосабаў прадухіляць атамныя выбухі. Але, — дадаў ён ужо больш павольна, — я ніколі не чуў пра прыбор, які адлічвае для гэтага атамы.

— І ўсё ж яны загінулі, — прамармытаў ледзь чутна астраном Шуры.

Запанавала маўчанне. Яго перапыніў капітан Горсід:

— Забі пачвару! — загадаў ён бліжэйшаму ахоўніку.

У гэта імгненне ахоплены полымем ахоўнік рухнуў на падлогу. І не ахоўнік, а ахоўнікі! Усе адначасова былі змецены і паглынуты блакітным віхрам. Полымя лізнула сілавы экран, адскочыла, ірванулася яшчэ люцей і зноў адскочыла, разгараючыся ўсё ярчэй. Праз вогненную заслону Інэш убачыў, як чалавек адступіў да далёкіх дзвярэй. Апарат, што лічыць атамы, свяціўся ад напружання, ахутаны сінімі маланкамі.

— Пазачыняць усе выхады! — прабрахаў у мікрафон капітан Горсід. — Паставіць ахову з прамянёвымі стрэльбамі! Падвесці баявыя ракеты бліжэй і расстраляць пачвару з цяжкіх гармат!

Нехта сказаў:

— Думкавы кантроль. Нейкая сістэма кіравання думкай на адлегласці. Навошта толькі мы ў гэта ўблыталіся!

Яны адступалі. Сіняе полымя шугала да столі, спрабуючы прабіцца праз сілавы экран. Інэш апошні раз зірнуў на апарат. Мабыць, ён усё яшчэ працягваў адлічваць атамы, таму што навокал яго клубіліся пякельныя сінія віхры.

Разам з астатнімі саветнікамі Інэш дабраўся да залы, дзе стаяў уваскрашальнік. Тут іх прыкрыў другі сілавы экран. З палёгкай схаваліся яны ў індывідуальныя гандолы, вылецелі вонкі і паспешліва падняліся ў зоркалёт. Калі вялізны карабель узняўся ўгору, ад яго аддзялілася атамная бомба. Вогненная бездань раскрылася ўнізе над музеем і над усім горадам.

— А мы ж так і не даведаліся, чаму загінула раса гэтых істот, — прашаптаў Ёал на вуха Інэшу, калі грукат выбуху замёр удалечыні.

Бледна-жоўтае сонца паднялося над гарызонтам на трэцюю раніцу пасля выбуху бомбы. Пайшоў восьмы дзень іх жыцця на гэтай планеце. Інэш разам з астатнімі спусціўся ў новы горад. Ён вырашыў запрацівіцца ўсякай спробе рабіць уваскрашэнні.

— Як метэаролаг, — сказаў ён, — я абвяшчаю, што гэтая планета зусім бяспечная і прыдатная для гэнейскай каланізацыі. Не бачу ніякай неабходнасці яшчэ раз рызыкаваць. Гэтыя істоты праніклі ў тайны сваёй нервовай сістэмы, і мы не можам дапусціць…

1 ... 114 115 116 117 118 119 120 121 122 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)